Вы тут

На шляху інавацый


На пасяджэнні Савета Міністраў было разгледжана пытанне аб выніках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2011—2015 гады і праекце аналагічнай праграмы на 2016—2020 гады, паведамілі ў прэс-службе ўрада.


Гэты кірунак з'яўляецца знакавым і шмат у чым вызначальным для беларускай эканомікі. «Вынікі яго разгляду зададуць вектар для інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь на наступныя пяць гадоў», — падкрэсліў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Кіраўнік урада нагадаў, што галоўнай мэтай Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2016—2020 гады з'яўляецца забеспячэнне якаснага росту і павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі з канцэнтрацыяй рэсурсаў на фарміраванні высокатэхналагічных сектараў, што базуюцца на вытворчасцях пятага і шостага тэхналагічных парадкаў: ІT-сектар, высокадакладнае машынабудаванне, прыборабудаванне, мікраэлектроніка, фармацэўтыка, біятэхналогіі.

Як праінфармаваў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, у выніку выканання праектаў дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця на 2011 — 2015 гады ўведзена ў эксплуатацыю 191 новая вытворчасць (пры плане 194), з якіх выведзена на праектную магутнасць 112 (пры плане 116).

«У цэлым аб'ём інвестыцый, накіраваных на рэалізацыю праектаў праграмы, склаў каля 77 трлн рублёў, з іх толькі 11% — бюджэтныя сродкі», — паведаміў старшыня ДКНТ. Аб'ём вытворчасці інавацыйнай прадукцыі, створанай у выніку рэалізацыі праграмы, склаў больш за 107 трлн рублёў, ці каля траціны агульнага аб'ёму вырабленай у краіне інавацыйнай прадукцыі. Больш за 25% створанай у рамках праграмы прадукцыі пастаўлена на экспарт. «Пры тэрміне акупнасці праектаў ад 5 да 10 гадоў пасля іх выхаду на праектную магутнасць асноўны эканамічны эфект ад іх рэалізацыі будзе заўважны ў гэтай і будучай пяцігодках», — дадаў ён.

У выніку выканання праграмы ў Беларусі створана звыш 19 тыс. новых працоўных месцаў. Аб'ём экспарту высокатэхналагічнай навукаёмістай прадукцыі ў цэлым за пяць гадоў склаў больш за $37 млрд (146% ад плана).

«У той жа час трэба канстатаваць недасягненне асобных прагнозных мэтавых паказчыкаў праграмы, — працягнуў Аляксандр Шумілін. — Так, удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі склала 12,9% пры плане 20-21%, інавацыйна-актыўных арганізацый — 19% пры плане 40%».

Як паведаміў кіраўнік ДКНТ журналістам, на новую дзяржпраграму інавацыйнага развіцця плануецца скіраваць каля 160 трлн рублёў, з якіх толькі 8% — бюджэтныя сродкі. «Прадугледжваецца стварэнне венчурнай сістэмы фінансавання. Мы сёлета плануем стварыць венчурны фонд. А да 2020 года будзе два венчурныя фонды», — адзначыў ён.

Аляксандр Шумілін канстатаваў, што ў праграме закладзены толькі праекты з дабаўленай вартасцю на аднаго працоўнага не менш за 60 тыс. еўра. Пастаўлена заданне як мінімум за палову вырабленай прадукцыі паставіць на экспарт.

Плануецца развіваць медыцынскае прыборабудаванне, для гэтага будзе пабудаваны кластар пад Мінскам. Гаворка ідзе і пра стварэнне «Белбіяграда». «Будзем развіваць касмічныя тэхналогіі, інавацыйныя тэхналогіі ў радыёэлектроніцы, — расказаў Аляксандр Шумілін. — У новай праграме мы робім стаўку на развіццё інавацыйнай інфраструктуры, падтрымку тэхнапаркаў, стварэнне ўмоў для развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?