Вы тут

У Беларусь па настальгію і экалогію


Кітай і Мінская вобласць могуць супрацоўнічаць у турыстычнай сферы, лічыць старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён ШАПІРА. Пра гэта ён паведаміў журналістам рэспубліканскіх і рэгіянальных выданняў падчас выязной прэс-канферэнцыі ў Барысаве.


Да такой высновы губернатар прыйшоў пасля нядаўняга дзелавога візіту ў Кітайскую Народную Рэспубліку. «Кітайскія партнёры адзначаюць, напрыклад, якасць беларускага паветра і зацікаўленыя ў адпачынку ў нас», — сказаў Сямён Шапіра. Ён запэўніў, што цэнтральны рэгіён мае ўсе магчымасці для прыцягнення кітайскіх турыстаў, якія лічацца вельмі прывабнымі, бо кожны з іх у сярэднім пакідае 800 долараў у краіне наведвання.

Яшчэ адзін значны патэнцыял для развіцця турызму — беларускія карані многіх замежнікаў. Менавіта таму ў Беларусь прыязджае ўсё больш ізраільцян. Многія з іх звязаны з Мінскай вобласцю: хтосьці тут нарадзіўся, у некага жывуць сваякі. Шмат хто сумуе па мінулым. Чаму б гэтымі абставінамі не скарыстацца і не наладзіць так званы «настальгічны» турызм? Наогул, колькасць замежнікаў, ахвотных адпачыць у Беларусі, з кожным годам павялічваецца. Пра гэта сведчаць запоўненыя санаторыі, у тым ліку і Мінскай вобласці.

— Сфера турызму — перспектыўны напрамак, які трэба пастаянна развіваць, — лічыць Сямён Шапіра.

Магчымасці для гэтага на Міншчыне ёсць. На думку кіраўніка сталічнай вобласці, з гэтай мэтай неабходна будаваць больш аграсядзіб. У прыватнасці, у Нарачанскім краі нямала зямлі, якая выкарыстоўваецца неэфектыўна.

— Я папрасіў старшынь райвыканкамаў, каб на свабодных землях актыўней стваралі фермерскія гаспадаркі. У іх значны патэнцыял для наладжвання аграэкатурызму, — дадаў Сямён Шапіра.

Падчас візіту ў Кітай Сямён Шапіра разам з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалаем Снапковым і міністрам эканомікі Уладзімірам Зіноўскім прыняў удзел у сходзе акцыянераў кампаній, акрэдытаваных у Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Па яе выніках былі дасягнутыя дамоўленасці пра садзейнічанне кітайскіх партнёраў у прыцягненні інвестараў у развіццё беларуска-кітайскага праекта.

— Цяпер вырашаецца пытанне аб уваходжанні ў тэхнапарк 10 кампаній. А на працягу трох гадоў сюды мяркуецца прыцягнуць 100 суб'ектаў гаспадарання, — канстатаваў Сямён Шапіра.

У правінцыі Чжэцзян (кітайскім рэгіёне — пабраціме Мінскай вобласці) члены беларускай дэлегацыі правялі перамовы з уладальнікамі і кіраўнікамі аўтамабілебудаўнічай кампаніі Geely. Беларусы звярнуліся з просьбай павялічыць колькасць машынакамплектаў для адпраўкі сумеснаму закрытаму акцыянернаму таварыству «БелДжы», што ў Барысаве. Апроч іншага, у Кітаі быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Барысаўскім райвыканкамам і кітайскім горадам Німба.

Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік вобласці паведаміў таксама, што ў цэнтральным рэгіёне плануецца закрыць чатыры старыя свінагадоўчыя комплексы. У тым ліку ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Вішнявецкі-Агра» Стаўбцоўскага і аграгарадку Лошніца Барысаўскага раёнаў. «Для гэтага ёсць аб'ектыўныя падставы, — падкрэсліў ён. — Справа ў тым, што тут не ўдаецца атрымліваць канкурэнтаздольную прадукцыю. Прычына ва ўмовах ўтрымання і генетычным стане асноўнага статку. Расход кармавых адзінак на кілаграм прывагі тут большы, чым на сучасных комплексах. А кармы займаюць амаль 70% у структуры затрат на вытворчасць свініны. Як вынік, аптовы кошт яе ў тушках дасягае 42 тыс. рублёў за кілаграм».

На закрыццё комплексаў спатрэбіцца мінімум год. Разам з тым новыя жывёлагадоўчыя комплексы плануецца адкрыць у Дзяржынскім раёне, каля горада Жодзіна і паблізу Барысава.

lazovskaya@zviazda.by

Фо­та­ Яў­ге­на Пя­сец­ка­га

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».