Вы тут

Не дазволіць залезці ў душу


Учора ледзь не бягом бягу на працу, бо хвіліны застаюцца да прызначанай сустрэчы, як нехта гучна аклікае. Азіраюся і бачу жанчыну, не сказаць, каб зусім не знаёмую. Нашы дзеці некалі хадзілі ў садок у адну групу. Як завуць яе, ужо не памятаю. Прыяцелькамі не былі, перамаўляліся дзяжурнымі фразамі. Ветліва вітаюся ў адказ, а яна літаральна загароджвае дарогу: «Як муж? Як дзеці? Як вы наогул жывяце?» Не прыпыняючыся, абыходжу даволі карпулентную даму са словамі «Дзякуй, усё добра» і кіруюся ў бок працы. У яе неразуменне, абурэнне, пратэст адлюстроўваюцца на твары: як гэта я не спынілася і не выклала поўную справаздачу пра сваё жыццё! Відаць, для многіх знаёмая сітуацыя.


Сяброўка і суседка па дачы не перастае абурацца назойлівасцю суседзяў па лецішчы. Як толькі яна пачала ў доме рамонт, ад візіцёраў не адбіцца. Асобныя ў нетактоўнасці сваёй пераўзышлі астатніх і магчымыя рамкі прыстойнасці. Так, адна, асабліва цікаўная, выбрала момант, калі гаспадыні не было, а працаваў тынкоўшчык, увалілася ў хату, прайшлася па ўсіх пакоях, зазірнула нават у кладоўку, пацікавілася цэнамі на паслугі рабочага, пры гэтым бесперапынна каментуючы густ, магчымасці кашалька і паслядоўнасць дзеянняў гаспадыні. Пасля таго работнік атрымаў інструктаж і, як толькі прыязджаў, зачыняў брамку знутры. Калі ж на падворак прывозілі дошкі, шыфер альбо іншыя будаўнічыя матэрыялы, абавязкова падыходзіў другі сусед з пытаннямі, якая арганізацыя ажыццяўляе транспарціроўку, колькі што каштуе і ў якую суму абыдзецца чарговая рамонтная работа. Цярпенне Наталлі канчаткова лопнула пасля тэлефоннага званка дачкі былой гаспадыні, якая хату прадала. Былая спадчынніца заявіла, што хоча паглядзець, як абсталёўваюць дом. І паколькі яна дама гарадская з манерамі і выхаваннем, то аб сваім наведванні інфармуе загадзя. Тады гаспадыня цяперашняя сказала, што прамежкавых прэзентацый не праводзіць, а зробіць такую пасля завяршэння ўсіх відаў работ. Магчыма. Маўляў, чакайце запрашэння.

А паколькі ў вясковым доме работа ніколі не заканчваецца, то чакаць асабліва цікаўным, відавочна, давядзецца доўга. Абмяркоўваем гэта пытанне, седзячы ў яе двары на пнях, якія ўтварыліся пасля спілоўвання старых дрэў (дарэчы, колькі пілавалі, столькі сусед справа дакучаў хлопцам парадамі).

І прыходзім да высновы, што людзям часам варта прама альбо ўскосна ўказваць на тое, што іх цікаўнасць альбо назойлівасць не зусім да месца. Аднойчы гэта ў мяне атрымалася экспромтам.

Пасля нараджэння двойні з бальніцы я выпісалася не адразу і не з самым добрым самаадчуваннем, дабавіць сюды неспакойны нораў дзяцей, цалкам бяссонныя ночы (Маргарэт Тэтчэр добра апісала падобны стан псіхічнага напружання ў сваіх мемуарах), ну вы разумееце. І тут тэлефануе даўным-даўно былая калега і агарошвае паведамленнем, што яна хоча заўтра наведаць і павіншаваць з нараджэннем. Я не разгубілася: «Вядома, прыходзьце, будзем рады вас бачыць... праз год». Потым была доўгая паўза, нейкія дзяжурныя фразы. А той пасаж мне аж самой спадабаўся, я потым яшчэ разы два яго скарыстоўвала і сяброўкам раіла.

Чалавек тактоўны, выхаваны, а галоўнае, самадастатковы, ніколі не дазволіць сабе лезці ў душу другому. Асабліва калі пачуе ветліва-дыстанцыйнае «Дзякуй, усё добра». Ну а іншым, якія лезуць напралом (кшталту, а ты з кім цяпер жывеш, а чым займаюцца твае дзеці, а колькі ты зарабляеш), трэба гаварыць прама: «А ты тут прычым?», можна дадаць, што гэта ветлівая форма пытання «Якая вам справа?» Гераіня аднаго серыяла шквал цікаўнасці некаторых кумачак спыніла так: «У вас да мяне шмат пытанняў, а ў мяне да вас толькі адно: што вы мяркуеце рабіць са сваёй лішняй вагой?» Думаю, варта ўзяць на ўзбраенне, можа спрацаваць.

Неяк у сацыяльных сетках прачытала разважанні жанчыны-доктара пра традыцыю справаздач. Яна пісала, што перастала ездзіць на сустрэчы з аднакласнікамі і аднакурснікамі, бо яны апошнім часам ператвараюцца ў шэраг справаздач аб дасягненнях. Пачынаецца пералік кватэр, дамоў, машын, кар'ерных прыступак, хваляцца таксама жонкамі і мужамі (часам маладымі, эннымі па ліку), такое ўражанне, што ні пра што іншае людзі пагаварыць не ўмеюць. Ну не расказваць жа ёй у такой кампаніі, што летась яе ўразіла здольнасць пажылой пары пацыентаў падтрымліваць адно аднаго, альбо нядаўна парадаваў уласны сын-студэнт, які тайком ад яе ўладкаваўся на падпрацоўку і аплаціў халадзільнік, набыты ў крэдыт. А прымушаць даваць справаздачу, на яе думку, мае права толькі працадаўца, больш ніхто.

І сапраўды, калі на вуліцы цябе спыняюць з развязна-патрабавальным «Расказвай!», варта ўлічваць, што ты нікому нічога не павінен і не абавязаны. Тым больш выступаць са справаздачай.

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».