Вы тут

Супрацоўніцтва з канфесіямі пашыраецца


Супрацоўніцтва з канфесіямі пашыраецца

Праект БРСМ па добраўпарадкаванні храмаў выходзіць на міжканфесійны ўзровень, паведаміла сакратар ЦК маладзёжнай арганізацыі, каардынатар валанцёрскага руху «Добрае сэрца» Вікторыя Мянанава.

Раней БРСМ распачаў з Беларускай Праваслаўнай Царквой праект «Аднаўленне святынь Беларусі». Так, летась было добраўпарадкавана больш за 300 праваслаўных аб'ектаў. Цяпер жа абмяркоўваюцца сумесныя крокі па рэалізацыі такога праекта ўжо з усімі канфесіямі. Па словах Вікторыі Мянанавай, маладзёжная арганізацыя назапасіла дастаткова вопыту для гэтага і атрымала канкрэтныя вынікі. Валанцёры дапамагалі добраўпарадкаваць гістарычныя аб'екты ў рэгіёнах, а ў Мінску праводзілі такія работы на тэрыторыі храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Што датычыцца супрацоўніцтва ў гэтым кірунку з каталіцкай канфесіяй, дык такія канкрэтныя прыклады ўзаемадзеяння ёсць, у прыватнасці, па Гомельскай і Гродзенскай абласцях. Дагэтуль яны насілі лакальны характар, а сёлета было вырашана вывесці праект на рэспубліканскі ўзровень.


Рабіць, як падказвае добрае сэрца

У Жодзіне чарговы раз прайшла дабрачынная акцыя «Добрае сэрца», у якой узялі ўдзел каля 30 неабыякавых жыхароў горада.

Ідзе збор рэчаў.

— Па ініцыятыве нашага гарадскога райкама БРСМ яна ўпершыню стартавала пяць гадоў таму, а цяпер праводзіцца раз у квартал, — распавяла першы сакратар Таццяна Глушко. — Яе сутнасць у тым, што жыхары Жодзіна дапамагаюць збіраць рэчы для маламаёмасных грамадзян, шматдзетных сем'яў, іншых катэгорый, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Гэта, як правіла, посуд, абутак, цацкі, кнігі і іншае. Вядома, усё ў добрым стане, часта зусім новае. Сабранае мы перадаём у тэрытарыяльны цэнтр, дзе рэчы праходзяць санітарную апрацоўку перад тым, як знайсці новых гаспадароў.

Па словах Таццяны Глушко, у акцыях кожны раз прымае розная колькасць нераўнадушных людзей. Бывае, што і 50 чалавек. Прычым нярэдка адзін яе ўдзельнік прыносіць па тры-чатыры пакункі рэчаў, некаторыя прывозяць іх нават на машынах.


Тут жыве ветэран — пераможца ў вайне

У рамках акцыі Беларускага фонду міра актывісты раённай арганізацыі БРСМ Лагойскага раёна сустракаюцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і мацуюць да іх дамоў ці побач з кватэрай памятную таблічку «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!»

— Нядаўна такая таблічка з'явілася на доме Леаніда Дзмітрыевіча Кранцэвіча 1929 года нараджэння. Калі падчас вайны над яго вёскай навісла пагроза, 14-гадовы юнак пайшоў да партызанаў у брыгаду «Народныя мсціўцы». Пасля вайны ўсё жыццё адпрацаваў кіроўцам у «Сельгастэхніцы». Узнагароджаны ордэнам і медалямі, — расказала нам першы сакратар райкама БРСМ Ірына Краўчонак.

Памятная таблічка з'явілася і на жыллі Вольгі Васілеўны Васюковіч. У 17 гадоў яна пайшла ў партызанскі атрад «Жалязняк» на Бягомльшчыне. Была вязнем у Германіі. Пасля вайны 45 гадоў адпрацавала ў сферы адукацыі, з'яўляецца «Выдатнікам народнай асветы», мае шэраг іншых узнагарод.

— Гэта актыўная жанчына, нягледзячы на свой 90-гадовы ўзрост, яна поўная энтузіязму і аптымізму, у яе планы распісаны на пяць гадоў наперад. Вольга Васілеўна захапляецца чытаннем кніг і развядзеннем кветак, усё робіць сваімі рукамі. Яна вельмі ганарыцца сваімі ўнукамі: начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці генерал-маёрам юстыцыі Алегам Анатолевічам Шарковым і начальнікам кантрольнага ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці падпалкоўнікам юстыцыі Васілём Уладзіміравічам Васюкевічам, — працягвае Ірына Краўчонак. — Над жанчынай шэфствуе пярвічка БРСМ гімназіі, дзеці часта наведваюць Вольгу Васілеўну, а яна, у сваю чаргу, — такі ж часты госць у навучальнай установе.

Усяго ў Лагойску і раёне будзе ўстаноўлена 45 памятных таблічак, 15 з якіх ужо знайшлі сваё ганаровае месца на жыллі ветэранаў.

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?