Вы тут

Як падзяліцца з сябрам фізічным эксперыментам


Конкурс «100 ідэй для Беларусі» цяпер праводзіцца ў міжнародным фармаце — днямі ў сталіцы адбылася першая выстаўка-прэзентацыя ініцыяванага Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі праекта «100 ідэй для СНД». Прадставіць свае распрацоўкі мінскай публіцы прыехалі хлопцы і дзяўчаты з шасці краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі — усяго 38 камандаў. Пераможцаў вызначалі па васьмі кірунках: прамысловасць, хімія і біятэхналогіі, культура, адукацыя, ахова здароўя, медыцынская тэхніка і фармацыя, інфармацыйныя тэхналогіі, турызм і нацыянальная культура. Пра некаторыя з распрацовак стваральнікі расказалі карэспандэнтам «Чырвонкі. Чырвонай змены».


Ра­сі­ян­ка На­дзея То­ка­ра­ва прэ­зен­туе му­зей суд­на­бу­да­ван­ня, ство­ра­ны яе баць­кам.

— Падрыхтоўка авіятэхніка ці авіяінжынера патрабуе велізарных укладанняў, — кажа курсант Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Мікалай Карнавухаў. — Самалёт — вельмі дарагая «цацка», таму практыкай мы займаемся мала. Існуючыя трэнажоры таксама каштуюць мільёны долараў. Таму даводзіцца чытаць шмат тэхнічнай літаратуры, кампенсуючы недахоп практычных заняткаў. Але мы, здаецца, знайшлі рашэнне — зрабілі поўную віртуальную імітацыю ўсіх сістэм самалёта. Гэта не проста сімулятар работы гіраскопаў, датчыкаў вышыні, але і сімулятар іх рамонту і праверкі.

Пакуль што праграма гатова толькі часткова, некаторых прыбораў не хапае. Але функцыянал віртуальнай лабараторыі ўражвае. Дапусцім, ёсць прыбор, які «знялі» з умоўнага самалёта, і ідэальна адкалібраваны аналаг. У праграме можна цалкам «разабраць» абсталяванне, знайсці праблему і выканаць рамонт, не выкарыстоўваючы пры гэтым рэальную дарагую тэхніку. Праграма даступная як для стацыянарных камп'ютараў, так і для мабільных прылад: тэлефонаў, смартфонаў... Праектам ужо зацікавіліся ў Расіі: там яго зараз выпрабоўваюць у некаторых школах у якасці гульні-квэсту, мэта якой — павысіць прэстыж інжынерных прафесій.

У нечым падобны праект прадставілі настаўнік фізікі і інфарматыкі з Пліскай сярэдняй школы Смалявіцкага раёна Аляксандр Рубанаў і яго вучні Сабіна Рабцэвіч і Іван Клячкоўскі. Мультымедыйны праект «Школьны эксперымент» — гэта мабільная праграма, закліканая спрасціць навучанне дзяцей фізіцы.

— Як настаўнік, я даволі часта сутыкаюся са складанасцямі ў тлумачэнні матэрыялу, — кажа Аляксандр. — На мой погляд, у нашых падручніках многія рэчы вельмі цяжкія для дзіцячага ўспрымання. Тым больш што школьнікі цяпер увогуле не вельмі любяць чытаць, ім хочацца бачыць наглядныя прыклады. Пры гэтым большасць вучняў маюць тэлефоны і планшэты — шыкоўны сродак для арганізацыі навучання, якому ў нас звычайна надаецца роля, максімум, калькулятара. Наша ідэя ў тым, каб стварыць такую праграму, дзе вучэбны матэрыял падаецца максімальна проста — пры дапамозе запісаных на відэа эксперыментаў, малюнкаў і г.д. Адна справа — убачыць крышталь меднага купарвасу ў падручніку, і зусім іншая — паназіраць, як яго вырошчваюць у рэальнасці. Мы здымаем вопыты, лабараторныя работы, рашэнні задач, якія прапаноўваліся ўдзельнікам турніраў юных фізікаў. Напісалі мабільную праграму, дзе ўсё гэта ёсць, і кожны можа ёй карыстацца. Увогуле, у свеце цяпер трэнд на такія наглядныя дапаможнікі, і нам вельмі хочацца не адстаць. Таму робім сваімі сіламі тое, што можам.

Аляк­сандр Пет­ру­сёў з Том­ска пра­па­ноў­вае тэх­на­ло­гію вы­твор­час­ці со­неч­ных па­нэ­ляў но­ва­га ты­пу.

Магістрант Нацыянальнай акадэміі навук Арменіі Арцём Паглеванян прывёз у Мінск праект «Разумныя лаўкі і вулічныя ліхтары». Тэма, як прызнаецца і сам аўтар, не новая — на вуліцах гарадоў Заходняй Еўропы ўжо ніхто не здзіўляецца магчымасці зарадзіць свой смартфон, седзячы ў парку, і нават злавіць там бясплатны Wі-Fі. Але праект армяніна накіраваны ў першую чаргу на экалагічнасць:

— Мая сістэма выкарыстоўвае самыя сучасныя LED-тэхналогіі, а таму лямпы спажываюць вельмі мала энергіі. Гэта дазваляе сілкаваць ліхтары ад назапашанай за дзень энергіі сонца. Акрамя начнога асвятлення, будзе магчымасць зараджаць самыя розныя дэвайсы ў дзённы час. Сістэма цалкам аўтаномная: акумулятары не патрабуюць абслугоўвання і працуюць ад васьмі да дванаццаці гадоў. Асвятленне ўключаецца і выключаецца аўтаматычна ў залежнасці ад часу сутак. Усяго тэрмін эксплуатацыі сістэмы складае прыкладна 25 гадоў.

Дзевяцікласніцы Гаміда Гамза-Задэ і Гаміда Керымлі з ліцэя «Тэфэкур» (Азейрбайджан) звярнулі ўвагу на звыклую для ўсіх працэдуру — чыстку зубоў. Дзяўчат хвалюе тое, што ў большасці зубных паст змяшчаецца шэраг патэнцыйна небяспечных для арганізму рэчываў, у тым ліку свінец, мыш'як і фтор. Рашэнне, якое прапануюць школьніцы, — экалагічна чыстая паста з морапрадуктаў.

— У нашай пасце выкарыстоўваюцца белыя марскія ракавінкі, перамолатыя ў муку, пітная сода, настойка праполісу, эфірныя алеі мяты і чабору і гліцэрын, — распавядаюць юныя хімікі. — Добраахвотнымі паддоследнымі выступілі нашы аднакласнікі і настаўнікі, якія карысталіся пастай працяглы час. Трэба сказаць, што большасці яна спадабалася, удзельнікі эксперымента згодны карыстацца такой пастай замест звычайнай штодзень. Адзіны недахоп — не надта прыемная на смак, але па ачышчальных характарыстыках сумесь не саступае вядомым маркам.

Вартых увагі распрацовак хапала. Напрыклад, Назерке Саркенава з Караганды прыдумала, як выкарыстоўваць непатрэбную салому, і стварыла тэхналогію атрымання з яе так званых «пелетаў» — біяпаліва. Праекты расіян звычайна мелі лакальную накіраванасць: музей суднабудавання ў Чарапаўцы, краязнаўчы партал Вяткі... А вось хлопцы з Кыргызстана хочуць ініцыяваць будаўніцтва пляцовак для заняткаў вулічным спортам па ўсёй СНД. Застаецца толькі спадзявацца, што ўсе гэтыя ідэі знойдуць увасабленне ў рэальным жыцці.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Пачысціць зубы... ракавінкамі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.