Вы тут

Стваральнік і дырэктар музея — дзевяцікласнік


Вёска Вялікія Дворцы, што на Піншчыне, славіцца цікавай гісторыяй. Каб упэўніцца ў гэтым, мне прыйшлося здзейсніць невялікае падарожжа. У выніку сустрэлася з «дырэктарам музея» — менавіта так называюць яго мясцовыя жыхары. Напэўна, вы ўяўляеце сабе пажылога чалавека, які перажыў нямала цяжкіх момантаў у жыцці? На самай справе, гаворка ідзе пра дзевяцікласніка пінскай школы №15 — Андрэя Палюховіча. Ён нарадзіўся ў Вялікіх Дворцах і ведае амаль усё пра гэтую мясцовасць.


Ства­раль­нік і ды­рэк­тар — у ад­ной асо­бе.

Слова за слова, і юнак расказаў мне пра гістарычнае мінулае вёскі.

Першы пісьмовы ўспамін пра Вялікія Дворцы датуецца 1554 годам, але, як гавораць жыхары, яны ўзніклі ў 1508 годзе, прыблізна ў гэты час ужо налічвалася сямнаццаць двароў. Сведкамі з'яўлення вёскі ў XVІ стагоддзі служаць межавыя камяні, знойдзеныя пры меліярацыі на балоце. У мяне ўзнікла пытанне: чаму менавіта Вялікія Дворцы, а ні як інакш? На гэты конт ёсць гіпотэза, якая гаворыць, што назва паходзіць ад слова «двор», а не ад слова «палац» (па-руску «дворец»).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы ўжо налічвалася 139 двароў, але ў ліпені 1944 года немцы знішчылі 138 з іх. Андрэй тлумачыць, што адну хату яны пакінулі дзеля таго, каб у ёй захоўваць сваю радыётэхніку. Гэтая хата засталася і да нашых дзён. 57 мужчын з вёскі былі ўдзельнікамі вайны, многія вярнуліся, а восем чалавек былі вывезены ў Германію.

Іван Сямёнавіч Надуліч — гэтае імя ведаюць усе ў вёсачцы. Ён быў удзельнікам падзей у Петраградзе, служыў у гвардыі па ахове Зімовага палаца, па загадзе ўдзельнічаў у арышце царскай сям'і. Пасля вяртання дадому быў раздзел панскага маёнтка, але ён сабе нічога не ўзяў, хоць і быў бедны. Яго жонку забіла маланка, з ім засталося пяцёра дзяцей. Старэйшы сын загінуў у партызанах.

Пагутарыла я і з пастаянным жыхаром вёскі Уладзімірам Іванавічам Федаровічам. Нарадзіўся ён тут у 1939 годзе, перажыў Вялікую Айчынную вайну. Паспеў скончыць тры класы школы, таму што патрэбна было дапамагаць маці, бо яго бацьку забіла мінай. «З дзяцінства я любіў чытаць, — прызнаецца Уладзімір Іванавіч, — перачытаў усе працы Леніна».

Му­зей вёс­кі.

Зараз у Вялікіх Дворцах жыве 39 чалавек. Тут няма ні крамы, ні школы, вёска лічыцца выміраючай. Затое летам мінулага года ў ёй з'явіўся музей — у хаце бабулі Андрэя Палюховіча. Яна перабралася ў другую, вось хлопец і пачаў збіраць прадметы старажытнасці. На момант адкрыцця музея было тры залы і налічвалася 96 экспанатаў, а зараз восем залаў, 316 экспанатаў — у асноўным фондзе і 115 — у навуковым. Такім чынам Андрэй падзяліў прадметы старажытнасці на два фонды як у сапраўдным музеі. Таксама ён вядзе пашпарт музея, журнал наведванняў, запаўняе акты перадачы экспанатаў. Зусім нядаўна дзевяцікласнік распрацаваў буклеты. Групы «УКантакце», у «Аднакласніках», асобны сайт музея, канал на YouTube — і ўсё пад адзінай назвай «Музей вёскі Вялікія Дворцы» (па-руску) — гэта таксама справа рук Андрэя.

Уласнымі сіламі энтузіяста, яго бабулі і жыхароў, якія з радасцю падхапілі ідэю збіраць аўтэнтычныя экспанаты, атрымалася сабраць прадметы быту, інструменты, без якіх не абыходзіліся сяляне, адзенне, ткацкі станок, саматканыя палотны, даваенны гармонік Адама Бялінскага, асобнік газеты «Іскра» (1900 года) і «Васкрэснага чытання» (1927 і 1936 гадоў). Не пашкадаваўшы часу і сіл, Андрэй аформіў некалькі куткоў: «Ільіча», выставу да 70-годдзя Вялікай Перамогі і з фотаздымкамі вяскоўцаў.

Найвялікшай каштоўнасцю для самога гаспадара музея з'яўляецца самавар з шасцю эмблемамі, адну з іх можна прачытаць: «За працавітасць і мастацтва. 1870 год». Дастаўся ён Андрэю ў спадчыну. Менавіта гэты самавар стаў першым у калекцыі. Ганарыцца хлопец і лістамі з фронту, жаночымі ботамі 1930 года, падсвечнікам, што ўпрыгожаны цмокам, неабпаленай керамікай і яшчэ шмат чым іншым...

Верагодна, Андрэй нават не чакаў такой цікавасці да свайго музея, а, значыць, і забытай мясцовасці: мінулым летам яго ўжо наведалі настаўнікі, аднакласнікі, журналісты рэспубліканскіх, абласных і пінскіх газет і тэлекампаній, а таксама дырэктар школы, у якой хлопец вучыцца.

Андрэй вельмі захоплены гісторыяй роднага краю. Прымае ўдзел у краязнаўчых конкурсах, актыўна збірае матэрыял для навуковай працы пра гісторыю Вялікіх Дворцаў. Марыць, каб на базе музея была створана адпраўная кропка турыстычнага маршруту па забытых вёсках Палесся. А мары, калі вельмі захацець, маюць уласцівасць збывацца...

Пра аўтара

Нашай аўтарцы — 15 гадоў. Пра сябе Дар'я кажа, што любіць вандраваць як па Беларусі, так і ў цэлым па свеце.

— Цяпер актыўна займаюся журналістыкай, пішу артыкулы ў газеты, сустракаюся і размаўляю з цікавымі людзьмі. Вывучаю гісторыю, беларускую, рускую і англійскую мовы, — гаворыць дзяўчына і прызнаецца, што марыць паступіць на факультэт журналістыкі БДУ. — Лічу гэтую прафесію цікавай, рознабаковай і актыўнай. Спадзяюся, што мара збудзецца.

Дар'я БАХІР, вучаніца 9 класа СШ №15 г. Пінска

Фота Андрэя ПАЛЮХОВІЧА

Загаловак у газеце: Адпраўная кропка

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.