Вы тут

Памятаем вас, аўтары!


За апошнія гады «ЧЗ» атрымала каля паўтысячы розных допісаў ад нашых юных і маладых няштатных аўтараў. Толькі ў рамках творчых конкурсаў, правядзенне якіх аднавілася чатыры гады таму, за гэты час на старонках маладзёжнага дадатку апублікавана больш за сотню лепшых «проб пяра». У большасці з хлопцаў і дзяўчат было па адной дасланай рабоце, але многія мэтанакіравана станавіліся нашымі пастаяннымі карэспандэнтамі, марачы аб паступленні на журфак. Мы памятаем многіх з вас, пачаткоўцы, вашы першыя тыповыя памылкі і першыя поспехі, нашу перапіску па электроннай пошце і размовы па тэлефоне. І па-ранейшаму працягваем неназойліва цікавіцца вашымі справамі і шчыра радуемся вашым дасягненням. А што самі нашы колішнія і цяперашнія аўтары могуць прыгадаць пра сваё супрацоўніцтва з «Чырвонкай. Чырвонай зменай»?


«Адчуваю дапамогу «Чырвонкі»

Таццяна ЛАУШ скончыла Падгорненскую СШ Баранавіцкага раёна. Яна — лаўрэат творчага конкурсу «Новы погляд» 2012-2013 гадоў, цяпер студэнтка ІІІ курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрГУ імя Янкі Купалы. Наш пастаянны рэгіянальны карэспандэнт. Ніколі не «вешае нос» пры часовых няўдачах.

— У 11 класе я зразумела, што час вызначацца з прафесіяй. Успомніла, што люблю мову, літаратуру, камунікаваць з новымі людзьмі, і падумала, што, напэўна, гэта журналістыка. Вырашыла пісаць. Некаторыя тэмы прыдумвала сама, некаторыя падказвалі настаўнікі. Аднойчы яны параілі адправіць матэрыял у «ЧЗ» на конкурс. Выбрала ваенную тэму, гісторыю маёй роднай вёскі падчас Вялікай Айчыннай. І заняла адно з прызавых месцаў. Вядома, было здзіўленне, — дзеліцца Таццяна. — Але менавіта з гэтага моманту я зразумела, што трэба ісці далей, бо, акрамя вялікай колькасці прызоў і рэкамендацыі для паступлення ў БДУ на факультэт журналістыкі, я атрымала магчымасць друкавацца ў «Чырвонай змене». Гэта быў мой новы этап.

Таццяна кажа, што калі паступіла ў ГрГУ імя Янкі Купалы, то адчувала, што сапраўды мае нейкую базу ведаў. «Супрацоўніцтва з «ЧЗ» не спынілася. Мне часта прыходзілася чуць, што матэрыял напісаны слаба, але мяне гэта не засмучала, наадварот, я хацела выправіць яго, каб падышоў. І гэта атрымлівалася, калі-нікалі нават і з трэцяга разу. Гэта загартоўвала і вельмі дапамагала ва ўніверсітэце, бо некаторыя рэчы я ведала ўжо да лекцыйных заняткаў».

Аўтарка і сёння піша ў «ЧЗ». «Разумею, што гэта здорава, бо вучыцца на журналіста і ніяк не займацца журналістыкай, акрамя вучобы, нецікава. Ведаю, што гэта мне дапаможа і ўжо дапамагае, бо калі ідзе размова пра напісанне інтэрв'ю, я ўпэўненая, што спраўлюся. Дарэчы, на маю думку, менавіта з дапамогай «ЧЗ» вясною я была ўдзельнікам зімовай студэнцкай Школы журналістыкі. Я ганаруся, што ў мяне ўжо ёсць пэўны вопыт, што я магу пісаць, бо ва ўніверсітэце не так шмат практыкі. А тут ужо загадзя можна зразумець, ці здатны ты на штосьці, ці можаш вытрымаць крытыку, шукаць новыя тэмы.

Наконт будучага месца працы я яшчэ не думала. Але ўжо цяпер ведаю, што хацелася б паехаць у новы горад: маленькі, вялікі — як атрымаецца. І, безумоўна, было б здорава працягнуць супрацоўніцтва з «ЧЗ».


Наш чалавек... у авіяцыі

Арына КАГАЛЁНАК пачала пісаць свае матэрыялы ў «Чырвонку. Чырвоную змену», калі вучылася ў старшых класах наваполацкай гімназіі №2. Апроч гэтага, брала ўдзел у адным з творчых конкурсаў пад назвай «Мы — такія!..», які праходзіў у 2013-2014 гадах. Запомнілася ініцыятыўным аўтарам з рэпарцёрскай «жылкай». Выбіраючы ў тым ліку і дастаткова сур'ёзныя тэмы, Арына раскрывала іх з творчым падыходам.

— Да таго часу, як я стала супрацоўнічаць з «ЧЗ», журналістыка была часткай майго жыцця ўжо каля трох гадоў. Больш за ўсё падабалася тое, што ў гэтым маладзёжным дадатку мяне і мае работы заўсёды ўспрымалі сур'ёзна. Рэдактары давалі мне і маім аднагодкам адчуць сябе сапраўднымі карэспандэнтамі. Тут я атрымлівала і пахвалу, і канструктыўную крытыку. Бачыць у СМІ такога ўзроўню сваё прозвішча было прыемна і ганарова. Тады я яшчэ збіралася паступаць на факультэт журналістыкі, і публікацыі ў «ЧЗ» былі для мяне добрым бонусам, — прыгадала па нашай просьбе Арына. — Дыпламаваным журналістам я так і не стала. Цяпер вучуся на першым курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі па спецыяльнасці «Кіраванне рухам і забеспячэнне палётаў на паветраным транспарце». Сумна гэта прызнаваць, але журналістыку амаль закінула. Хоць навыкі, набытыя за мінулыя гады, выкарыстоўваю як у вучобе, так і ў студэнцкай газеце. Хто ведае, можа, я яшчэ буду журналістам, але пакуль спадзяюся скончыць акадэмію і стаць спецыялістам у сферы авіяцыі.


Магія лічбаў і магія слоў

Лізавета КАРПОВІЧ, у нядаўнім мінулым вучаніца Ліцэя БДУ, дасылала свае «пробы пяра» на два творчыя конкурсы запар, якія ладзіліся ў 2013-2014 гадах («Мы — такія!..») і ў 2014-2015 гадах («Я — малады. І мне не ўсё роўна!..»).
І, дзякуючы ўменню правільна выбраць тэму і раскрыць яе, двойчы запар станавілася пераможцай творчага спаборніцтва! Збіралася паступаць на журфак, а ў выніку стала студэнткай першага курса... эканамічнага факультэта БДУ.

— У мяне было некалькі спосабаў пошуку тэм для матэрыялаў. Напрыклад, мне ў галаву прыходзіла нейкая цікавая ідэя, і далей я ўжо думала, як яе ажыццявіць. Так было з артыкулам пра валанцёраў у Афрыцы. Мне здалося, што матэрыял можа атрымацца вельмі цікавым, і я пачала шукаць тых, у каго быў адпаведны досвед. Увогуле, існуе тэорыя, што ўсе людзі звязаныя ланцужком з пяці поціскаў рукі. Таму ўрэшце ты знойдзеш патрэбнага чалавека. А часам я сустракала цікавую асобу ці наведвала карыснае мерапрыемства, і ў мяне ўзнікала ідэя пра гэта напісаць. Таму знайсці тэму насамрэч значна лягчэй, чым здаецца на першы погляд, — падзялілася Лізавета. — Ці дапамагло мне захапленне журналістыкай? Безумоўна! Па-першае, гэта вялікі плюс для твайго рэзюме. Калі ў цябе яшчэ няма працоўнага досведу і ты не можаш прапанаваць штосьці канкрэтнае працадаўцу, твая кандыдатура ацэньваецца перш за ўсё па нейкай па-завучэбнай дзейнасці. Калі я прыйшла ўладкоўвацца на стажыроўку ў інжынерна-кансалтынгавую фірму, артыкулы ў «ЧЗ» мне вельмі дапамаглі — я атрымала магчымасць рабіць публікацыі для сайта кампаніі. Па-другое, гэта пашырае кругагляд. Калі ты ідзеш на якое-небудзь інтэрв'ю, ты павінен добра падрыхтавацца і быць азнаёмлены з тэмай, каб потым задаваць суразмоўцу цікавыя пытанні.

Увогуле маё жыццё так ці інакш звязана з тэкстамі, бо кожны дзень прыходзіцца што-небудзь пісаць. Але мне б хацелася, каб журналістыка займала больш месца ў маім жыцці, чым цяпер.


«Тэма інтыму? Прапаноўваць!»

Кацярына ЖОРАВА актыўна супрацоўнічала з «ЧЗ», калі была вучаніцай 11 класа Ліцэя БДУ. Стала лаўрэатам па выніках творчага конкурсу «Новы погляд» за 2012-2013 гады. Дзяўчына паставіла своеасаблівы рэкорд для абітурыентаў журфака па колькасці апублікаваных «проб пяра» — 15. Без ваганняў была гатовая ўзяцца за любую прапанаваную тэму. «Секс і падлеткі? Напішу!» Цяпер Кацярына вучыцца на ІІІ курсе Інстытута журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «веб-журналістыка».

— Мне «ЧЗ» у 16 гадоў здавалася неверагодна сур'ёзнай газетай, словы «рэспубліканскі ўзровень» выклікалі лёгкія дрыжыкі. Сёння смешна прыгадваць першыя тэксты, якія траплялі ў друк: маё журналісцкае майстэрства, трэба прызнаць, было амаль што нулявым. Памятаю, як крыху абуралася, калі перачытвала свой матэрыял на паласе і бачыла, што яго там-сям скарацілі, недзе паправілі — быццам рэдактары нейкім чынам зняважылі мае здольнасці. Цяпер я, вядома, разумею, што без рэдактарскай праўкі друкаваць тыя тэксты было немагчыма. І адчуваю ўжо не абурэнне, а вялікую ўдзячнасць, што з маімі першымі «пробамі пяра» абыходзіліся, мабыць, нават мякчэй, чым варта было б, — распавядае Кацярына. — Памятаю, як разглядала сваё імя пад матэрыялам, што заняў амаль усю паласу, і спрабавала ўявіць, колькі людзей прачыталі хаця б не ўвесь тэкст, а яго загаловак (загалоўкі мне таксама заўсёды правілі, і заслужана). Рабілася неяк няёмка: што я, неадукаваная, магу прапанаваць чытачам? Але ж друкуюць, значыць, усё ж нешта магу! Значыць, трэба пісаць яшчэ. Вядома, у той час мне цяжка было самой генерыраваць сапраўды цікавыя тэмы для публікацый — і прыемна было, што ў газеце дапамагалі, прапаноўвалі тэмы, падказвалі, як іх развіваць.

Пры паступленні на журфак матэрыялы ў «ЧЗ» сталі маім асноўным «козырам». Добра памятаю эйфарычнае адчуванне, калі падчас вуснага экзамену адна з экзаменатараў сказала, выклікаючы мяне і трымаючы папку са старонкамі з «ЧЗ»: «А вось і Жорава — тая, што з добрымі публікацыямі».

У будучыні я спадзяюся працаваць менавіта па сваёй спецыяльнасці, але супрацоўніцтва з «Чырвонай зменай» было тым добрым пачаткам, які б я магла сабе пажадаць з сучаснага пункту гледжання. І ўспаміны пра мае першыя журналісцкія спробы ў «ЧЗ» назаўсёды застануцца вельмі светлымі і прыемнымі.

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.