Вы тут

Газета з... «аскарбінкай»


Памятаю адзін студэнцкі жарт: «Хадзем гуляць, колькі можна дома сядзець?» — «Не, я ў «медзе» вучуся». Ён не пазбаўлены праўдзівасці. Усе мае знаёмыя, якія атрымлівалі адукацыю ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, прызнаваліся: аб'ёмы матэрыялу даводзіцца вывучаць велізарныя. Таму прыемна здзіўляе, што некаторыя студэнты гэтай ВНУ паспяваюць займацца не толькі вучобай... Як, напрыклад, студэнты лячэбнага факультэта, якія сваімі сіламі ствараюць газету пад назвай Lech Daіly. Выданне, дарэчы, нядаўна заваявала шэраг узнагарод на адным з конкурсаў студэнцкіх СМІ. Пра тонкасці журналісцкай працы ў БДМУ расказала галоўны рэдактар выдання, студэнтка V курса лячэбнага факультэта Ірына РАДЗЬКО.


Жу­ры «Ма­ла­дзёж­на­га ак­цэн­ту» бы­ло ўра­жа­на твор­чым па­ды­хо­дам ме­ды­каў пад­час са­ма­прэ­зен­та­цыі.

— Ідэя выдаваць на факультэце сваю газету належыць мне, — прызнаецца дзяўчына. — У нас ёсць такая практыка: старэйшыя студэнты сустракаюцца з першакурснікамі, каб даведацца, што ім цікава, чым яны хочуць займацца падчас вучобы. Я трапіла на такую сустрэчу ў якасці «эксперта», калі была на другім курсе. І менавіта тады зацікавілася дзейнасцю нашага студэнцкага савета, сама захацела чымсьці дапамагчы. Яшчэ калі вучылася ў школе, вельмі любіла пісаць сачыненні, удзельнічала ў розных конкурсах. Шчыра кажучы, спачатку нават увогуле збіралася паступаць на журфак.

Студэнт-пяцікурснік, які ўзначальваў у студсавеце інфармацыйны сектар, прапанаваў Ірыне далучыцца да іх каманды. Разам яны і прыдумалі канцэпцыю факультэцкага выдання, якое размаўляла б з чытачамі простай мовай (ва ўніверсітэце выходзіць «Веснік БДМУ», але ён носіць больш афіцыйны характар).

Па першым часе над газетай працавалі ўсяго два чалавекі: сама Ірына і студэнт-медык Дзмітрый Белавус. Дзяўчына рыхтавала матэрыялы, а хлопец займаўся вёрсткай і іншымі тэхнічнымі пытаннямі.

— Мы адразу ж стварылі ў сацсетцы «УКантакце» суполку, дзе сталі абмяркоўваць праект, — узгадвае Ірына. — Многія выказвалі свае парады і пажаданні. Ды і дагэтуль заўсёды сочым за «фідбэкам», пытаемся ў чытачоў, што ім падабаецца, а што — не. У гэтай жа суполцы выкладваем новыя нумары.

Пілотны выпуск Lech Daіly выйшаў на пачатку 2013-га. Ён уяўляў сабой усяго дзве паласы. Але чытачам выданне прыйшлося даспадобы. Было вырашана, што газета стане выходзіць раз на месяц, акрамя летняй і зімняй сесій, а таксама канікул. Галоўным сродкам яе распаўсюджвання стаў інтэрнэт.

— Спачатку было вельмі цікава, але недзе праз год я стамілася працаваць над газетай адна, — кажа дзяўчына. — Папрасіла ў дэканаце, каб усіх, хто сярод сваіх цікаўнасцяў называў нешта звязанае з філалогіяй, адпраўлялі да мяне.

Так у Lech Daіly пачалі прыходзіць новыя «журналісты». Тэкстаў і, адпаведна, палос стала значна больш, і выданне пачало нагадваць сапраўдную газету. Цяпер над ім працуюць ужо шэсць чалавек, ёсць нават уласныя фатографы. Навічкам трапіць у Lech Daіly няпроста — трэба на працягу года пастаянна друкавацца ў якасці «пазаштатніка».

— Кожныя тры месяцы мы збіраемся ўсім калектывам на планёрку, — тлумачыць галоўны рэдактар газеты. — Абмяркоўваем памылкі і праблемы папярэдніх нумароў, плануем тэмы для новых. Але пераважная частка нашай камунікацыі адбываецца ў інтэрнэце, бо гэта зручна для ўсіх.

Па словах Ірыны, спачатку планавалася, што кожны нумар будзе адпавядаць пэўнай структуры: абавязковае інтэрв'ю з вядомай у БДМУ асобай, навіны факультэта, навіны ўніверсітэта і забаўляльныя матэрыялы. Але жыццё ўносіць свае карэктывы.

Памятаеце леташнюю гісторыю з вундэркіндам Цімурам Сушко, які паступіў у БДМУ ва ўзросце 12 гадоў? Па сутнасці, першым беларускім СМІ, якому ён даў інтэрв'ю, была якраз газета Lech Daіly.

Мінулай восенню праводзіўся конкурс студэнцкіх СМІ пад назвай «Маладзёжны акцэнт», у якім спаборнічалі 15 камандаў з самых розных ВНУ, у тым ліку і рэдакцыя Lech Daіly. Газета заняла другое месца ў намінацыі «Друкаваныя СМІ», а таксама перамагла ў намінацыі «Найлепшае прадстаўленне сваёй рэдакцыі» (падчас яго журналісты-медыкі кармілі гасцей «аскарбінкамі», вылічвалі індэкс масы цела і частавалі ахвотных «здаровым» печывам уласнага прыгатавання). Акрамя гэтага, Lech Daіly ўзяла і спецыяльны прыз рэдакцыі аднаго з беларускіх парталаў навін. Да месца прыйшліся і шматлікія майстар-класы, зладжаныя арганізатарамі. Таму праца медыкаў-журналістаў была адзначана і прафесіяналамі.

— У нас шмат планаў, напрыклад хочам павялічыць аб'ём да васьмі палос, — кажа Ірына Радзько. — Ды і цяпер не стаім на месцы — нядаўна зрабілі новую эмблему. Сама я рыхтуюся перадаваць «штурвал» малодшым: наступны год стане для мяне апошнім у якасці студэнткі БДМУ. Але за будучыню газеты асабліва не хвалююся — яна ў надзейных руках.

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».