Вы тут

Не сродак, але інструмент


Паспрабуйце ўявіць сабе такую рэч: штодзень у вашу паштовую скрыню кладуць незвычайную газету. У ёй надрукаваны толькі тыя навіны, якія цікавяць менавіта вас: вынікі матчаў любімай футбольнай каманды, рэцэнзіі на новыя кнігі любімых аўтараў, інфармацыя пра зніжкі ў суседняй краме і гэтак далей. А яшчэ — навіны з жыцця вашых знаёмых: хтосьці з'ездзіў у падарожжа, нехта ажаніўся, а некаторы і проста смачна павячэраў. Гадоў 20 таму пра такую газету людзі маглі толькі марыць ці чытаць у кнігах пісьменнікаў-фантастаў, цяпер жа мы бяром яе ў рукі штодзень. Хіба не ўгадваецца ў такім апісанні якая-небудзь з сацыяльных сетак?


На першых курсах інстытута адной з нашых любімых тэм для спрэчак і дэбатаў была «Ці трэба лічыць інтэрнэт паўнавартасным СМІ?». Цяпер пытанне, здаецца, вырашана нават на заканадаўчым узроўні: з мінулага года сайты лічацца такімі ж суб'ектамі медыясферы, як традыцыйныя газеты, часопісы ці тэлеканалы. А вось з сацыяльнымі сеткамі пытанне ёсць, хоць асабіста я для сябе адказ знайшоў вельмі даўно. Чым старонка ў Facebook горшая за друкаванае выданне? Хіба што толькі селядзец у яе не загорнеш.

Па сутнасці, сацыяльныя сеткі і былі створаны менавіта па прынцыпе СМІ. Вось толькі за размешчаны на старонцы кантэнт грошы аўтару ніхто не заплаціць. Калі, вядома, не лічыць за ганарар «лайкі» і каментарыі пад постам. Наадварот, такая «газета» зарабляе на сваіх аўтарах і адначасова чытачах, паказваючы ім рэкламу ці прадаючы асаблівы функцыянал. Але пэўную карысць для самых розных людзей і асабліва тых, хто хацеў бы быць журналістам, «фэйсбукі» і «твітары» могуць прынесці.

Інтэрнэт (і ў прыватнасці сацыяльныя сеткі) — тое месца, дзе аўтарам можа стаць кожны. Тут не трэба дыплом, досвед працы і многае іншае, што звычайна патрабуюць ад прафесіяналаў.

Вы скажаце: дык і грошай жа няма! І будзеце не зусім мець рацыю. Папулярныя відэаблогеры, ролікі якіх праглядаюць сотні тысяч чалавек, могуць штомесяц здымаць з рахунку сродкі, значна большыя за сярэдні заробак у нашай краіне. Праўда, столькі праглядаў назбірае далёка не кожнае відэа, але размова цяпер не пра гэта.

Актыўнасць у сацсетках неабавязкова прыносіць прамы прыбытак, часам гэта адбываецца праз пасярэдніцтва. Пару гадоў таму некалькі маіх сяброў завялі адразу на некалькіх сэрвісах акаўнты свайго любімага футбольнага клуба. Змяшчалі туды свежую інфармацыю пра жыццё каманды, вялі трансляцыі з матчаў, нават здымалі эксклюзіўныя відэа. У выніку праз некаторы час, калі старонкі сталі папулярнымі, іх запрасілі працаваць у прэс-службу каманды. Вось вам і «несур'ёзнасць» сацыяльных сетак.

Ведаю аднаго журналіста, якога пазвалі працаваць на адзін з буйных сайтаў, дзякуючы... акаўнту ў Іnstagram. Кожны апублікаваны здымак ён суправаджаў даволі вялікай «тэкстоўкай» (што ўвогуле не так часта сустракаецца на гэтым рэсурсе). У гэтых невялічкіх апавяданнях вельмі добра былі заўважны і стыль, і агульны ўзровень адукаванасці чалавека.

На тым жа беларускім тэлебачанні цяпер хапае людзей, якія, што называецца, зрабілі сабе імя дзякуючы інтэрнэту і сацсеткам (узгадайце таго ж Арцёма Рыбакіна ці Андрэя Бонда). Карацей кажучы, шлях ад экрана камп'ютара да тэлевізійнага не такі ўжо і далёкі.

Але вось пра што хачу сказаць. Неяк не даводзілася мне сустракаць гісторыі інтэрнэт-поспеху карыстальнікаў, якія б публікавалі ў сваіх акаўнтах, скажам, фотаздымкі ежы. Ці безліч сэлфі з адным і тым жа выразам твару. На шчасце, сацыяльныя сеткі падпарадкоўваюцца ўсё тым жа простым газетным законам — чытаецца толькі тое, што цікава шырокай аўдыторыі, а не вузкаму колу сяброў і знаёмых (зрэшты, нават іх наўрад ці хвалюе, як вы паснедалі). Практычна ўсе вядомыя блогеры з'яўляюцца шчыра апантанымі нечым людзьмі. Кіно, літаратура, фатаграфія, спорт, архітэктура, гарадская тэматыка, падарожжы — тэм безліч, і далёка не кожная з іх ужо «падзелена» паміж папулярнымі аўтарамі. Застаецца дробязь — уключыць камп'ютар і пачаць ствараць.

Толькі вось памятайце, што на газету, запоўненую фрагментамі вашага асабістага жыцця, хай сабе і вельмі цікавага, наўрад ці нехта падпішацца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.