Вы тут

«Гісторыя не мае адваротнага адліку...»


Вячаслаў Даніловіч — пра дакументы ў замежных архівах, уласную бібліятэку і серыял пра Максіма Танка.

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — свайго роду храм даследавання нашага мінулага. Менавіта ў ім акумулююцца звесткі пра розныя перыяды айчыннай гісторыі, ім даецца належная ацэнка, робяцца пэўныя высновы. Верхаводзіць тут дырэктар, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Даніловіч, які нядаўна быў узнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны. У гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» гісторык расказаў, як дух старажытнага Полацка натхніў яго на гістарычныя даследаванні, падзяліўся сваімі назіраннямі за тым, як асабістае жыццё чалавека ўплывае на яго грамадскую дзейнасць, а таксама расказаў пра айчынныя архіўныя дакументы,
якія знаходзяцца за мяжой.


— Вячаслаў Віктаравіч, як пачыналася ваша ўласнае захапленне гісторыяй?

— Я родам са старажытнага Полацка. Сама атмасфера горада вельмі ўплывала на мяне. Праз тры гады пасля майго нараджэння сям'я пераехала ў Наваполацк. Але бабуля і дзядуля працягвалі жыць у Полацку — калі падрос, я прыязджаў да іх амаль кожныя выхадныя і канікулы. У бібліятэцы дзеда мне ў рукі трапіла кніга Георгія Васілевіча Штыхава «Старажытны Полацк» 1975 года выдання. Гартаючы яе, я ўпершыню задумаўся, у якім старажытным і цікавым горадзе жыву... Па змесце гэта была навуковая манаграфія, у многім незразумелая, але фотаздымкі старажытных археалагічных артэфактаў і раскопак, гістарычныя падзеі, пра якія распавядалася там, вельмі ўразілі. Акрамя таго, з дзяцінства я любіў чытаць гістарычныя аповесці і раманы — у маіх бацькоў была свая бібліятэка, а таксама ў роднага брата бацькі мелася вельмі добрая падборка кніг. Да таго ж незабыўныя ўражанні пакідалі наведванні Сафійскага сабора і Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, а таксама Барысавы камяні, езуіцкі калегіум. Было яскравае адчуванне, што ты жывеш на вельмі старажытнай зямлі з багатай гісторыяй, і з ёй звязаны лёс тваіх продкаў.

— Што за бібліятэка была ў вашага бацькі?

— У нашай сям'і была досыць звычайная падборка кніг. Бацька працаваў брыгадзірам электраманцёраў на «Нафтане», маці — у аддзеле сацыяльнага забеспячэння. Але вельмі цікавая бібліятэка, з грунтоўнымі разнастайнымі выданнямі мелася ў майго дзядзькі Вячаслава.

Памятаю, як яшчэ са школьных гадоў, прыходзячы да яго ў госці, я кожны раз браў нейкую кнігу і да наступнага разу абавязкова прачытваў яе. Ён сапраўдны кнігалюб, цікавіцца самымі рознымі рэчамі і дагэтуль мае цудоўны збор кніг.

— Вы маеце і ўласную досыць багатую калекцыю кніг...

— Так, усе сцены маёй кватэры застаўлены кнігамі. Аднак збіраў іх не толькі я, але і жонка, якая з'яўляецца кандыдатам філалагічных навук, вывучае гісторыю рускай літаратуры. Шмат кніг засталося ў бацькоў, бо ў нас проста няма дзе іх захоўваць.

— Займаючы пасаду дырэктара, ці хапае часу на ўласныя гістарычныя росшукі?

— Адміністрацыйная праца, натуральна, забірае вельмі шмат часу. Раней, калі працаваў намеснікам па навуковай працы, было больш вольных гадзін, і я выкарыстоўваў іх, каб наведаць архівы. Дзякуючы гэтаму маю на сёння назапашаны матэрыял і актыўна працую над падрыхтоўкай доктарскай дысертацыі, вольны час імкнуся траціць акурат на гэта. Займаюся вывучэннем удзелу моладзі Савецкай Беларусі ў грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і духоўна-культурным жыцці міжваеннага перыяду. А кандыдацкую дысертацыю я абараніў па нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі — дзейнасці арганізацыі «Змаганне».

— Атрымліваецца, вы даследавалі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі, а пасля той жа час, толькі ў Савецкай Беларусі. Ці можна параўнаць працэсы, якія адбываліся ў дзвюх частках падзеленай краіны?

— Моладзь прымала актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі, дастаткова ўзгадаць Максіма Танка, які ўсю сваю маладосць прысвяціў гэтай справе. Як Заходняя Беларусь, так і Савецкая ў той міжваенны час з'яўляліся зонай барацьбы розных палітычных сіл. Як савецкія ўлады, так і польскія выкарыстоўвалі гэтыя пляцоўкі для прасоўвання сваіх інтарэсаў. У абедзвюх частках Беларусі назіралася развіццё сіянісцкага руху сярод моладзі, бо ў гарадах і мястэчках жыло шмат яўрэяў. У многіх грамадскіх арганізацыях, напрыклад у камсамоле, фактычна да 1924 года большасць складалі яўрэйскія юнакі і дзяўчаты. Беларуская ж моладзь значна актывізавалася з пачаткам палітыкі беларусізацыі.

— Ці трапляліся пэўныя звесткі, якія шакіравалі?

— Даводзілася чытаць дакументы, якія прымушаюць задумацца аб тым, як асабістае жыццё чалавека адбіваецца на яго грамадска-палітычнай дзейнасці. Напрыклад, у Язэпа Гаўрыліка, які ўзначальваў пасольскі клуб «Змаганне» ў 1927 —1930-х гадах, былі вельмі няпростыя жыццёвыя абставіны, і праз дакументы можна прасачыць, як гэта ўплывала на дзейнасць арганізацыі. Становіцца зразумела, чаму тыя або іншыя захады рабіліся ў арганізацыі, чаму былі пэўныя складанасці...

— Як лічыце, ці ўсе белыя плямы ў нашым мінулым ужо ліквідаваныя? Або ёсць яшчэ невядомыя старонкі, якія давядзецца адгарнуць у будучыні?

— Натуральна, нельга сказаць, што мы ўсё дасканальна вывучылі. Ёсць пытанні, якія яшчэ трэба высветліць, паглядзець на іх аб'ектыўна, пачынаючы з самых старажытных часоў. Дарэчы, зусім нядаўна выйшла акадэмічнае выданне пра старажытных славянаў на тэрыторыі Беларусі, у якім упершыню прадстаўлены наш погляд на той час. Аднак не ўсе дакументы даследаваны і больш позніх перыядаў — Сярэднявечча, Новага часу — якія знаходзяцца не ў Беларусі, а за яе межамі. Шмат такіх папер захоўваецца ў расійскіх архівах, значная частка з іх нават не разабрана. Напрыклад, у Расійскім гістарычным архіве, які знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, захоўваюцца нашы дакументы, прывезеныя туды яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі — яны так і ляжаць у скрутках, нераспакаваныя. Калі гэтыя рэчы ўрэшце будуць уведзены ў навуковае абарачэнне, нашы погляды на некаторыя падзеі, я ўпэўнены, адкарэктуюцца. Што датычыцца найноўшай гісторыі Беларусі, то, у адпаведнасці з заканадаўствам, з многіх дакументаў яшчэ не зняты грыф сакрэтнасці, некаторыя дакументы засакрэчаны ў сувязі з дзяржаўнымі інтарэсамі.

Рэальна аднавіць усю карціну можна будзе толькі тады, калі да гэтых дакументаў будзе адкрыты доступ навукоўцам. У кожным гістарычным перыядзе, безумоўна, яшчэ маюцца рэчы, якія будуць удакладняцца і патрабуюць даследавання.

— Што за дакументы знаходзяцца за межамі Беларусі, і ці рабіліся спробы іх вяртання?

— Гэта велізарная колькасць архіўных матэрыялаў па розных гістарычных перыядах, якія сёння захоўваюцца ў замежных архівасховішчах. Сапраўды, не ўсе дакументальныя матэрыялы належным чынам апрацаваны, каб дазволіць да іх доступ навукоўцаў. Шмат дакументаў было вывезена ў Расійскую Імперыю, калі адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай, падчас рэвалюцыйных і ваенных падзей ХХ стагоддзя. З-за палітычных, ваенных абставін значная частка дакументаў вывозілася таксама і ў другі бок, на Захад. Камісія па вяртанні дзейнічае пры Міністэрстве культуры і Міністэрстве замежных спраў Беларусі, аднак гэта вельмі складаная справа. Тое, што трапіла на тэрыторыю іншых дзяржаў, лічыцца іх уласнасцю. І толькі добрая воля кіраўніцтва той або іншай краіны можа спрыяць таму, каб гэтыя дакументы былі вернуты на тэрыторыю, з якой былі вывезены ў свой час. Іншы шлях, які выкарыстоўваюць, напрыклад, у працы з дакументамі Радзівілаў — гэта алічбоўка. У электронным выглядзе копіі трапляюць да нас, іх могуць выкарыстоўваць навукоўцы.

— Атрымліваецца, дакументы цэняцца на адным узроўні з мастацкімі каштоўнасцямі?..

— Сапраўды, бо ёсць дакументы, асабліва Сярэдніх вякоў, Новага часу, якія маюць велізарную каштоўнасць. Калі казаць пра ХХ стагоддзе, то тады ўжо было распаўсюджана капіраванне дакументаў: некалькі асобнікаў могуць захоўвацца ў розных месцах, але па сваім змесце яны аднолькавыя.

— У адным са сваіх інтэрв'ю вы казалі, што пакуль няма магчымасці вырабляць ці заказваць якасныя аўдыявізуальныя матэрыялы па гісторыі... Які б час і асоб вы выбралі, калі б была магчымасць увасобіць іх у пэўнай стужцы?

— На мой погляд, увасаблення ў пэўным рамане, сцэнарыі спектакля ці фільма варты Усяслаў Чарадзей: гэтай асобе прысвечана мала аўдыявізуальных твораў, аднак яна заслугоўвае таго, каб да яе звярнуцца. Вельмі цікавы лёс у Іосіфа Гашкевіча — нашага земляка, вядомага дыпламата, даследчыка Японіі. Таксама заслугоўвае ўвагі Іосіф Гурко — генерал-фельдмаршал, вызваліцель Балгарыі — на жаль, пра яго сёння вельмі мала ведаюць. Зазіраючы ў больш познія часы, можна прыгадаць асобу Максіма Танка. Яго жыццё — цэлая эпоха, у якой відаць розныя перыяды. Можна зрабіць цэлы серыял, прысвечаны яго лёсу, у якім адлюструюцца многія грамадскія падзеі. Вартыя ўвагі таксама першы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Усевалад Ігнатоўскі, а таксама такія яго наступнікі, як Васіль Купрэвіч, Мікалай Барысевіч... Добра было б на пэўным тэлеканале зняць цыкл перадач, прысвечаных менавіта гістарычным асобам Беларусі. Да ўдзелу ў такіх здымках трэба далучаць прафесійных гісторыкаў. Бо на тэлебачанні часам даводзіцца бачыць такіх экспертаў, пра якіх нічога невядома: напісана, што гэта гісторык, аднак чым ён займаецца і які перыяд даследуе — тайна.

Толькі з дапамогай дасведчаных спецыялістаў можна аб'ектыўна і цікава паказаць наша мінулае.

— Як бы вы ацанілі, наколькі ў беларускім грамадстве ведаюць сваю гісторыю?

— Насцярожваюць тыя звесткі, якія мы атрымліваем ад нашых калег з ВНУ. Яны гавораць пра тое, што з кожным годам веданне моладдзю гісторыі сваёй краіны пагаршаецца. Я лічу, гэта вялікая праблема, якую трэба вырашаць агульнымі намаганнямі. Нядаўна на нарадзе, прысвечанай навуковым даследаванням, прагучала ідэя правесці ў 2017 годзе з'езд настаўнікаў гісторыі. Магчыма, гэтая прапанова будзе рэалізаваная, я бачу яе відавочную карысць. Трэба думаць, як зацікавіць моладзь у сваёй гісторыі, якія сродкі для гэтага выкарыстоўваць?.. Думаецца, трэба пачынаць з самага маладога ўзросту — каб ужо ў дзіцячых садках у дзецях выхоўвалася павага да традыцый народа. Каб у школах, сярэдніх, вышэйшых навучальных установах веды пашыраліся і цікавасць захоўвалася.

— Мне здаецца, што гісторык — гэта не проста прафесія, а стан душы. Але калі не гісторыкам, то кім бы вы былі?

— Ведаеце, гісторыя не мае адваротнага адліку: «Што было б, калі б?..» Аднак калі казаць пра хобі ў пэўным сэнсе, мне вельмі падабаецца праца на зямлі. Я маю сваё лецішча, і ў цёплы сезон мы з сям'ёй кожныя выхадныя выязджаем туды, я з задавальненнем працую на ўчастку, будую дом — ад гэтых спраў атрымліваю вялікае задавальненне. Таму, калі б я не рэалізаваўся як гісторык, пэўна, прыклаў бы свае намаганні ў гэтай справе. Праца на зямлі для мяне — сапраўдны адпачынак для душы.

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?