Вы тут

Акцыянер не значыць мільянер


У рэдакцыю «Звязды» звярнулася акцыянер адкрытага акцыянернага таварыства «Даламіт» жыхарка Браслаўскага раёна Ірына Ермаковіч. Чытачка скардзіцца на тое, што за 15 гадоў не атрымала практычна ніякіх дывідэндаў з 8 акцый прадпрыемства, на якія яна ў свой час абмяняла 64 чэкі «Маёмасць». Наш карэспандэнт папрасіў кіраўніцтва ААТ патлумачыць, чаму так атрымалася і якім чынам налічваюцца і выплачваюцца дывідэнды акцыянерам.


Іван Ба­бак тлу­ма­чыць журналісту «Звязды»  ме­ха­нізм на­лі­чэн­ня ды­ві­дэн­даў.

Празрыстая арыфметыка

— Здзіўлены, што чытачка не звярнулася да нас, — адразу пагадзіўся на сустрэчу генеральны дырэктар ААТ «Даламіт» Іван Бабак. — Дзейнасць таварыства празрыстая. Апрыёры не можа быць ніякіх «шэрых схем» з выплатай дывідэндаў. Але наяўнасць акцый не значыць, што грамадзянін будзе штогод іх атрымліваць. Тым больш вялікія сумы.

Да развалу СССР на «Даламіце» было каля 1360 работнікаў. Сёння — 960.

Такіх уладальнікаў імянных акцый «Даламіта», як Ірына Ермаковіч, больш за 2,2 тысячы чалавек. У іх каля 50,8 тысячы акцый. А доля галоўнага акцыянера — дзяржавы — каля 99,5%. Колькасць дзяржаўных акцый перавышае 4,2 мільёна штук. Калі адна акцыя прыносіла дывідэнды ў суме 1-2 тысячы рублёў, то ўладальнік 8 акцый атрымаў сумы нязначныя. У той жа час буйны акцыянер у асобе дзяржавы, напрыклад, пазалетась дзякуючы дывідэндам ад вялікай колькасці акцый атрымаў 4,2 мільярда рублёў.

Кіраўнік прадпрыемства растлумачыў, што сумы выплат залежаць ад прыбытку. І не ён, а сход акцыянераў — вышэйшы орган кіравання акцыянерным таварыствам — прымае рашэнне аб выплаце. У складзе назіральнага савета ААТ усяго сем чалавек, у тым ліку і акцыянеры — работнікі прадпрыемства.

— У савеце і прадстаўнікі галоўнага акцыянера — дзяржавы. Паколькі мы падпарадкоўваемся Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва, у назіральным савеце два работнікі ведамства. Яны прызначаны загадам міністэрства, — тлумачыць Іван Бабак.

Пазалетась «Даламіт» спрацаваў з прыбыткам — 11 мільярдаў рублёў. Акцыянерам выплацілі дывідэнды. А летась дзейнасць прадпрыемства была стратная, таму ніякіх дывідэндаў акцыянеры не атрымалі.

На дне кар'ера, назіраючы высокія зрэзы, адчуваеш сабе, як на Марсе.

Дарэчы, раней грамадзянам-акцыянерам іх адпраўлялі па пошце. Але, як падкрэсліў генеральны дырэктар, часта ўзнікалі праблемы па вяртанні гэтых грошай. Некаторыя акцыянеры памянялі месца жыхарства. Многія з-за нязначных сум проста не пажадалі ісці на пошту. Тым больш калі ў вёсцы паштовага аддзялення няма і трэба дабірацца ў суседнюю. У выніку было вырашана выплачваць дывідэнды праз касу прадпрыемства. Але ці паедзе акцыянер за маленькімі сумамі з таго ж Браслаўскага раёна ў Віцебск?

Марсіянскія краявіды

Чытачка таксама прасіла журналістаў даведацца, чым «дыхае» «Даламіт».

Кіраўніцтва прадпрыемства ветліва прадаставіла карэспандэнтам рэдкую магчымасць пабываць у кар'еры па здабычы карыснага выкапню. Даламіт выкарыстоўваецца для вырабу мінеральных угнаенняў, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, у прыватнасці асфальтабетону, а таксама шкла, металу і нават у нафтавай прамысловасці (для вырабу буравых раствораў).

Заварожвае ўнікальная тэхніка. Напрыклад, шагаючы экскаватар. Ён важыць больш за 700 тон, даўжыня стралы — 70 метраў.

Краявід, які мы ўбачылі, напэўна, ідэальна падыходзіць для здымак фільмаў пра іншыя планеты. На дне кар'ера, назіраючы высокія зрэзы, адчуваеш сабе, як на Марсе. Заварожвае ўнікальная тэхніка. Напрыклад, шагаючы экскаватар. Ён важыць больш за 700 тон, даўжыня стралы — 70 метраў. За раз можа зачарпнуць 10 кубоў грунту.

Сярод сотні аўто ёсць і 30 «БелАЗаў» умяшчальнасцю кузава 30 і 45 тон.

— Каб ускрыць пароду, трэба выкапаць мінімум 30-35 метраў. У нас ужо тры адпрацаваныя кар'еры. Здабыча пачалася ў 1931 годзе — з запускам першай шахтавай печы. Яе магутнасць была ўсяго 10 тысяч тон вапны ў год. Тады быў закладзены падмурак прамысловай вытворчасці прадукцыі. У савецкія часы пастаўлялі заказчыкам каля 5 мільёнаў тон за год. Цяпер, у лепшым выпадку, у пяць разоў меней. Даламіт у асноўным купляюць у Беларусі. Ён экспартуецца ў Расію, ва Украіну, краіны Балтыі, — расказаў галоўны тэхнолаг прадпрыемства Леанід Ермаковіч (дарэчы, цёзка аўтара пісьма ў рэдакцыю).

Да развалу СССР на «Даламіце» было каля 1360 работнікаў. Сёння — 960. «Даламіт» знаходзіцца ў пасёлку Руба Віцебскага раёна і з'яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам. Калісьці яно ўтрымлівала і абслугоўвала камунальныя сеткі. Быў на балансе і палац культуры, і іншыя аб'екты сацыяльнага прызначэння. Цяпер усё гэта перададзена на клопат мясцовай улады. За ААТ засталіся толькі інтэрнаты, дзе жывуць работнікі.

Сярод сотні аўто ёсць і 30 «БелАЗаў» умяшчальнасцю кузава 30 і 45 тон.

Патрэба ў падтрымцы

Праблем на прадпрыемстве хапае. Вельмі важна знізіць выдаткі на электраэнергію і газ, якія ўплываюць на сабекошт прадукцыі. Чвэрць электраэнергіі траціцца на эксплуатацыю магутных помпаў, якія не даюць падземным водам затапіць кар'еры. Помпавая станцыя працуе круглы год 24 гадзіны ў суткі. Дарэчы, мала хто ведае, што на «Даламіце» ёсць маленькая ГЭС. Яе ўстанавіў і эксплуатуе расійскі інвестар. Ад сродкаў, атрыманых ад выпрацоўкі электраэнергіі, 10% кожны месяц пералічваюць прадпрыемству.

Нядаўна тут пабываў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. Пасля яго візіту на прадпрыемстве спадзяюцца на магчымасць паніжэння кошту электраэнергіі, якая ўзрасла з-за дэвальвацыі рубля. Дзяржзаказ на закупку даламіту для сельгаспрадпрыемстваў апошнім часам знізіўся па эканамічных прычынах. Прапанова адпраўляць у якасці ўгнаенняў не даламіт для далейшай перапрацоўкі, а комплексны прадукт — таксама пакуль не рэалізаваная. Так робяць ва Украіне, але беларускі аналаг яшчэ не распрацаваны.

Важнае і пытанне паляпшэння транспартавання даламітавай мукі да заказчыкаў. На сабекошт уплывае і тое, што з кожным годам здабыча ажыццяўляецца на большай адлегласці. Патрэбна лагістычнае вырашэнне праблемы.

Прадпрыемству патрабуюцца інвестыцыі. Мадэрнізацыя дазволіла б знізіць сабекошт прадукцыі, адпаведна, і нагрузку на бюджэт па яе закупцы.

Разам з тым зарплата на прадпрыемстве выплачваецца стабільна. Яе сярэдні памер з пачатку года не перавышае 4,6 мільёна рублёў. Тыя, хто працуюць больш за 20 гадоў, маюць першы клас кіроўцы і атрымліваюць больш. Напрыклад, на «БелАЗах» зарабляюць і па 10 мільёнаў. Цякучкі кадраў няма.

У паляпшэнні дзейнасці прадпрыемства зацікаўлены, вядома ж, і акцыянеры. Чым лепшыя вынікі, тым большыя дывідэнды ад акцый.

P.S. Перад публікацыяй кіраўнік прадпрыемства сказаў, што яму з пытаннем наконт дывідэндаў тэлефанавала таксама жанчына з Мінска. Ён усё растлумачыў і параіў прачытаць гэтую публікацыю ў «Звяздзе»

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Віцебскі раён

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?