Вы тут

Хатніх агрэсараў абавяжуць наведваць псіхолага?


У законе аб папярэджанні гвалту ў сям'і неабходна прадугледзець абавязковае праходжанне псіхакарэкцыйнай праграмы агрэсарамі. Пра гэта заявіў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Сяргей КРАСУЦКІ на прэс-канферэнцыі, прысвечанай рэспубліканскай акцыі «Дом без гвалту».


— Сёння прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці прадугледжвае толькі два варыянты — штраф або адміністрацыйны арышт. Распрацоўваючы закон, мы паспрабавалі прадугледзець альтэрнатыўны варыянт прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці — праходжанне абавязковай псіхакарэкцыйнай праграмы, — сказаў Сяргей Красуцкі.

Паводле яго слоў, псіхолагі працуюць з хатнімі агрэсарамі. Аднак пакуль што гэта адбываецца на добраахвотнай аснове. «Міжнародная практыка паказвае, што ў шмат якіх краінах актыўна прызначаецца праходжанне псіхакарэкцыйнай праграмы. Хацелася б гэта замацаваць заканадаўча і ў нас».

— У трох тэрытарыяльных цэнтрах — у Мінску, Гродне і ў Брэсцкай вобласці — псіхолагі пачалі працаваць з агрэсарамі. Яшчэ рана казаць пра вынікі гэтых «пілотных» праектаў, але мы вельмі спадзяёмся, што яны будуць пазітыўнымі, — удакладніла намеснік прадстаўніка Фонду ААН у сферы народанасельніцтва ў Беларусі Алена КАСЬКО. — Прынамсі, міжнародная практыка паказвае, што спецыялізаваныя псіхалагічныя рэабілітацыйныя праграмы для агрэсараў даюць эфект: 70% з тых, хто іх прайшоў, выправіліся.

Як правіла, большасць зваротаў на «гарачыя лініі» для пацярпелых ад дамашняга насілля паступаюць ад саміх ахвяр, а таксама ад іх сваякоў і сяброў. Але і тут ёсць выключэнні.

— За амаль чатыры гады працы нашай «гарачай лініі» (8-801-100-8-801) патэлефанавалі 9 чалавек, схільных да гвалту: 5 мужчын і 4 жанчыны, — адзначыла старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы» Ірына АЛЬХОЎКА. — Нехта з іх хацеў аднавіць свае адносіны, зразумець, чаму ён прыбягае да гвалту і як можна ад гэтага адмовіцца. Цікавіліся агрэсары і тым, якая дапамога была аказана ахвяры. Патрабавалі, каб мы перасталі падтрымліваць іх партнёра (партнёрку).

Пятая частка пацярпелых, якія да нас звяртаюцца — гэта грамадзяне старэйшыя за 60 гадоў. 14% сыноў і 4% дачок з'яўляюцца крыўдзіцелямі ў сямейным гвалце — гэта дарослыя дзеці, якія прымяняюць насілле ў дачыненні да сваіх пажылых бацькоў. Пагражаюць забраць грошы, выселіць з кватэры, здаць у псіхіятрычныя ўстановы, прызнаць іх недзеяздольнымі, каб атрымаць маёмасць.

Паводле слоў Ірыны Альхоўкі, людзі, якія тэлефануюць на «гарачую лінію», як правіла, не ведаюць пра новыя віды адказнасці, якія прадугледжвае Закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў».

— Часта жанчыны, якія пакутуюць ад гвалту на працягу доўгага часу і не звяртаюцца ў міліцыю, фактычна страчваюць магчымасць хуткага прымянення ахоўнага прадпісання (устанаўленне хатняму агрэсару пэўных абмежаванняў: напрыклад, яго могуць абавязаць часова выселіцца з кватэры, дзе пражывае сям'я), — прыводзіць прыклад Ірына Аляксандраўна. — Бо гэтая мера можа быць прыменена толькі пасля некалькіх зафіксаваных правапарушэнняў.

dryla@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».