Вы тут

Для разважанняў часу не было


Гамяльчаніна Анатоля Каротчыкава, які раззброіў злачынцу з нажом і выратаваў дзвюх сваіх суседак, узнагародзілі ў Гомельскім абласным упраўленні ўнутраных спраў. Мужчына атрымаў падзячны ліст і грашовую прэмію. Пры гэтым заўважыў, што героем сябе не адчувае.


— На той момант проста вырашыў дапамагчы людзям і зусім не ўсведамляў, што гэта можа быць небяспечна. Тое, што я пабачыў у кватэры суседзяў, і стала штуршком для маіх дзеянняў. Я выйшаў на іх крыкі і жахнуўся: каля акна крычала малая, а побач на падлозе ў лужыне крыві ляжала суседка, на ёй сядзеў скрываўлены голы мужчына з нажом. Часу разважаць не было. Шкадаваў потым толькі пра тое, што не паспеў крыху раней, — расказвае Анатоль.

Драматычная гісторыя ў Гомелі адбылася 15 сакавіка. Тады ў адчыненую кватэру ўварваўся незнаёмец, які схапіў нож на кухні. Ён напаў на чатырохгадовую дзяўчынку, а потым і на яе бабулю, якая кінулася на дапамогу дзіцяці. Верагодна, гаворыць Анатоль Каротчыкаў, раззброіць маньяка дапамаглі прыёмы, засвоеныя ў юнацтве, калі займаўся вольнай барацьбой і боксам:

— Магчыма, гэтыя навыкі і спрацавалі. Калі я яго абясшкодзіў, ужо ведаў, што рабіць, каб ён мяне не траўміраваў. Потым выклікаў міліцыю і хуткую дапамогу. Бо ліхадзей паспеў параніць дзяўчынку і бабулю. Я не магу не рэагаваць, калі нават нехта ў двары выпівае ці хуліганіць. Самая галоўная ўзнагарода для мяне — што яны засталіся жывыя. Крыўдна было б, калі б не паспеў.

Анатоль працуе слесарам механазборачных работ на буйным прамысловым прадпрыемстве ў абласным цэнтры. Ён сам з'яўляецца бацькам двух хлопчыкаў, адзін з якіх толькі тры месяцы як з'явіўся на свет. Таму, кажа, абараняў і сваіх дзяцей, бо невядома куды мог далей зайсці вар'ят.

Сяргей Дзямкоўскі, першы намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама адзначыў, што сёння на перадавую барацьбы са злачыннасцю актыўна выходзяць простыя грамадзяне, і іх дапамога, сапраўды, неацэнная.

— Добра, што ў барацьбе са злачыннасцю мы не адны. Подзвіг Анатоля нельга пераацаніць. Ён кінуўся на раззлаванага вар'ята, у руках якога быў нож. Людзі засталіся жывымі толькі дзякуючы яго самаадданым дзеянням.

26-гадовы раней не судзімы злачынца сёння знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. У дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа па факце замаху на забойства дзвюх асоб. Следства па справе працягваецца.

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?