Вы тут

"Сацыяльна-эканамічную мадэль вашай краіны лічаць узорнай"


У Авальнай зале, акрамя парламентарыяў, прадстаўнікоў урада, кіраўнікоў вядучых грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, былі і дыпламаты. Карэспандэнт «Звязды» папрасіла іх падзяліцца сваімі думкамі пра ролю Паслання ў жыцці дзяржавы.


Цуй Цымін, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі:

— Беларусь — ледзь не адзіны «востраў стабільнасці» ў сваёй частцы Еўропы. Цяпер стаіць важная задача па вырашэнні эканамічных праблем. Думаю, будуць новыя тактыкі і стратэгіі, аднак упэўнены, эканамічныя складанасці ў Беларусі — гэта часовая з'ява. У краіны ёсць свой добры вопыт эканамічнага будаўніцтва.

Сёння кітайска-беларускія адносіны развіваюцца, яны самыя лепшыя за ўсю гісторыю двухбаковых стасункаў. Будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху выяўляе агульныя інтарэсы нашых краін. Мы высока цэнім Беларусь, якая адыгрывае важную ролю ў стабільнасці рэгіёна. Мне думаецца, што цяпер нам трэба будаваць агульную бяспеку. Сёння ніводная краіна не можа адчуваць сябе бяспечна, будучы адзінокай: трэба трымацца разам, кіруючыся прынцыпам павагі да суверэнітэту.

Велька Кавачавіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сербіі:

— Пасланне Прэзідэнта мае велізарнае значэнне для Беларусі, для беларускага народа. Словы Прэзідэнта важныя не толькі для Беларусі, яны маюць і міжнароднае значэнне. Думаю, пасля выступлення будуць зроблены канкрэтныя крокі для далейшага развіцця дзяржавы. Скажу, што сацыяльная палітыка Беларусі — адна з найлепшых. Гэта не толькі мая думка, гэта меркаванне кіраўніцтва Сербіі, погляд сербаў. Нават у сусветна вядомай Лонданскай эканамічнай школе сацыяльна-эканамічную мадэль Беларусі лічаць узорнай. Такую мадэль патрэбна вывучаць.

Ергалі Булегенаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана:

— Штогадовыя пасланні падводзяць вынікі мінулага года і вызначаюць прыярытэты на найбліжэйшую перспектыву. Улічваючы сённяшнія рэаліі, Пасланне Прэзідэнта мае асаблівае значэнне. У нашай краіне кіраўнік дзяржавы таксама выступае з пасланнямі, гэта традыцыя.

Мустафа Рашэд, кіраўнік прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі:

— Па гэтым Пасланні я, як прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН, бачу, што краіна працягвае свой бліскучы шлях у сацыяльным кірунку. Я быў на інаўгурацыйным выступленні Прэзідэнта, прыемна канстатаваць, што для яго і цяпер важнымі застаюцца агучаныя тады прыярытэты. Безумоўна, гэта патрабуе шмат сродкаў, але для нас вельмі важна, што сацыяльнай палітыцы надаецца вялікая ўвага. У параўнанні з іншымі краінамі Усходняй Еўропы гэта сфера ў Беларусі вельмі добра развіта.

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».