Вы тут

Вайсковая спецыяльнасць цэніцца і пасля службы


Часам бывае так: прызваўшыся на тэрміновую ваенную службу, некаторыя прызыўнікі не змаглі паступіць у прэстыжную вышэйшую навучальную ўстанову або набыць хаця б сярэднюю спецыяльную адукацыю. Аказваецца, добрую прафесію, якая можа спатрэбіцца ў цывільным жыцці, можна атрымаць і ў салдацкіх пагонах. Напрыклад, у 72-м гвардзейскім аб'яднаным навучальным цэнтры, што ў Барысаве.


Вы­клад­чык цык­ла 320-й шко­лы пад­рых­тоў­кі спе­цы­я­ліс­таў, лей­тэ­нант Аляк­сей Ка­роль і ра­да­вы Ар­цём Клю­еў  на прак­тыч­ным за­ня­тку па кі­ра­ван­ні аў­та­кра­нам.

Штогод у шасці школах «вучэбкі» рыхтуюць каля пяці тысяч курсантаў па ста ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. У складзе 320-й школы ёсць адзіная ў сваім родзе вучэбная рота, дзе рыхтуюць машыністаў аўтамабільных кранаў і стропальшчыкаў практычна для ўсіх родаў войскаў Беларускай арміі. Нягледзячы на тое, што кожны з воінаў, накіраваны на вучобу з войскаў, ужо мае на руках пасведчанне кіроўцы катэгорыі «С», вучыцца тут даводзіцца практычна з чыстага ліста. Магутныя аўтакраны з электра- або гідрапрывадам складанейшыя за любы грузавы аўтамабіль, і з наскоку іх не асвоіць. Адолець праграму навучання курсантам дапамагае добрая вучэбна-матэрыяльная база, якая пастаянна абнаўляецца.

Як адзначыў начальнік цыкла падрыхтоўкі спецыялістаў інжынерных войскаў капітан Віктар МАКАРАЎ, курсанты з вялікім жаданнем і зацятасцю авалодваюць тонкасцямі сваёй будучай ваенна-ўліковай спецыяльнасці. А дзе яшчэ, скажыце, сёння можна за тры месяцы навучання атрымаць на рукі адразу дзве жаданыя «корачкі»?! Пасля паспяховай здачы экзаменаў кожны выпускнік атрымлівае два пасведчанні ўстаноўленага агульнарэспубліканскага ўзору на права працы ў якасці стропальшчыка 3-га разраду і машыніста аўтакрана 4-га разраду.

Сярод курсантаў 320-й школы асаблівай павагай карыстаюцца і многія іншыя ваенныя спецыяльнасці. Напрыклад, для злучэнняў і вайсковых часцей тут рыхтуюць спецыялістаў сілавых і асвятляльных электрастанцый. Па словах выкладчыка цыкла старшага лейтэнанта Ільі БАНДАРЧЫКА, пасля паспяховага заканчэння «вучэбкі» падрыхтаваныя электрыкі-дызелісты атрымліваюць другую, а ў войсках і трэцюю групу допуску па бяспецы. Гэта дазваляе ім самастойна працаваць на электрастанцыях, прызначаных для сілкавання розных спажыўцоў пераменным трохфазным токам да 500 вольт або магутнасцю да 100 кілават.

Рыхтуюць у 72-м гвардзейскім аб'яднаным навучальным цэнтры і армейскіх майстроў кухарскага мастацтва. Створана адпаведная вучэбна-матэрыяльная база з навучальнымі класамі і сучаснай лабараторыяй па практычным гатаванні ежы.

Спачатку курсанты штудзіруюць у навучальных класах тэорыю па асновах таваразнаўства харчовых прадуктаў, гігіене харчавання, фізіялогіі, тэхналогіі гатавання ежы. Немагчыма стаць добрым кухарам, не засвоіўшы асноўныя спосабы цеплавой апрацоўкі прадуктаў, парадак іх закладкі ў стацыянарных і палявых умовах, тэхналогію прыгатавання гарніраў і страў.

Перш чым навучыцца гатаваць для ўсіх, спачатку будучыя майстры кухарскай справы самастойна гатуюць абед для сябе. Ужо пасля двухтыднёвай вучобы пачаткоўцаў здымаюць з катлавога забеспячэння, забяспечваюць іх нормай паўфабрыкатаў, з якіх і гатуецца паўнавартасны абед. Зрэшты, побач з навучэнцамі заўсёды знаходзяцца вопытныя майстры кухарскай справы.

Запатрабаваны на рынку працы і выпускнікі 59-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў па эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў. Штогод адсюль выпускаецца каля 800 падрыхтаваных вадзіцеляў БТР, акумулятарнікаў, рамонтнікаў колавых і гусенічных машын, майстроў па рамонце электраабсталявання... Курсантаў рыхтуюць па 16 спецыяльнасцях.

Праходзячы ў навучальным цэнтры дадатковую дападрыхтоўку, маладыя хлопцы не толькі атрымліваюць добрую практыку па эксплуатацыі габарытных шматвосевых машын, але і маюць магчымасць дадаткова набыць (за кошт ваеннага ведамства) катэгорыю «Е» з правам кіравання велікагрузнымі аўтамабілямі з прычэпам (паўпрычэпам). Пасля службы яны — гатовыя «дальнабойнікі», вадзіцелі шматвосевых колавых цягачоў.

У народнай гаспадарцы таксама каштоўны армейскі досвед механікаў-вадзіцеляў баявых машын пяхоты, танкаў і іншай гусенічнай тэхнікі. Сёння, напрыклад, у лясных гаспадарках, геалагічных экспедыцыях ёсць нямала лесапажарных і спецыяльных машын, якія створаны на базе тых жа БМП. Кіраваць такой тэхнікай давяраюць ваеннаслужачым запасу, якія ў свой час скончылі вайсковую «вучэбку».

Мікалай МАКАРЭВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У армію — па прафесію

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.