Вы тут

Вечная Зіна


Сем дзесяцігоддзяў мінула з часоў Вялікай Айчыннай вайны — жудаснай, крывавай, развязанай нямецка-фашысцкімі агрэсарамі супраць мірных савецкіх людзей. Жыццё пад прыгнётам ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму на роднай зямлі стала немагчымым для тых, хто любіў Радзіму і быў гатовы аддаць жыццё за яе свабоду. Сярод іх — і юная піянерка Зіна Партнова, якая прыехала на канікулы разам з малодшай сястрычкай з Ленінграда да бабулі ў вёску Зуі Сіроцінскага раёна Віцебскай вобласці перад самым пачаткам вайны.


Га­лі­на Парт­но­ва-Мель­ні­ка­ва ў му­зеі сва­ёй сяст­ры-ге­ра­і­ні.

Яна толькі скончыла сем класаў і хацела вучыцца далей. Але фашысты перакрэслілі планы. І як толькі Зіна даведалася, што недзе побач дзейнічаюць патрыёты, адразу ж пачала іх шукаць. Моладзь з вёсак Ушалы, Ферма, Зуі, Масцішча і чыгуначнай станцыі Обаль аб'ядналіся ў падпольную арганізацыю «Юныя мсціўцы», якой кіравала камсамолка Ефрасіння Зянькова. Усе яе члены былі залічаны ў партызанскі атрад імя Варашылава брыгады імя Леніна. Зіна стала актыўнай удзельніцай барацьбы з ворагам. У больш спрактыкаваных падпольшчыкаў яна навучылася канспірацыі, трапна страляць, кідаць гранаты. Дзяўчынка распаўсюджвала лістоўкі, была сувязной, разведчыцай, дыверсанткай. Фашысты збіліся з ног, спрабуючы выявіць патрыётаў, якія не давалі ім спакойна таптаць савецкую зямлю.

У канцы лета 1943 года дні і ночы ішлі аблавы, вобыскі, арышты. Калі па даносе здрадніка была схоплена частка юных падпольшчыкаў, фашысты адмаўляліся верыць, што столькі шкоды ім нанеслі звычайныя школьнікі. Яны былі ўпэўнены, што выбухі на чыгунцы, на шашы, лістоўкі, падпалы — справа рук дарослых партызанаў.

605 дзён і начэй змагалася падпольная арганізацыя «Юныя мсціўцы». На яе рахунку — 22 буйныя дыверсіі. І Зіна Партнова мае дачыненне да кожнай з іх. А адну, асабліва небяспечную, дзяўчынка выканала асабіста. У дзённіку камісара партызанскага атрада імя Варашылава Барыса Маркіянава ёсць запіс пра яе подзвіг. Зіне было даручана ў кацёл з ежай для фашыстаў падсыпаць атруту. Тады піянерка працавала на кухні: абірала бульбу, калі-нікалі мыла посуд. Выбраўшы момант, прыўзнялася на дыбачкі і ўсыпала парашок з пакеціка ў варыва на пліце. Пасля абеду гітлераўцы атруціліся, і выхад са сталоўкі быў блакіраваны гестапаўцамі, якія правяралі ўсіх, каб выявіць вінаватага ў дыверсіі. Паставілі талерку супу і перад Зінай, загадалі есці. Выбару не было: калі адмовіцца — адразу здагадаюцца, а калі з'есць — памрэ ад атруты. Дзяўчынка адкусіла кавалак хлеба, праглынула лыжку супу. Ёй паверылі і адпусцілі дадому. Падпольшчыкі пераправілі атручаную Зіну да партызанаў, у шпіталі яе выхадзілі. А больш за 100 эсэсаўцаў знайшлі апошні прытулак на могілках.

16 снежня 1943 года Зіна пайшла на апошняе заданне. Яна павінна была з дупла дуба забраць звесткі ад пуцявога абходчыка пра эшалоны, што прайшлі праз станцыю Обаль. Але дупло аказалася пустым. Зіна накіравалася ў вёску. Ёй карцела даведацца, хто выдаў фашыстам яе таварышаў. 12 чалавек з арганізацыі былі схоплены і расстраляны. Грачухін (прозвішча здрадніка) убачыў яе праз акно і сказаў гітлераўцу, якога пасялілі ў яго хаце, што вось ідзе партызанка.

Зіну схапілі. Кожную раніцу яе выводзілі на допыты. Катавалі, але, як ні стараліся, ніякіх звестак ад Зіны атрымаць не ўдалося. Тады за справу ўзяўся вядомы сваёй жорсткасцю начальнік гестапа Краўзе. Ён прымяняў розныя спосабы, каб зламаць дзяўчынку. Не змог. Дапамагла Зіне яго неабачлівасць. Ён паклаў на стол пісталет, а сам падышоў да акна. Зіна скарысталася ім імгненна: забіла свайго ката з яго ж зброі. Пазбавіла жыцця і дзяжурнага афіцэра, які зазірнуў у кабінет, а потым, выбіўшы аконную шыбу, пабегла да рэчкі, каб схавацца ў прыбярэжных кустах. Але ўслед ужо мчаліся гітлераўцы. Яна паспела стрэліць яшчэ ў аднаго фашыста, але была схоплена. Яе зноў білі, здзекаваліся, дзяўчынцы выкалалі вочы, адрэзалі вушы, раздрабілі пальцы, ды не здолелі пахіснуць яе дух. Месяц і чатыры дні юную разведчыцу трымалі ў засценках гестапа. А марознай студзеньскай раніцай 1944-га, калі ўжо быў чутны гул цяжкіх гармат наступаючых савецкіх войск, 17-гадовую сляпую і сівую дзяўчыну з распухлымі пачарнелымі нагамі вывелі на расстрэл. Грымнуў залп, і Зіна Партнова зрабіла крок у бессмяротнасць. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Зінаіда Мартынаўна Партнова ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза.

У лютым вечна юнай Зіне Партновай споўнілася б 90 гадоў. Дзень яе нараджэння гадзінай памяці «Наша маленькая бясстрашная разведчыца» адзначылі ў Обальскай сярэдняй школе, якая носіць імя гераіні. У Санкт-Пецярбургу сястра Зіны Галіна Партнова-Мельнікава ў музеі ў сваёй кватэры сабрала прыхільнікаў памяці адважнай падпольшчыцы, у тым ліку членаў ваенна-патрыятычнага клуба «Штрафбат».

Таццяна КУЗЬМІЧ, г. Віцебск

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.