Не шкадуй, згубіўшы...


...Чатыры гады таму мая хрэсніца ўдваіх з жаніхом прыязджалі запрашаць мяне на вяселле. Я, вядома, паабяцала быць і ці не ў той жа вечар пачала рыхтавацца. Па-першае, маладыя вырашылі сэканоміць і таму папрасілі мяне «патамадзіць» (значыць, мне трэба было распрацаваць сцэнарый), па-другое, «пасада» вядучай патрабавала адпаведнага знешняга выгляду (сукенкі, прычоскі...) ды безлічы розных прызоў для конкурсаў, па-трэцяе, мне патрэбны былі самы прыгожы каравай і букет. А нарэшце...

Хрэсніца як бы між іншым сказала, што бацькі жаніха даўно ў разводзе і маці замужам за іншым, а вось бацька... І прыгожы ён, маўляў, і вясёлы, і разумны, і добры, а жыве адзін. Я — таксама... Дык раптам?.. Ну сапраўды: чым чорт не жартуе, пакуль Бог спіць? Надзея ж памірае апошняй.

І вось наступае дзень вяселля. Я на машыне (усё падрыхтавана і прадумана) выязджаю з горада. Па дарозе ў кветкавай краме забіраю букет, кладу яго на задняе сядзенне, перш чым сесці за руль, ляпаю боцікамі, каб абтрэсці снег; заводжу машыну. Радуюся, што ўсё пакуль ладзіцца, што я паспяваю, што хвілін праз трыццаць (дарога добрая) буду ў мястэчку, убачу сваю радню, абдыму маладых...

Усё, карацей, цудоўна! Але... было, пакуль, заехаўшы ў двор, я не ступіла на зямлю, пакуль, адчуўшы, што нешта не так, не глянула на ногі і, у прыватнасці, на правы бот... без абцаса, які, трэба разумець, я... «абтрэсла» — разам са снегам...

Разгубленасць, крыўда, адчай — гэта, вядома ж, не ўсе пачуцці, якія зваліліся на мяне ў той момант. А выйсце толькі адно — абувацца ў туфлі і ў іх, па снезе, ісці «кіраваць парадам»...

З чаго ён пачынаўся і як праходзіў, тут расказваць не буду. Скажу хіба, што вяселле атрымалася на славу! А гэта ж надзейная прыкмета — якое вяселле, такое ў маладых і жыццё.

Такім чынам дамоў я вярталася, можна сказаць, шчасліваю.

Засмучала хіба адно: боты. Нідзе ж не дзенешся, давядзецца лезці на антрэсолі, даставаць адтуль старыя, ісці ў іх на працу. А гэтыя, новыя — несці ў майстэрню, думаць там пра замену абцасаў... Наўрад ці ўдасца нешта годнае падабраць... Да таго ж я і так у даўгах — у што гэта выльецца? Вось каб абцас нейкім чынам знайшоўся...

З гэтымі міжвольнымі думкамі я ўязджала ў горад. Уязджала, вядома ж, па той самай дарозе, што і выязджала. А таму без ніякіх надзей «крутнулася» да кветкавай крамы.

Выйшла там з машыны, стала на «беразе» велікаватай лужыны (на дварэ пацяплела, снег растаў). І (ці паверыце!)... убачыла свой абцас! Ён ляжаў ля бардзюра ў невялічкай шчылінцы, і, здавалася, усміхаўся мне! А ўжо я яму, — нібы роднаму!

...Вы, магчыма, спытаеце, хто яго потым прыбіў?

Адкажу: бацька маладога, і ў... той жа вечар.

На вяселлі яшчэ, падчас танцаў, мы з ім разгаварыліся. Тады ж высветлілася, што першы раз ён убачыў мяне, калі я, толькі прыехаўшы, ішла ў хату, і шчыра пашкадаваў: маўляў, жанчына сапраўды прыгожая, але ж кульгавая (тое, што адзін бот без абцаса, ён не заўважыў)...

Другі раз (ужо седзячы за сталом) ён запаважаў мяне, бо, «нягледзячы на гэтую фізічную загану», (ну ці ж не малайчына?!), я не мела нейкіх там комплексаў.

На трэці (на «танцпляцоўцы») — ён заўважыў, што кульгавасць у мяне досыць дзіўная — непрыкметная ў вальсе.

На чацвёрты — што яе чамусьці... няма, але ж была — дакладна... Дзе тады дзелася?

Карацей, усё пачалося менавіта з абцаса! Гэта ён, згублены, дапамог мне спачатку прыцягнуць увагу найлепшага ў свеце мужчыны, потым — цягам вечара — пастаянна падтрымліваць яе, а нарэшце — заваяваць... І не толькі сімпатыю.

Вы скажаце: неверагодна! Але так бывае: праз год у майго мужа нарадзіліся першы ўнук і... першая дачка.

Л. Паповіч, г. Мінск


Вада, як той госць...

Паводка для беларускага Палесся — з'ява звычайная.

І ў той жа час — не зусім... У 1958-м, памятаю, проста пазалівала вёскі, у 1979-м — пазалівала настолькі, што ў многія хаты можна было заплываць на лодках. Затым была вясна 1999-га, і жыхары яшчэ загадзя сталі рыхтавацца да разводдзя. Бульбу з капцоў пераносілі на гарышчы ці на больш высокія месцы; для жывёлы ў хлявах рабілі так званыя рошты; каб каровы не стаялі ў вадзе, не чапалі, не выкідвалі гною з хлявоў...

Вядома ж, рыхтавалася да паводкі і мясцовая ўлада: распрацоўвала так званы план мерапрыемстваў па мінімізацыі наступстваў, прызначала адказных за кожны населены пункт.

...Добра памятаю, як сам я прыехаў у вёску Запясочча.

— Ты чаго гэта да нас, Мікітавіч? — пытаецца дзед Піліп.

— Ды вось, — кажу, — сіноптыкі прагназуюць паводку. Прыехаў расказаць, што рабіць.

— Гэта добра, — прызнаў дзед Піліп. — Твая вёска вясной заўсёды плавае. Дык ты, можа, і сапраўды нешта слушнае падкажаш. А то летась прыехаў чыноўнік, які гэтай паводкі ў вочы не бачыў, але ж таксама нас павучаў... А навошта? Мы ж і самі ўсё ведаем, загадзя рыхтуемся, бо вада — як той госць, яна прыйшла і пайшла...

Але добра, што пры гэтым пазмывала бруд, падсілкавала зямлю...

І гусям раскоша. У пойменных вёсках іх цэлыя чароды былі: усё лета гусі пасвіліся на паплавах, а восенню іх прыганялі дадому. Амаль дармавое мяса.

Я быў рады, што вяскоўцы падрыхтаваныя да разводдзя. Заставалася зазірнуць у краму, нагадаць, каб завезлі ў запас прадуктаў...

Паводка ў той год і сапраўды была памятнай. На шчасце, вялікай шкоды яна не прынесла. Дзед Піліп меў рацыю: вада, як той госць...

Васіль Пяшэвіч, в. Юр'евічы, Жыткавіцкі раён


Развод, альбо Пра тое, адкуль... рогі растуць і як іх збіваюць

Вы ведаеце, што рог — гэта цвёрды выраст на галаве некаторых жывёл. Ведаеце, што ён — звычайна парны, што можа быць музычным інструментам, а таксама — пасудзінай (напрыклад для віна). Ведаеце, што іх, гэтыя рогі, жонкі могуць настаўляць асобным мужам і могуць насіць самі.

Не верыце? Тады слухайце.

Са сваёй першай я пражыў аж 10 гадоў. Чаму аж? Бо дагэтуль дзіўлюся: як вытрымаў?!

Сам я багаценькім Бурацінам не быў, спадчыны ад заможных сваякоў не атрымліваў (мая палавіна, зрэшты, таксама). Але ж пры гэтым я працаваў, як чорны вол, а яна лічыла сябе паненкай. І — адпаведна — жыцця патрабавала акурат такога ж: бесклапотнага, панскага. Прычым патрабавала не толькі ад мяне,  нават ад дзяцей. Яны змалку ведалі, што іх маме дужа цяжка, што яна — пакутніца, што яе трэба шанаваць і шкадаваць. А вось бацька — гэта абібок, які з ранку да вечара недзе швэндаецца і нічога не робіць...

Не вынес я гэтакіх адносін, падумаў: не ўсё ж кату масленіца, хай будзе і вялікі пост. Ну сапраўды, хай пажыве мая гаротніца так, як хоча: хай паспіць да абеду (ложак з новага гарнітура тады палову спальні займаў), хай сама паездзіць (напярэдадні машыну купіў) на танцы жывата (бо ў апошнія гады папаўнела), хай папрымае ў сябе сапраўдных мужчын, ад якіх (кожны дзень мне казала!) у яе адбою няма і г.д.

Карацей, у адзін добры момант сабраў я неабходныя рэчы, прыхапіў ласіныя рогі, знойдзеныя дзедам у лесе, і сышоў: пасяліўся ў бацькоўскай хатцы непадалёк.

Як і варта было чакаць, пасля гэтага для дзяцей (з падачы жонкі) я стаў амаль што ворагам: бачыцца са мной катэгарычна не дазвалялася.

Але ж — чаго не вольна, таго і карціць — шасцігадовы сын употай ад маці ўсё часцей прыбягаў да мяне ў госці.

У адзін з такіх візітаў ён і звярнуў увагу на рогі: папытаўся, чые?

Трэба было мне праўду сказаць, але ж... Дужа крыўдаваў я на былую жонку! Душа балела... А таму з горкай іроніяй ляпнуў, што рогі, маўляў, маміны, што яна апошнім часам нават рэшткі сумлення страціла — вось рогі ў яе і выраслі.

Малы мой трохі памаўчаў (падобна, абдумваў пачутае), а потым пацікавіўся:

— А як яны раслі?

Што было рабіць? Прыладзіў я рогі да ўласнага лба, сказаў:

— Прыкладна так.

Вочы ў сына акруглілся ад здзіўлення і захаплення, а следам пачаўся сапраўдны допыт. Кшталту: «А як гэтыя рогі трымаліся?», «А як мама з імі ўваходзіла ў дзверы?», «А як спала?» І ўрэшце: «А як ты іх зняў?»

Адступаць не было куды: Астапа, што называецца, несла далей. Я — а дакладней крыўда мая — пачаў казаць, што мама ўсіх і ва ўсім папракала, пехам хадзіць не любіла (каб толькі яе вазілі), рабіць нічога не хацела, ела хіба прысмакі... «А калі чалавек так жыве, — казаў я малому, — то ў яго з'яўляюцца рогі і паступова пачынаюць расці: становяцца большыя, потым яшчэ большыя... Імі за ўсіх чапляюцца, імі з усімі бадаюцца... Вось таму я неяк не вытрымаў: як даў нагой ды па тых рагах!.. Збіў іх і забраў з сабою — на памяць».

Малы, як і варта было чакаць, паверыў. У яго дзіцячых вачах адбіўся вобраз таты-героя.

Праўда, на дзень-другі. Потым сын зноў завітаў да мяне і папрасіў:

— Тата, а пакажы яшчэ раз, як у мамы рогі раслі, бо яна сказала, што іх не было.

І зноў нейкі нячысцік прымусіў мяне прыставіць рогі да лба, прайсціся з імі па хаце.

Дзіцяці, як відаць, гэта спадабалася. Ва ўсякім разе потым, варта было жонцы хоць нечым пакрыўдзіць, сынок тут жа бег да мяне, але не скардзіўся, а прасіў паказаць, як рогі раслі і як я збіваў...

Гэта, ну згадзіцеся, была неверагодная гісторыя! І яе, вось такую, першакласнік не мог трымаць у сабе. А таму пра маё геройства хутка даведалася настаўніца. Гладзячы малога па галове, яна тлумачыла, што тата пажартаваў.

...Прайшлі гады. Мой сын, можна сказаць, вырас, але ж калі-нікалі, гледзячы на рогі (ужо, дарэчы, адпаліраваныя і пакрытыя лакам), ён усміхаецца і просіць:

— Тата, а ў мяне вось такія пакуль не прабіваюцца?.. Ты ж глядзі, калі пачнуць расці, збівай іх маленькімі, бо потым балюча будзе.

Што праўда, згадзіцеся, тое праўда.

Генадзь Р. г. Магілёў


P.S. У пошце рубрыкі «Алё, народ на провадзе!» ёсць не толькі вясёлыя і праўдзівыя гісторыі. Усё часцей там гучыць: «Які провад? Амаль няма ўжо падобнай сувязі... Адсталі вы ад жыцця!»

І сапраўды, народ у нас прасунуты: інтэрнэт, планшэты, смартфоны,  электронная пошта (усё менш гісторый з канвертаў)... Дык, можа, і сапраўды, варта перайменаваць рубрыку, назваць яе...

Як?

Меркаванні на гэты конт у рэдакцыі ёсць, але ж рубрыка — ужо пятнаццаць гадоў! — чытацкая, ваша. Значыць, вам, чытачам, і карты ў рукі. Ці не так?

Чакаем прапаноў.

І новых гісторый — таксама.

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.