Вы тут

Што сённяшняе грамадства можа супрацьпаставіць рэцыдывістам


Суд над дамачаўскім забойцам яшчэ не адбыўся. Але відавочна, што атрымае ён гадоў пятнаццаць-дваццаць. А потым зноў выйдзе на волю... Хто стане новай ахвярай гэтага недавярка? Ды ўсё па парадку.


У канцы мінулага года ў гарадскім пасёлку Дамачава ў сваім доме загінула 80-гадовая жанчына. Яе знявечанае цела знайшлі назаўтра. Няшчасная жыла побач са школай, ля якой устаноўлена камера відэаназірання. Запіс дапамог даволі хутка вылічыць таго, хто напярэдадні заходзіў у дом пенсіянеркі. Калі падазраванага затрымалі, ён і не стаў адпірацца. Расказаў, як патрабаваў у гаспадыні дома грошы. А калі яна адмовілася аплаціць яго банкет з нагоды выхаду на волю (з турмы ён выйшаў усяго нейкі тыдзень таму), то былы зэк грошы ў бабулі ўзяў сам. Цаной яе жыцця.

Пасля забойства знайшоў 2,3 мільёна рублёў і адразу падаўся ў краму. Там накупляў гарэлкі, запрасіў сябрука. А на наступную раніцу яшчэ паспеў абрабаваць гандлёвы пункт на аўтазапраўцы побач з пасёлкам. Такое адчуванне, што чалавек пасля выхаду на свабоду спяшаўся трапіць у прывычны для яго асяродак — за краты. Калі толькі названую асобу можна назваць чалавекам...

Варта зазначыць, што фігуранту крымінальнай справы 29 гадоў, ён мае шэсць судзімасцяў, і як ужо гаварылася, за тыдзень-другі да злачынства выйшаў з калоніі. У Дамачаве ён фактычна і не жыў, быў там толькі зарэгістраваны. Некалькі сваіх вольных дзён М. правёў у Знаменцы, населеным пункце, які знаходзіцца значна бліжэй да Брэста, чым пасёлак, у доме, што некалі належаў бабулі.

Старшыня Дамачаўскага пасялковага Савета Уладзімір ХВАЦІК расказаў, што названы мужчына вырас у няўдалай сям'і. Бацькі ўвесь час злоўжывалі спіртным, выхаваннем дзіцяці так-сяк займалася бабуля, пакуль жыла. Потым яна памерла, неўзабаве паўміралі адзін за другім і бацькі. Адным словам, як і пасля папярэдняга вызвалення, на волі М. ніхто не чакаў, нікому ён тут аказаўся не патрэбен. Фактычна ён толькі прыехаў у родныя мясціны, яшчэ і звычайную ў такіх выпадках прафілактычную работу адпаведныя службы не паспелі правесці. Ды і было амаль відавочна, што праводзіць яе няма з кім. Раней судзімы абсалютна не хацеў заставацца на волі.

Меркаванне старшыні пассавета ў гэтай сувязі было цікавым яшчэ і таму, што раней Уладзімір Хвацік працаваў у міліцыі і з падобным кантынгентам грамадзян меў прафесійныя стасункі. Вось што ён сказаў:

— Большасць людзей, якія выходзяць з месцаў пазбаўлення волі, і свядома, і падсвядома настроены потым туды не трапляць. Для іх вельмі важная любая дапамога ў працаўладкаванні, у адаптацыі да новага жыцця, тое, што мы называем прафілактыкай. Але ёсць пэўны працэнт рэцыдывістаў, якія цалкам страцілі сацыяльную арыентацыю, можна нават сказаць, нейкую чалавечую існасць. У іх, як правіла, няма родных і блізкіх людзей. У маёй практыцы былі выпадкі, калі такія грамадзяне казалі: «Хачу дамоў», гэта значыць на зону. Ну а трапіць туды можна толькі праз новае злачынства. Вось такое замкнёнае кола, — працягвае Уладзімір Міхайлавіч.

Зусім скора ў пасёлак вернецца яшчэ адзін яго жыхар. Яму недзе ў раёне 50-ці гадоў, падыходзіць да канца тэрмін яго пятага пакарання. І ўсе прысуды былі вынесены за спробы згвалтавання. Зразумела, што ў Дамачаве ніхто не хацеў бы яго бачыць, з ім сустракацца, як той казаў, на вузкай сцяжынцы. Але ж давядзецца.

Як і ў Ганцавічах з рабаўнікамі ветэрана вайны. Гісторыя вельмі падобная на папярэднюю. Толькі ў ёй задзейнічаны двое былых насельнікаў турмы. Праз колькі дзён пасля выхаду на свабоду ў райцэнтры яны сустрэлі 94-гадовага дзядулю, разгаварыліся з ім, пастараліся ўвайсці ў давер. Магчыма, расказвалі пра сваю цяжкую долю і такое ж матэрыяльнае становішча. Даверлівы ветэран вайны запрасіў іх дадому, нават накарміў злыдняў. Яны сталі скардзіцца, што не хапае грошай на пачак цыгарэт. Дзядуля дабавіў названую суму і схаваў кашалёк у шафку. Тут яны і накінуліся на састарэлага чалавека.

Пракурор Ганцавіцкага раёна Сяргей НАСЕНЯ расказваў, што білі ветэрана рукамі і нагамі, удары наносілі ў тым ліку і па галаве. Старому чалавеку доўга давялося лячыцца ў бальніцы. Доктар потым сказаў пракурору, што стары застаўся жывым выпадкова. Любы з нанесеных удараў у вобласць галавы мог стаць для пацярпелага ракавым.

Сяргей Мікалаевіч асабіста размаўляў з рабаўнікамі і вымушаны канстатаваць, што ў іх адсутнічае матывацыя на нармальнае жыццё ў грамадстве. Яны нават не разглядалі магчымасці ўладкавацца на якую-небудзь работу. Абодва — вяскоўцы, выраслі ў праблемных сем'ях, у дзяцінстве не атрымалі ні належнага бацькоўскага клопату, ні якога-небудзь выхавання. Аднаму з іх 30 гадоў, другому — 26. Малодшы шэсць разоў быў асуджаны за розныя правапарушэнні. На гэты раз кожны з іх атрымаў па дзесяць гадоў пазбаўлення волі. Чаго можна чакаць ад іх пасля вызвалення?

— Нічога добрага, — згаджаецца пракурор, — калі толькі не здарыцца цуд. Ведаю некалькі выпадкаў, калі састарэлыя выхадцы з турмаў падаліся ў манастыры і засталіся там жыць. Але гэта адбылося з грамадзянамі пажылога ўзросту.

Патэнцыяльна небяспечнымі для грамадства становяцца параўнальна маладыя рэцыдывісты, якія большую частку жыцця правялі ў турмах. Яны, як правіла, выраслі ў нядбайных сем'ях. З малых гадоў бачылі п'янкі, амаральныя паводзіны, а то і злачынствы дарослых, нярэдка самі станавіліся ахвярамі агрэсіі з боку старэйшых. Такія людзі другога жыцця проста не ведаюць, нават не ўяўляюць. Яны не чыталі кніг, не бывалі ў гасцях у нармальных сем'ях. Калонія, на жаль, не спрыяе выхаванню чалавечых якасцяў у таго, хто іх не меў з самага пачатку. Выходзіць, што гэтыя ізгоі асаблівым чынам помсцяць грамадству за сваё няўдалае жыццё, за тое, што іх ніхто не любіць і не чакае.

Пры цяперашніх магчымасцях псіхалагічнай службы такіх грамадзян няцяжка вылічыць. Але што з імі рабіць, ніхто не ведае: ні пракурор, ні ўчастковы міліцыянер, ні прадстаўнік мясцовай улады.

Не прыставіш жа да кожнага патэнцыйнага рэцыдывіста ахоўніка, што будзе хадзіць і кантраляваць кожны яго крок. Найбольш безабароннымі ў такім кантэксце, як бачым, становяцца пажылыя людзі. Што ж нам рабіць усім? Няўжо сядзець і чакаць, пакуль такі вось суб'ект заб'е ці пакалечыць пажылога бацьку, дзеда ці маці? Нехта ў эмацыйным парыве скажа, што трэба ўзводзіць лагеры пажыццёвага знаходжання для тых, хто не мае матывацыі для вольнага жыцця. Але ж, зразумела, што гэта не выйсце.

Выйсце спрабуе знайсці вясковы святар, айцец Мікалай Ляўшук з вёскі Святая Воля Івацэвіцкага раёна. Пры храме бацюшка даўно ўжо будуе прытулак для людзей, якія маюць патрэбу ў даху над галавой, кавалку хлеба і слове спагады.

Неяк давялося наведаць гэту царкву. Айцец Мікалай расказваў, што на першым паверсе прытулку, здараецца, жывуць людзі, у тым ліку і тыя, што большасць жыцця правялі ў турмах. Вельмі цяжкім аказваецца іх шлях да сябе. Многія праз пэўны час сыходзяць, не знайшоўшы цікавасці ў новым для сябе ладзе жыцця. А некаторыя застаюцца, пачынаюць працаваць у падсобнай гаспадарцы, зазіраюць у храм падчас малітвы. Значыць, дзеля гэтага варта ствараць падобныя прытулкі. Іх, відавочна, павінна быць болей. А будаўніцтва, напрыклад, у Святой Волі вядзецца з 2008 года, справа прасоўваецца марудна праз недахоп грошай. Тым часам злачынстваў, учыненых раней асуджанымі, на жаль, менш не становіцца...

Лілія СТАЛЯРУК, старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці, паведаміла:

— За першы квартал гэтага года органамі ўнутраных спраў рэгіёна прыцягнута да адказнасці за розныя правапарушэнні 688 грамадзян, якія раней мелі судзімасць. Для параўнання: летась было 680. Сёлета за тры месяцы такой катэгорыяй грамадзян здзейснена 31 цяжкае і 15 асабліва цяжкіх злачынстваў. Дзевяць чалавек гэта зрабілі пасля выхаду з месцаў пазбаўлення волі (небяспечны рэцыдыў), тры чалавекі адбывалі пакаранне двойчы і больш (асабліва небяспечны рэцыдыў). Летась за першы квартал колькасць небяспечных рэцыдывістаў раўнялася пяці, асабліва небяспечных не было. Як бачым, мае месца негатыўная тэндэнцыя.

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі на волі ніхто не чакае

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.