Вы тут

У дзейнасці магілёўскага футбольнага клуба «Днепр» знайшлі парушэнні


— На працягу 2014—2015 гадоў гэтае таварыства неаднаразова парушала заканадаўства, у тым ліку пры атрыманні і выкарыстанні бюджэтных і іншых сродкаў, выдзеленых паводле Указа Прэзідэнта РБ № 191 «Аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту»,— паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Магілёўскай вобласці Аляксандр Шаройкін. — У 2014 годзе клуб падаў у Магілёўскі гарвыканкам недакладныя звесткі аб адсутнасці запазычанасці па плацяжах у фонд сацыяльнай абароны, утаіўшы пры гэтым пратэрмінаваны доўг па крэдыце банка, і незаконна атрымаў 2,5 мільярда рублёў.

Сітуацыю ў клубе нядаўна разгледзелі і на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці. Была звернута ўвага на шэраг праблем і хібаў у яго працы па забеспячэнні выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па развіцці гульнявых відаў спорту. Абавязацельствы клуба накіроўваць не менш за 25% сродкаў, атрыманых ад спонсараў, на развіццё дзіцяча-юнацкага спорту і інфраструктуры футбола выконваліся толькі на паперы. Затое зарплата трэнерам і спартсменам складала больш як 60% выдаткаў.

Амаль усе аб'екты таварыства, якія былі бязвыплатна перададзены яму дзяржавай ва ўласнасць для ўмацавання матэрыяльнай базы, выкарыстоўваліся неэфектыўна. За ўвесь час валодання імі у іх не было ўкладзена ні капейкі. Вялікая частка будынкаў санаторыя-прафілакторыя «Янтар» і піянерскага лагера каля вёскі Чаромушкі Магілёўскага раёна сёння не выкарыстоўваецца, прыходзіць у заняпад і руйнуецца. Не ў лепшым стане і рынак аўтазапчастак па Гомельскай шашы, яго інфраструктура не адпавядае сучасным патрабаванням і пастаянна выклікае нараканні грамадзян. Прылеглая да гэтага рынку аўтамабільная паркоўка таксама патрабуе добраўпарадкавання: маюцца шматлікія дэфекты дарожнага пакрыцця і адсутнічае разметка.

Па выніках праверкі адменена дзяржпадтрымка клуба ў памеры 2,5 мільярда рублёў, даналічаны падатак на дабаўленую вартасць у суме 352 мільёны рублёў, юрыдычная асоба і пяць работнікаў аштрафаваны на агульную суму 2,6 мільярда рублёў. Ад займаных пасад вызвалены генеральны дырэктар і галоўны трэнер. Дзеянні па фактах нявыплаты падатку класіфікуюцца па частцы 1 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Мясцовым органам улады і таварыству зроблены канкрэтныя прапановы па недапушчэнні падобных парушэнняў і стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча клуба.

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Грошы ішлі не на развіццё

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.