Вы тут

Жывапісец Алег Яхнін — пра мастацтва ілюстрацыі


У галерэях «Лабірынт» і «Атрыум» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўпершыню ў нашай краіне праходзіць выстаўка вядомага кніжнага графіка, жывапісца з Санкт-Пецярбурга Алега Яхніна «50 гадоў у кніжнай графіцы». Экспазіцыя арганізавана сумесна з мінскай галерэяй «Кніжны салон» пры падтрымцы санкт-пецярбургскага фонда «Мастацтва графікі».


Алег Ях­нін. Ілюст­ра­цыя з кні­гі апа­вя­дан­няў Чэ­ха­ва.

На выстаўцы ў Мінску можна пабачыць каля 300 работ. Гэта як вядомыя многім і ўжо класічныя работы Алега Яхніна да «Фаўста» Гётэ, твораў Кафкі і Чэхава, Хармса і Шэкспіра, так і зусім новыя ілюстрацыі да яшчэ не выдадзенай кнігі вершаў старажытнарымскага палітыка і паэта Катула. У беларускай сталіцы прадстаўлены таксама асобныя творы з серый афортаў «Славянскія міфічныя істоты», «Сем смяротных грахоў», «Кітайскія стратагемы» і ўнікальныя аўтарскія кнігі ў скураных пераплётах, выдадзеныя абмежаванымі накладамі.

Алег Яхнін — пэўнага кшталту легенда кніжнай графікі. За паўстагоддзя актыўнай працы ён аформіў каля сотні выданняў розных тэм і жанраў, таму можа прасачыць шлях развіцця мастацтва кнігі.

Ён распавядае:

— Раней мастацкая літаратура была абсалютна запатрабаванай, таму і ілюстравалася заўсёды належным чынам. Зараз жа кніга — хутчэй, элітарны прадукт, рэдкі, дарагі тавар. Сёння ўсё часцей кажуць пра кнігу як мастацтва. Таму і аздабляецца яна фундаментальна. Ілюстрацыі, графічныя работы сталі больш складанымі, цяпер трэба рабіць грунтоўныя выявы, эфектныя, здольныя сапраўды ўпрыгожыць кнігу, каб яна выглядала капітальна і ўражвала. А ў цэлым усё застаецца па-ранейшаму. Як заўсёды, мастак чытае кнігу, ужываецца ў яе, шукае вобразы.

Сам творца кажа, што праца з кожным выданнем патрабуе індывідуальнага падыходу, але сярод аздобленых выданняў не зможа назваць самае любімае:

— Калі ў бацькоў дзясяцера дзяцей, то хто з іх самы любімы? — жартуе Алег Юр'евіч. — Натуральна, усе па-свойму дарагія. Гэта ж мае работы, толькі некаторыя з іх больш карпатлівыя, а нейкія патрабавалі менш затрат сіл і часу. Ёсць кнігі, на аздабленне якіх я патраціў два дні, а ёсць праекты, якія я раблю некалькі гадоў. Напрыклад, цяпер працую над шыкоўным выданнем вершаў Катула, дзе запланавана 90 ілюстрацый. Пакуль гатовыя толькі восем з іх. Над аздабленнем рамана Кена Кізі «Над зязюліным гняздом» я працаваў год, над ілюстрацыямі да апавяданняў Чэхава — таксама прыкладна столькі ж. Усё залежыць ад тэксту кнігі. Напрыклад, калі ілюстраваў Кена Кізі, з'яўляліся вельмі падрабязныя сюррэалістычныя выявы. Тут кожная дэталь важная, наслаенне думак, вобразаў і тыпажоў. Таму атрымаліся чорна-белыя выявы і асобныя партрэты-вобразы герояў. Іх нават алеем можна пісаць. А вось работы па творах Чэхава — прасцейшыя. Тут характар, знешнасць перадаюцца без усялякага сюррэалізму, таму і ілюстрацыі такія ж, яны выказваюць не пачуцці і станы, а дзеянні. Нейкія рэчы, скажам, «Гісторыя аднаго горада» Салтыкова-Шчадрына, нараджаюць вельмі многа вобразаў, таму тыпажы шукаю саркастычныя, смешныя. Я заўсёды кажу, што праца ілюстратара вельмі падобная да працы акцёра: у адным фільме яму трэба сыграць бандыта — і майстар ужываецца ў гэтую ролю, а ў іншым — следчага, і яе ён выконвае не менш таленавіта.

А як жа стыль, творчае амплуа мастака?

— Сапраўды, ёсць мастакі, якія ілюструюць толькі пэўны жанр літаратуры, кнігі на вузкую тэму, я ж працую з любымі, — адказвае Алег Яхнін. — Іншая справа, калі кніга не падабаецца. Раней адмаўляўся ад такіх прапаноў, але цягам апошняга дваццацігоддзя пагаджаюся, бо ведаю, што ў кожнай кнізе можна знайсці сваю адметную рысу, грань, цяпер рэдка сустрэнеш «прахадны» тэкст.

Пры падрыхтоўцы ілюстрацый да кнігі варта ўлічваць многія аспекты, а яшчэ — старацца, каб малюнкі былі максімальна праўдзівымі, дакладнымі, адпавядалі гістарычнай эпосе.

Алег Ях­нін. Кот Ба­юн.

— Шмат працы сёння патрабуюць ілюстрацыі да твораў Катула, — кажа мастак. — Паводле задумкі кнігі, кожны з вершаў — а часам ён складаецца толькі з некалькіх радкоў — мусіць мець ілюстрацыю. І адзенне, і зброя, і мэбля, і прылады працы — усе элементы на выявах павінны адпавядаць часу. Здараецца, перад кніжным графікам стаіць досыць канкрэтная задача. Я рабіў кнігу «Піраты Амерыкі», дзе таксама трэба было вельмі скурпулёзна вывучаць іх вопратку, побыт, звычкі.

Алег Яхнін паспяхова працуе ў розных жанрах выяўленчага мастацтва. Апроч кніжнай графікі, займаецца жывапісам, станковай графікай, малюе экслібрысы, а яшчэ — выкладае майстэрства аздаблення кнігі. Сам мастак кажа, што ўсе віды творчасці ў яго жыцці перагукаюцца, «прарастаюць» адзін у аднаго:

— Вобразы, героі кніг бясконца вандруюць у карціны, і мой вобраз таксама пераходзіць у розныя работы. Часам з карцін «вырастаюць» экслібрысы ці наадварот, з графічных лістоў з'яўляюцца карціны. Гэта звычайная справа для мастака, які ўвесь час у творчасці, увесь час працуе.

Дарэчы, жывапісныя работы мастака — надзвычай сур'ёзныя, грунтоўныя, пазбаўленыя штучнай весялосці і спрошчанай прыгажосці.

— У мастацтве важная не толькі прыгажосць, не адно кветачкі-яблычкі павінны быць на карцінах, — тлумачыць Алег Юр'евіч. — Яно нашмат больш сур'ёзнае. Мастацтва павінна абуджаць думку. Складаныя вобразы, нязручныя тэмы — гэта не змрочнасць, гэта побыт, грунтоўнасць. Людзі пакідаюць вёскі, забіваюць жывёл. Нічога добрага ў гэтым няма, але жыццё такое. І я паказваю яго такім.

Асобны цыкл работ мастака складаюць яго аўтапартрэты. Сур'ёзныя і грунтоўныя — жывапісныя, іранічныя і крыху здзеклівыя — графічныя. Ён кажа:

— Графічныя аўтапартрэты я называю «аўтопамі», яны ж несур'ёзныя. Я заўсёды сябе маляваў — калі рабіць няма чаго ці проста як практыкаванне. Многія мастакі так робяць. Але ў мяне «аўтопы» сапраўды ператварыліся ў пэўны жанр. Гэта такі досыць іранічны погляд на сябе. А навошта сябе маляваць сур'ёзным?

Што да мараў, планаў на будучыню і сакрэтаў неверагоднай працаздольнасці, Алег Яхнін кажа так:

— Я жыву будучыняй, маю шмат задумак... У планах — вялікая серыя карцін, мноства выставак. Графіка — пастаянная праца, ёй займаюся літаральна штодня. Мне сумна рабіць нешта адно, увесь час прыдумваю, ствараю. А сакрэты падтрымання працаздольнасці — вельмі простыя: займацца спортам, правільна харчавацца, менш спаць. Што да задумак у галіне кніжнай графікі, то мару праілюстраваць прозу Алега Грыгор'ева, у яго ёсць цікавыя ўспаміны пра дзяцінства ў піянерскіх лагерах у 1950-я гады. Там так эфектна напісана! Вельмі хачу аформіць казкі Гофмана, раманы Платонава, наноў аздобіць апавяданні Грына (раней я ўжо рыхтаваў адно выданне). Насамрэч, вельмі многа хочацца зрабіць: любы твор, які ні вазьмі, вельмі цікавы.

Адметна, што сёння мастак працуе і над свайго роду нататкамі пра ўласнаё жыццё. Сам Алег Юр'евіч свае тэксты мемуарамі не называе, проста кажа, што гэта каментарыі да яго твораў, дзе гаворыцца, як усё было, як стваралася.

P.S. Выстаўка «Алег Яхнін: 50 гадоў кніжнай графікі» працуе да 12 мая.

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кніга як элітарны прадукт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».