Вы тут

«Цяпер людзі ходзяць на экскурсіі і разумеюць, што гэта норма»


Радуйцеся, аматары гісторыі і нетрывіяльных экскурсійных вандровак: любімы многімі «Фэст экскурсаводаў» пройдзе ў Беларусі ў гэтыя выхадныя ўжо сёмы раз. Толькі ў Мінску плануецца каля ста бясплатных экскурсій па самых разнастайных тэмах і маршрутах, апроч таго дзясяткі экскурсій правядуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Мерапрыемства прысвечана Міжнароднаму дню аховы помнікаў і мясцін (18 красавіка) і сёлета аб'яднае культуру і спорт, звяжа амерыканскі футбол і гістарычныя мясціны. Як гэта магчыма зрабіць, а таксама якіх вынікаў дасягнула ініцыятыва нераўнадушных гідаў, «Звяздзе» расказаў каардынатар «Фэсту экскурсаводаў» гісторык Цімафей Акудовіч.


— Паведамлялася, што сёлетні фэст пройдзе ў «якасна новым фармаце». Што гэта будзе за фармат?

— Аснова класічная: мы прапаноўваем экскурсаводам і краязнаўцам правесці бясплатную экскурсію для ўсіх ахвотных па любых тэмах і раёнах, якія самі выберуць.

Адна з прынцыповых змен у тым, што мы паспрабавалі як мага больш экскурсій зрабіць пад запіс. Гэта вымушаная мера, бо мы ўжо не можам кантраляваць колькасць людзей. Таму робім анлайн-рэгістрацыю і рэгістрацыю па тэлефоне.

Кожны год мы выбіралі тэму фэсту, кіруючыся пастановамі Міжнароднага камітэта па помніках і мясцінах ІСОMОS, які і зацвердзіў Міжнародны дзень помнікаў і мясцін. Былі гады, прысвечаныя помнікам індустрыяльнай культуры, адукацыі, палацам, паркам. Сёлета тэма даволі незвычайная: помнікі спорту. Для нас, экскурсаводаў, гэта своеасаблівы выклік. Бо цяпер у нас ёсць толькі адна афіцыйная экскурсія, звязаная са спортам, па праспекце Пераможцаў, і прысвечана яна не помнікам, а сучасным спартыўным будынкам. А вось спорт з пазіцыі мінулага ў нас мала хто разглядае. Таму мы паспрабуем зрабіць маршруты па гістарычных мясцінах, звязаных з ім.

Будзе экскурсія на трэніроўку мінскай каманды па амерыканскім футболе «Ліцвіны». Гэта даволі незвычайны від спорту для Беларусі, таму, думаю, будзе цікава паглядзець, як яны трэніруюцца і што гэта ўвогуле такое.

— У той жа час спартыўная скіраванасць фэсту не адмяняе экскурсій на іншыя тэмы?

— Так, іх большасць. Апроч тых, што былі летась, дадаліся новыя. Па-руску, па-беларуску, на замежных мовах, па Мінску, за горадам, па рэгіёнах, на веласіпедах, аўтамабілях... Па архітэктурных стылях, эпохах, асобах, прафесіях, вуліцах...

— А якія з іх самыя «смачныя»?

— У Барысаве будзе маршрут па скарбе Напалеона на Брылёўскім полі. У Мінску ўпершыню пройдзе экскурсія па Ляхаўцы (раён канцэртнай залы «Мінск». — Аўт.). На мінскім гарадзішчы на Нямізе паспрабуем правесці экскурсію з выкарыстаннем мультымедыя: пакажам выявы на месцы самога замчышча, калі атрымаецца. Будуць новыя цікавыя экскурсіі ў Гродне і Віцебску. У Мінску пройдзе шэраг новых экскурсій па вуліцах: упершыню ў гісторыі вядомы краязнаўца Вадзім Зелянкоў правядзе маршрут па вуліцы Маскоўскай.

Будуць экскурсіі амаль па ўсіх сталічных храмах. Таксама плануем сацыяльны кірунак: прывязём дзяцей з дзіцячых дамоў Мінскага раёна на экскурсіі ў сталіцу.

— Пашкадуйце людзей, як жа паўсюль разарвацца?

— На жаль, давядзецца выбіраць. Фэст — не камерцыйная структура і не ставіць задачай задаволіць усіх. Гэта магчымасць паказаць патэнцыял для правядзення экскурсій. Але мы чакаем, калі якая-небудзь камерцыйная ініцыятыва дадумаецца да гэтага і пачне вадзіць па такіх маршрутах за грошы.

— Колькі наведвальнікаў «прайшло» праз фэст? Ці мяняецца іх стаўленне да гісторыі свайго краю?

— За ўсе гады не скажу, але летась у Мінску на экскурсіі прыйшло больш за 2000 чалавек, а ў рэгіёнах каля тысячы. Колькасць наведвальнікаў расце кожны год. Калі мы толькі пачыналі, гэта было нешта новае, на першы фэст прыйшло каля 700 чалавек. Таму нават па колькасці можна меркаваць, што людзі разумеюць: не трэба ехаць далёка, каб паглядзець і даведацца пра нешта цікавае. Нават Мінск — гэта вялікая таямніца, якую трэба разгадваць і разгадваць, хоць напачатку было так: «Як? У родным горадзе пайсці на экскурсію? Я ж тут на працу хаджу, магу сам вам усё расказаць». Змена, хутчэй, у тым, што цяпер людзі ходзяць на экскурсіі і разумеюць, што гэта норма. І, як паказвае вопыт, у іх пачынаецца дзікі «голад»: бо яны «з'елі» толькі тры экскурсіі са ста, таму жаданне пабачыць і даведацца больш расце.

— Бясспрэчна, «Фэст экскурсаводаў» вельмі папулярны сярод наведвальнікаў. А ці ёсць ад яго карысць для развіцця турызму на рэспубліканскім і, магчыма, міжнародным узроўні?

— Мне здаецца, што ёсць. Ужо другі год нас падтрымлівае Міністэрства спорту і турызму, і кожны раз фэст робіцца ўсё больш маштабным. Па-першае, гэта ўнікальная з'ява, якую мы прыдумалі, такога няма нідзе. Па-другое, для многіх экскурсаводаў гэта першая спроба прафесійнага досведу, «вялікі пінок» у прафесію, які вельмі натхняе развівацца далей. Адсюль выйшла шмат маладых талковых гідаў. Фэст дае магчымасць бачыць новыя формы і тэмы правядзення экскурсій, бо, калі мы пачыналі, у Мінску было толькі тры ці чатыры афіцыйныя маршруты. Цяпер сітуацыя іншая, пешаходныя экскурсіі па сталіцы водзяць і прыватныя гіды, і многія фірмы выкарыстоўваюць гэта як брэнд. Напрыклад, «Аліварыя» праводзіць экскурсіі, дзе расказваюць пра ўладальніка бровара Яна Караля Чапскага, кампанія «Vеlсоm» ладзіла велаэкскурсію... Мне здаецца, у гэтым ёсць і кавалачак нашай заслугі.

— У рамках фэсту гіды працуюць і на замежных мовах. Ці даведваюцца пра такія маршруты замежнікі?

— З гэтым цяжэй. Мы стараемся, дасылаем інфармацыю ў пасольствы, спрабуем дагрукацца да носьбітаў мовы. І звычайна на іншамоўныя экскурсіі прыходзяць тры-чатыры-пяць замежнікаў.

Хоць першапачаткова фэст распрацоўваўся для ўнутранага рынку, нам важна было «падняць» жыхароў Беларусі, каб яны пачалі хадзіць, ездзіць па сваёй краіне. Гэтая мэта ў нас і застаецца.

— Як можна трапіць на экскурсіі?

— Сачыць за наяўнасцю вольных месцаў і запісвацца можна на старонцы httр://guіdеs.bу/fеst/.

«Фэст экскурсаводаў» — сапраўды знакавая падзея. Ужо ў першы дзень анлайн-рэгістрацыі на маршруты па Мінску не засталося вольных месцаў, паводле апошніх звестак па краіне на экскурсіі запісалася каля трох тысяч чалавек. Але яшчэ можна паспрабаваць шчасця: кожны дзень у спісе з'яўляецца некалькі дадатковых экскурсій, да таго ж адмяняюцца папярэднія запісы. Больш шанцаў трапіць на экскурсіі ў рэгіёнах, дзе іх каля 70. Апроч таго, сёлета ў межах фестывалю пройдуць экскурсіі ў Вільні і Маскве.

— Падчас фэсту з'яўляюцца новыя, унікальныя формы правядзення экскурсій. Дзякуючы яму некалькі гадоў таму з'явіліся веласіпедныя экскурсіі, і ў апошнія гады яны набываюць усё большы размах. Менавіта на фэсце з'явіліся экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі — унікальны выпадак не толькі ў Беларусі, але і ў краінах СНД, — адзначае кансультант аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына МАСТАШОВА.

sеrаdzуuk@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».