Вы тут

Румынія пазбавілася права ўдзелу ў «Еўрабачанні-2016»


Румынія пазбавілася права ўдзелу ў «Еўрабачанні-2016», а таксама страціла магчымасць абменьвацца навінамі і трансліраваць спартыўныя мерапрыемствы іншых краін-удзельніц Еўрапейскага вяшчальнага саюза.


Гэтыя санкцыі былі прыняты ў сувязі з неаднаразовай нявыплатай румынскім грамадскім тэлебачаннем Televіzіunea Romana членскіх унёскаў у ЕВС. З 2007 года агульная запазычанасць Румыніі дасягнула 16 мільёнаў швейцарскіх франкаў! Як паведаміў афіцыйны сайт конкурсу www.eurovіsіon.tv, апошні тэрмін, адведзены ўраду Румыніі для падрыхтоўкі гарантый пагашэння запазычанасці, выйшаў 20 красавіка. Генеральны дырэктар ЕВС Інгрыд Дэльтэнрэ выказала расчараванне тым фактам, што, нягледзячы на доўгія перамовы, вырашыць сітуацыю іншым шляхам не было магчымым: «ЕВС перадусім некамерцыйная арганізацыя, якая аб'ядноўвае 73 грамадскія вяшчальнікі ў 56 краінах, і працяглая запазычанасць аднаго з іх ставіць пад пагрозу фінансавую стабільнасць самога ЕВС».

Такім чынам, Румынія, прадстаўнік якой Авідзіу Антон мусіў выступіць у другім паўфінале «Еўрабачання» 12 мая, выбыла з конкурсу, і, адпаведна, не будзе яго трансліраваць і галасаваць. Парадкавыя нумары выступленняў іншых канкурсантаў, пачынаючы з 13-га, пасунуцца на адзін радок уверх, а колькасць краін-удзельніц абодвух паўфіналаў стане роўнай — па 18 у кожным.

Пры гэтым конкурсная песня Румыніі захаваецца на афіцыйным СD-зборніку «Еўрабачання» ў знак павагі да працы артыста.

Тым часам у Стакгольме рыхтуюцца да адкрыцця адмысловыя музычныя пешаходныя пераходы, а на сцэне Глобен-Арэны пачаліся рэпетыцыі будучага шоу. Як гэта магчыма, калі ніводны з замежных канкурсантаў яшчэ не прыбыў у Швецыю? Паводле інфармацыі шведскага тэлебачання SVT.se, гаворка ідзе пра так званыя stand-іn рэпетыцыі дублёраў. Больш як 90 спецыяльна адабраных студэнтаў прадстаўляюць максімальна дакладныя копіі конкурсных нумароў, што дазваляе рэжысёрам-пастаноўшчыкам уявіць поўную карціну, выпрабаваць гук і светлавыя эфекты, а таксама падабраць найлепшыя ракурсы здымак. Дарэчы, выступленне Беларусі нароўні з нумарамі Расіі, Мальты і Аўстраліі пастаноўшчыкі адзначылі як «самыя тэхналагічна складаныя».

Яшчэ адна адметнасць «Еўрабачання-2016» — будзе падрыхтавана яго тэлетрансляцыя на міжнароднай мове жэстаў.

Летась падобная спроба была зроблена ўпершыню, а цяпер шведскае тэлебачанне з улікам назапашанага вопыту плануе пашырыць трансляцыю на як мага большую колькасць краін.


Нагадаем, «Еўрабачанне-2016» стартуе ўжо менш як праз два тыдні, 10 мая. У барацьбу за галоўную ўзнагароду — сімвалічны крыштальны мікрафон — уступяць артысты і калектывы з 42 краін, у тым ліку прадстаўнік Беларусі ІVAN (Аляксандр Іваноў), які выйдзе на сэну 12 мая пад нумарам 5.

Загаловак у газеце: Румынію адключылі ад шоу... за няплату

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.