Вы тут

Як выратавацца ад бязлітасных землятрусаў?


Землятрусы заўжды ў «топе» стужкі навін інфармагенцтваў. Адпаведныя паведамленні з'яўляюцца рэгулярна. Сёлетні красавік — не выключэнне. Цягам другога месяца вясны адбыліся здарэнні, што закранулі розныя кантыненты і зусім не жартам «разварушылі» тыя ж сацыяльныя сеткі. І не толькі іх. Як вядома, серыя моцных землятрусаў адбылася ў Японіі. У выніку — дзясяткі ахвяр, сотні тысяч жыхароў былі пераселены з небяспечных месцаў. А праз некалькі дзён «падземная бура» дасягнула Эквадора, што па прамой праз Ціхі акіян за 15 тысяч кіламетраў ад Краіны ўзыходзячага сонца. Тут наступствы аказаліся цяжэйшыя — амаль 700 загінулых, значныя разбурэнні, паніка. Амаль у гэты ж час каля астравоў Каралеўства Тонга, што знаходзяцца ў Ціхім акіяне, адбыўся землятрус магнітудай 5,8. Яго эпіцэнтр аказаўся за 287 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад сталіцы Нукуалофа, на глыбіні ў 35 кіламетраў, паведаміла геалагічная служба ЗША. Гэтая частка Ціхага акіяна лічыцца адной з самых сейсмічна актыўных, бо яна знаходзіцца на стыку Ціхаакіянскай і Аўстралійскай літасферных пліт. Карыстальнікі сацсетак заўважылі: калі злучыць Эквадор, Тонга і Японію на карце, то атрымліваецца практычна ідэальны трохвугольнік. На фоне серыі землятрусаў, што амаль адначасова адбыліся тут, і з'явіліся меркаванні пра глабальны мегакатаклізм. Наколькі яны маюць рацыю і як выратавацца ад бязлітасных «падземных бур»?


8 мільёнаў жыццяў

Напэўна, нікога не варта пераконваць у тым, што прыродная стыхія смяротна небяспечная. Нядаўна з'явілася адметная статыстыка. З пачатку ХХ стагоддзя стыхійныя бедствы на нашай планеце нанеслі сусветнай эканоміцы шкоду ў сем трыльёнаў долараў, падлічылі даследчыкі з Германіі. У складзенай імі базе даных зарэгістраваны 35 тысяч катаклізмаў, у выніку якіх загінулі больш за восем мільёнаў чалавек...

Дарэчы, агульная сума эканамічнай шкоды, нанесенай стыхійнымі бедствамі з 1900 года, вар'іравалася паміж 6,5 і 14 трыльёнамі долараў у залежнасці ад таго, як даследчыкі пераводзілі ў долары 2015 года іх ацэначны кошт у момант прыроднага катаклізму. Не менш складана было вызначыць і дакладныя звесткі пра ахвяр стыхійных бедстваў.

Група навукоўцаў з Тэхналагічнага інстытута Карлсруэ вывучыла паведамленні ў прэсе і інфармацыю з архіваў на больш чым 90 мовах пра паводкі, засухі, штормы, вывяржэнні вулканаў, землятрусы і лясныя пажары. У перыяд паміж 1900 і 2015 гадамі прычынай каля 40% эканамічнага ўрону былі паводкі, 25% — землятрусы, 20% — штормы, 12% — засухі, 2% — лясныя пажары і менш за 1% — вывяржэнні вулканаў. Хоць у абсалютным вымярэнні эканамічныя страты выраслі за апошнія 100 гадоў, цяпер яны складаюць меншы працэнт ад сумарнага кошту будынкаў, дарог і іншай інфраструктуры.

Гэта азначае, кажуць даследчыкі, што чалавецтва навучылася лепш спраўляцца з наступствамі стыхійных бедстваў.

Але, вядома, карціна адрозніваецца ў залежнасці ад пэўнай тэрыторыі. Апроч таго, розныя краіны схільныя да «сваіх» стыхійных бедстваў. Напрыклад, у Вялікабрытаніі найбольшыя страты прыносяць паводкі, у Чылі і Новай Зеландыі — землятрусы, а ў многіх рэгіёнах Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі самымі небяспечнымі аказаліся перыяды моцнай спёкі і засухі. За апошнія дзесяцігоддзі таксама змяніліся прычыны эканамічных страт. Напрыклад, улады ў Кітаі прыклалі нямала намаганняў для ўзвядзення сістэмы ахоўных збудаванняў, якія папярэджваюць паводкі, што значна скараціла шкоду ад гэтага бедства.

«З 1960 года заўважаны новы трэнд: штормы прыносяць усё большы ўрон, — сказаў у інтэрв'ю Бі-бі-сі інжынер Джэймс Даніэль. — Зараз каля 30% эканамічных страт ад стыхійных бедстваў наносяць штормы і штармавы нагон вады». Па яго словах, аналіз стыхійных бедстваў у мінулым дапаможа ўладам і дабрачынным арганізацыям больш дакладна ацэньваць маштабы нанесенай шкоды і дазволіць лепш планаваць свае дзеянні на будучыню.

Небяспечныя раёны

Катастрофы і стыхійныя бедствы, што адбыліся ў свеце ў 2015 годзе, нанеслі агульную эканамічную шкоду на суму ў $92 млрд, пры гэтым колькасць прыродных катаклізмаў аказалася рэкорднай. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў апублікаванай справаздачы швейцарскай страхавой кампаніі Swіss Re. «Летась былі зафіксаваны 353 катастрофы, з іх 198 насілі прыродны характар», — адзначаецца ў дакуменце. Самым разбуральным, па інфармацыі Swіss Re, стаў землятрус у Непале. Шкода ад яго склала $6 млрд, а колькасць ахвяр дасягнула 9 тыс. чалавек. «Землятрус у Непале, эпіцэнтр якога знаходзіўся паблізу сталіцы Катманду, прывёў да маштабных разбурэнняў і ўрону, які па большай частцы не быў пакрыты за кошт страхавых выплат. Трагедыя адбылася ў тым рэгіёне, дзе людзі ў найменшай ступені былі здольныя абараніць сябе», — адзначыў галоўны эканаміст кампаніі Курт Карл.

Пры гэтым самай буйной катастрофай, страты ад якой (прыблізна $2,5-3,5 млрд) былі пакрыты страхоўкай, стаў выбух на партовым складзе ў кітайскім горадзе Цяньцзінь, у выніку якога загінулі 173 чалавекі.

Дарэчы, кампанія адзначае, што летась мацней за ўсіх пацярпелі краіны Азіі — іх эканамічныя страты ад рознага роду катаклізмаў склалі $38 млрд. Гэта не дзіўна, паколькі шэраг краін макрарэгіёна ўваходзяць у адзін з найбольш высокасейсмічных раёнаў свету. Увогуле да яго адносяцца актыўныя ўскраіны Ціхага акіяна, дзе акіянічныя пліты апускаюцца пад кантынентальныя і напружанні, што ўзнікаюць у халоднай і цяжкай пліце, разраджаюцца ў выглядзе шматлікіх землятрусаў. Іх гіпацэнтры ўтвараюць нахільную зону, што сыходзіць у верхнюю мантыю Зямлі да глыбінь у 600-700 км. Уяўляеце маштаб працэсу!

Яшчэ адзін рэгіён моцных і частых землятрусаў — гэта Альпійскі горна-складкаваты пояс, што распасціраецца ад Гібралтара праз Альпы, Балканы, Анатолію, Каўказ, Іран, Гімалаі ў Бірму і з'явіўся 10-15 мільёнаў гадоў таму назад у выніку калізіі грандыёзных літасферных пліт: Афрыкана-Аравійскай і Індастанскай, з аднаго боку, а таксама Еўразійскай — з другога. Працэс сціскання працягваецца і цяпер, таму ўвесь час напружанні, якія назапашваюцца, бесперапынна разраджаюцца ў выглядзе землятрусаў. На постсавецкай прасторы да найбольш сейсмічна актыўных рэгіёнаў адносяцца Усходнія Карпаты, горны Крым, Каўказ, Капетдаг, Цянь-Шань і Памір, Алтай, раён возера Байкал і Далёкі Усход, асабліва Камчатка, Курыльскія астравы і востраў Сахалін (дзе, дарэчы, 28 мая 1995 года адбыўся разбуральны Нефцягорскі землятрус з магнітудай 7,5, а колькасць загінулых склала 2 тыс. чалавек).

Кожны землятрус з магнітудай звыш 7 можа стаць буйной катастрофай. Аднак можа застацца і без ахвяр, калі адбудзецца ў пустэльным раёне. Так, грандыёзная прыродная катастрофа — Гобі-Алтайскі землятрус (адбыўся ў 1957 годзе, магнітуда склала 8,5, інтэнсіўнасць — 11-12 балаў) — застаецца амаль не вывучаным. Між тым, з-за велізарнай сілы, малой глыбіні ачагу і адсутнасці расліннага покрыва ён пакінуў на паверхні адметныя змяненні. У выніку сярод усяго іншага з'явіліся 2 возеры, імгненна ўтварылася каменная хваля вышынёй да 10 метраў. Тэрыторыя шырынёй 50-100 км і даўжынёй 500 км (як Данія ці Галандыя) была цалкам разбурана. Калі б гэта здарылася ў густанаселеным раёне, колькасць ахвяр вымяралася б мільёнамі.

Бязлюдных мясцін на планеце мала і часцей здараецца па-іншаму. Больш за ўсё ахвяр за ўсю гісторыю сабраў так званы вялікі кітайскі землятрус, які адбыўся ў правінцыі Шэньсі 23 студзеня 1556 года. Тады загінула прыблізна 830 тысяч чалавек. У эпіцэнтры землятрусу адкрыліся 20-метровыя правалы і расколіны. Разбурэнні закранулі тэрыторыі, якія знаходзіліся за 500 км ад эпіцэнтра. Некаторыя раёны Шэньсі зусім апусцелі, у іншых загінула каля 60% насельніцтва. Адносна нядаўна — у 1976-м — здарыўся Таншаньскі землятрус (паўночна-заходні Кітай) магнітудай 8,2. У выніку загінула больш за 655 тыс. чалавек. І ў ХХІ стагоддзі здараюцца «падземныя буры» з сотнямі тысяч загінулых. Напрыклад, 12 студзеня 2010-га адбыўся землятрус на Гаіці. У выніку яго 220 тыс. чалавек загінулі, 300 тыс. атрымалі раненні, 1,1 млн пазбавіліся жылля.

Патушыць... хвалю

Зямля — гэта арганізм, які ўвесь час знаходзіцца ў руху. Таму землятрусы няўхільныя, яны напрамую звязаны з геалагічнай эвалюцыяй планеты. Ніхто не ведае дакладна, колькі землятрусаў насамрэч адбываецца на Зямлі. Штогод прыборамі рэгіструецца больш мільёна «падземных бур». Тысячы сейсмографаў, дэфармометраў, акселерографаў кругласутачна ўслухоўваюцца ў пульс Зямлі. Але гэтак жа, як і тысячы гадоў таму, мы не ў стане прадбачыць, дзе, якой сілы і, галоўнае, калі адбудзецца чарговы ўдар падземнай стыхіі. Кожны прагноз носіць імавернасны характар, і галоўная мэта сейсмалогіі яшчэ не дасягнута.

Існуюць меркаванні, што «падземныя буры» могуць быць звязаны паміж сабой. Найбольш імавернай з'яўляецца гіпотэза пра тое, што энергія, якая выпрацоўваецца першым землятрусам, прыбывае ў раён ужо схільны да «ўзрушэнняў», даючы свайго роду «штуршок» да падзей. Праўда, гэта толькі гіпотэза, яшчэ складана дакладна сказаць ці існуе сувязь паміж тымі ж нядаўнімі сейсмічнымі падзеямі ў Японіі і Эквадоры.

Землятрусы рознай сілы і ў розных раёнах зямнога шара адбываюцца ўвесь час, наносячы велізарную матэрыяльную шкоду і прыводзячы да шматлікіх ахвяр.

Менавіта таму навукоўцы розных краін праводзяць значныя даследаванні па вывучэнні прыроды «падземных бур» і іх прагнозу. На жаль, прадказаць месца і час землятрусу, за выключэннем некалькіх выпадкаў, дагэтуль яшчэ не атрымліваецца. Як жа ад іх абараняцца? Паказальны вопыт Японіі.

Краіна ўзыходзячага сонца адносіцца менавіта да густанаселеных. Да таго ж Японія — тэрыторыя з найбольшай сейсмічнай актыўнасцю. Яна знаходзіцца ў зоне «вогненнага кальца» (на тэрыторыі краіны налічваецца каля 200 вулканаў), на стыку Азіяцкага і Ціхаакіянскага тэктанічных пластоў. Тут штодня(!) адбываюцца дзясяткі землятрусаў, а кожныя некалькі дзён — моцныя — з магнітудай больш за 5. Часам здараюцца і разбуральныя «падземныя буры» жахлівай сілы. У сакавіку 2011 года ўвесь свет назіраў за катастрофай на ўсходнім узбярэжжы вострава Хансю — землятрус, які адбыўся ў Ціхім акіяне, стаў самым моцным за ўсю гісторыю Японіі. Ад магутнага цунамі моцна пацярпелі ўзбярэжныя раёны. Але сталіца краіны, якая знаходзілася за 373 кіламетры ад эпіцэнтра, не была разбурана.

З даўніх пор у Японіі і іншых краінах, якія адносяцца да небяспечнай зоны, такіх як Чылі, Новая Зеландыя, Інданезія, удзяляецца вялікая ўвага распрацоўцы сейсматрывалых канструкцый. Сучасны Токіа — адзін з самых абароненых ад землятрусу гарадоў у свеце. Жыхары японскай сталіцы ведаюць, што іх горад стаіць на скрыжаванні чатырох тэктанічных пліт, таму практычна не зважаюць на 3-4 заўважныя землятрусы ў год, якія, дарэчы, вельмі палохаюць прыезджых.

Усе будынкі і канструкцыі ў Японіі ў той ці іншай ступені сейсматрывалыя, і чым маладзейшая пабудова, тым вышэйшы ўзровень бяспекі для жыхароў. Большасць гмахаў пабудаваны з улікам магчымых падземных штуршкоў і сканструяваны такім чынам, што энергія штуршка гасіцца, не разбураючы будынак. Так, напрыклад, хмарачос І-Land Tower усталяваны на адмысловых амартызацыйных падушках. Другі будынак такійскага ўрада пры падземных штуршках паварочваецца вакол сваёй восі. Некаторыя будынкі ў Японіі пабудаваны на рэйкавай платформе, падчас «падземных бур» яны плаўна ездзяць, а не разгойдваюцца. Нядаўна таксама пачалі распрацоўваць і выпрабоўваць новы спосаб павышэння сейсматрываласці будынкаў за кошт выкарыстання рэзервуараў з вялікім аб'ёмам вады. Як вядома, пры ўзбоўтванні вада хутка вяртаецца ў стан спакою, гэта ідэя і пакладзена ў аснову абароны будынкаў падчас моцных штуршкоў.

І яшчэ. Аказваецца, што землятрусы прыносяць... карысць.

Сейсмічныя ачагі, казаў акадэмік князь Барыс Галіцын, заснавальнік сучаснай сейсмалогіі, падобныя на ліхтар, які на імгненні высвятляе «вантробы» Зямлі. Такія звесткі надзвычай цікавыя і вельмі важныя. Сейсмічныя хвалі, праймаючы планету, прыносяць унікальную інфармацыю пра нетры, якую па-іншаму ніяк не здабыць. Недалёка той час, калі людзі будуць прымяняць яе падчас пошуку карысных выкапняў, якія знаходзяцца на вялікай глыбіні, бо першыя кіламетры верхніх гарызонтаў зямной кары практычна дэталёва разведаны.

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Утаймаваць «падземныя буры»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.

Грамадства

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

За дзесяць месяцаў бягучага года супрацоўнікі міліцыі выявілі больш за 600 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх.

Грамадства

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі падрыхтаваў для педагогаў рэкамендацыі па вырашэнні канфліктных сітуацый.

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.