Вы тут

Што зрабiць, каб было менш забойстваў i iншых цяжкiх злачынстваў?


Што зрабiць, каб было менш забойстваў i iншых цяжкiх злачынстваў? Пытанне, актуальнае для ўсёй краiны, абмяркоўвалi дэпутаты Вiцебскага абласнога Савета i кiраўнiкi праваахоўных органаў. На каардынацыйным пасяджэннi адбылася сур'ёзная размова пра недахопы прафiлактычных мер.


I зноў фармалiзм

— Летась на Вiцебшчыне здзейснена 60 забойстваў — на 9 больш, чым пазалетась. Калi параўнаць з iншымi абласцямi, наша ў сярэдзiне. А за апошнiя 5 гадоў, пачынаючы з 2011-га, зарэгiстравана 266 забойстваў. Вядома, што такi вiд злачыннасцi iснуе ва ўсiх краiнах, нават з высокiм узроўнем жыцця. У Беларусi гэты паказчык трэба звесцi да мiнiмуму, — расказаў Генадзь Дыско, пракурор Вiцебскай вобласцi.

Аналiз матэрыялаў крымiнальных спраў сведчыць, што папярэднiчалi злачынствам у большасцi выпадкаў асацыяльныя паводзiны. У прыватнасцi, на момант здзяйснення наўмысных забойстваў 72% вiнаватых знаходзiлiся ў стане алкагольнага ап'янення, 59% — не працавалi i не вучылiся...

— На жаль, не ва ўсiх рэгiёнах ёсць дакладнае ўзаемадзеянне памiж праваахоўнiкамi i органамi ўлады, установамi аховы здароўя i адукацыi i гэтак далей. Часцяком прысутнiчае фармалiзм у адносiнах да прафiлактыкi, няма належнага ўплыву на грамадзян, схiльных да супрацьпраўных паводзiн, у тым лiку раней судзiмых. У прыватнасцi, летась раней судзiмымi здзейснена 20 забойстваў. На iх жа рахунку 41 наўмыснае прычыненне цяжкiх цялесных пашкоджанняў, — канстатаваў Аляксандр Сiдаровiч, першы намеснiк пракурора Вiцебскай вобласцi.

Рэзанансныя злачынствы

Шмат папрокаў у свой адрас пачулi прадстаўнiкi праваахоўнага ведамства.

У прыватнасцi, паводле слоў намеснiка пракурора, незаконна знаходзiўся ў Беларусi жыхар Расii, раней судзiмы. У Пастаўскiм раёне ён забiў састарэлую жанчыну. Калi б яго своечасова дэпартавалi, трагедыi б не адбылося.

Рэзанансным стала забойства старэйшыны вёскi ў Браслаўскiм раёне. Яна жыла адна, дапамагала многiм парадамi, грашыма... Забойца i раней не сябраваў з законам. Калi б ён быў пад пастаянным кантролем, жанчына i сёння жыла б.

Наогул, прафiлактыка злачынстваў супраць састарэлых, як лiчаць пракурорскiя работнiкi, «кульгае». Гэту праблему дэпутаты бяруць пад асаблiвы кантроль.

Сёлетняе забойства, учыненае падлеткам, вельмi жудасны прыклад, мякка кажучы, дрэннага выхавання. П'яны, ён з прымяненнем гвалту ўкраў грошы. Аднёс потым сваю непрытомную ахвяру да чыгункi, цела паклаў на рэйкi... А да ўчынення забойства непаўналетнi аж 9 разоў (!) прыцягваўся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi. У тым лiку за хулiганскiя дзеяннi ў п'яным выглядзе, пагрозы расправай, скандал з мацi. Летась за крадзеж маёмасцi ён быў асуджаны. Але чамусьцi з адтэрмiноўкай пакарання. Куды глядзела камiсiя па справах непаўналетнiх?

Хто чым дыхае

У сваю чаргу, кiраўнiкi ўпраўлення ўнутраных спраў Вiцебскага аблвыканкама прапануюць шэраг прафiлактычных мер. Трэба, напрыклад, забаранiць гандаль ноччу спiртным на аўтамабiльных запраўках. Насамрэч атрымлiваецца «казус»: начныя крамы зачынiлi, а на запраўках па-ранейшаму купляюць спiртное. Толькi па параўнальна большай цане. На нецвярозую галаву ды ў цёмны час сутак i ўчыняецца вялiкая колькасць злачынстваў.

Агучылi праблему недастатковай увагi мясцовай улады да працы саветаў грамадскiх пунктаў аховы правапарадку. Некаторыя з грамадскiх пунктаў знаходзяцца ў жудасных памяшканнях. Убачыўшы iх фота, памочнiк Прэзiдэнта па Вiцебскай вобласцi прапанаваў у такiх умовах працаваць адпаведным чыноўнiкам. Маўляў, калi не знаходзiце грошы на рамонт, калi ласка, працуйце самi ў такiх памяшканнях. Сорамна, калi, напрыклад, у Вiцебску не могуць выдзелiць добраўпарадкаваныя пакоi, каб там працавалi згаданыя вышэй пункты...

Ёсць iдэя, як больш эфектыўна выяўляць праблемныя сем'i, якiя не знаходзяцца на ўлiку. А як «вылiчыць» усе кватэры, дзе пастаянна «гулянкi» i «гатэлi» для аматараў выпiць? Медыкам, якiя прыходзяць у такое жыллё па выклiках, прапанавалi аператыўна паведамляць пра ўбачанае ў мiлiцыю.

Апошняя, трэба аддаць ёй належнае, ведае адрасы так званай «малiны». Але ў кожную ж кватэру не зойдзеш. Тым больш калi суседзi не скардзяцца. Хоць участковы iнспектар проста абавязаны ведаць «хто чым дыхае» ва ўсiх дамах на яго тэрыторыi.

Вызвалiўся, i?..

Мiлiцыя працуе i з тымi, хто вызвалiўся з «месцаў аддаленых». Але як уладкаваць на працу грамадзянiна з неiдэальнай бiяграфiяй? У прыватнасцi, на мясакамбiнаце было адмоўлена раней судзiмаму з-за нежадання працоўнага калектыву. Аналагiчна i ў сельскагаспадарчай арганiзацыi. Зразумець работнiкаў можна. Але... Трэба, каб у гэтым пытаннi было разуменне кiраўнiкоў. Калi чалавек пасля калонii не можа зарабiць на жыццё сумленна, вядома, ён зноў пойдзе на злачынства.

Дарэчы, нядаўна ў Вiцебску адбыўся тэматычны семiнар. У iм бралi ўдзел супрацоўнiкi Генеральнай i абласных пракуратур, прадстаўнiкi органаў МУС, мясцовага самакiравання.

— Вывучаўся вопыт выпраўлення асуджаных, папярэджання рэцыдыўных злачынстваў. Было арганiзавана наведванне папраўчай калонii № 3 у Вiцебскiм раёне. У прысутнасцi ўдзельнiкаў семiнара адмiнiстрацыя ўстановы правяла атэстацыю асуджаных. Адбылося i пасяджэнне камiсii па разглядзе пытанняў аб прадстаўленнi асуджаных да датэрмiновага вызвалення, — паведамiў Васiль Пашкоўскi, начальнiк аддзела пракуратуры Вiцебскай вобласцi.

Сёлета дэпутаты абласнога ўзроўню абмяркуюць пытанне аб эфектыўнасцi работы па папярэджаннi злачынстваў i прафiлактыкi правапарушэнняў. Такiм чынам, праблеме ўдзяляецца ўвага не дзеля справаздачы i «галачкi». Тым, хто недапрацоўвае, дадзены час на выпраўленне сiтуацыi. Ад таго, што будзе зроблена, залежыць i наша з вамi жыццё.

pukshanski@zviazda.by

Загаловак у газеце: Калi прафiлактыка «кульгае»...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.