Вы тут

Хлеб і соль... з дабаўкай замаруджанага дзеяння


«Сён­ня рас­це коль­касць скар­гаў на якасць прадуктаў, людзі занепакоены тым, што ў іх саставе шмат дабавак. Навошта прыўносіць іх нават у асноўныя прадукты харчавання, такія як хлеб?» — слушна, лічу, заўважае старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Мінскае таварыства спажыўцоў» Ірына Астаф'ева («Звязда» за 22.03.2016).


Пытанне — навошта? — вельмі наспелае. Цяпер нават такая звычная для нас прыправа ў хлеб, як соль, ідзе з дабаўкай. Апошнім часам колькі я ні адкусіў бы, напрыклад, лідскага хлеба, у роце адчуваю, «засядае» тонкі горкі прысмак. Не адзін дзень стараюся зразумець, ад чаго гэта? Нарэшце пачаў уважліва чытаць пра састаў хлеба. І вось даходжу да солі. Напісана: з антыкамкавальнікам — ферацыянідам калію. Пачаў шукаць адказ на пытанне, што гэта за такая дабаўка ў соль?

У інтэрнэце пішуць, што гэта «жоўтая крывяная соль (харчовая дабаўка Е-536) — ферацыянід калію, комплекснае злучэнне двухвалентнага жалеза. Ферацыянід калію — вытворнае цыяніду калію, альбо інакш — цыяністага калію, вядомага як атрута імгненнага дзеяння. У прамысловым выглядзе — гэта таксічнае рэчыва. Пры атрыманні Е-536, гэтаксама, як і Е-535, утвараюцца, у залежнасці ад спосабу вытворчасці, і іншыя цыяніды, уключаючы сінільную кіслату...

І вось чытаю, што пра гэтую дабаўку ў соль на сваім сайце піша доктар біялагічных навук Ірына Ермакова (Інстытут вышэйшай нервовай дзейнасці і нейрафізіялогіі Расійскай акадэміі навук): «Соль з дабаўкай ферацыянід калію (536 альбо 535) небяспечна для жыцця. Бо такая соль пачынае тармазіць рух крыві ў целе. Дзеянне гэткай солі вельмі павольнае і згубнае. Можа прайсці многа месяцаў, перш чым зразумееш, што з табою нешта не так. Адной з ранніх прыкмет можа стаць адчуванне холаду ў пальцах рук».

Праблемы са здароўем, прычынай якіх можа стаць ферацыянід калію, паводле спецыялістаў-медыкаў, наступныя: захворванні стаўнікава-кішачнага тракта, печані і жоўцевага пузыра; гнойныя запаленні скуры, высыпкі, дэрматыты; расстройствы нервовай сістэмы; захворванні лімфатычнай сістэмы; сур'ёзная інтаксікацыя ўсяго арганізма.

Словам, бед — цэлы букет...

Але... Вось што на мой зварот — чаму дапушчана прыўнясенне ў хлеб такога шкоднага для здароўя хімічнага рэчыва? — адказала в. а. намесніка навукова-практычнага цэнтра гігіены Міністэрства аховы здароўя Кацярына Федарэнка: «Санітарныя нормы і правілы дапускаюць выкарыстанне дабавак пры вытворчасці харчовай прадукцыі. Выкарыстанне Е536 і Е535 гарманізавана з патрабаваннямі, якія прымяняюцца ў Еўрапейскім саюзе. Гэтыя дабаўкі адносяцца да класа антыкамкавальных агентаў і прызначаны для папярэджвання зліпання часціц парашкападобнай і дробнакрысталічнай харчовай прадукцыі і захавання яе сыпучасці. Рэгламент — не больш за 20 мг на кг. Дазволеныя на тэрыторыі нашай краіны харчовыя дабаўкі ў тых канцэнтрацыях, у якіх яны дапушчаны да выкарыстання, бяспечныя і не выклікаюць якога-небудзь шкоднага ўплыву на арганізм».

Дабаўка Е-536 у солі, а з ёй — у хлебе, ды і не толькі ў ім, а і ў каўбасах, напэўна, таксама ж, і ў іншых прадуктах у тым ліку, як бачым з публікацый навукоўцаў, не бяскрыўдная. Ужываючы штодзённа, хай сабе і ў маленькай, «дазволенай і гарманізаванай з патрабаваннямі ў Еўрапейскім саюзе» дозе ферацыянід калію, мы пакрысе, так бы мовіць, паволі «збіраем» у сваім арганізме бомбу замаруджанага дзеяння, якая ў адзін, як той казаў, цудоўны момант можа нашкодзіць нашаму здароўю. Каму і навошта такое, скажыце, трэба?

Антон ПІЛІПЧЫК, жыхар горада Бярозаўка Лідскага раёна


Каментарый спецыяліста

«Час спажыўцам вырашаць, што лепш»

Сапраўды, дабаўку Е-536, якая прыўносіцца разам з соллю, сёння можна ўбачыць на многіх упакоўках, спецыяльна «з лупай» пераглядзела пакупкі, што днямі прынесла з магазіна. Надпіс Е-536 знайшла не толькі на пакеце з ёдаванай соллю, але і на хлебе, аўсяным пячэнні, батончыку-мюслі. Наўрад ці магчыма пракантраляваць, якія дозы солі трапляюць у наш арганізм. І добра, калі мы хоць бы на сваёй кухні перастанем саліць ежу, але мы атрымаем яе з набытых прадуктаў. Ліст нашага чытача я паказала начальніку аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні Валерыю Шылаву.

— Канешне, ферацыянід калію — шкоднае рэчыва. Справядліва, калі пытанні, якія тычацца ўнясення дабавак, уздымаюць спажыўцы. Сёння некаторыя з дабавак, што дапускаюцца ў вытворчасці, можна было б не ўжываць наогул. Калі дабаўкі выкарыстоўваюцца для таго, каб палепшыць знешні выгляд прадукцыі, павялічыць тэрміны захоўвання альбо зрабіць прадукт танным — гэта робіцца на карысць вытворцаў і гандлю. Але ці падабаецца гэта пакупніку? Магчыма, калі насельніцтва пачне часцей уздымаць такія пытанні, мы зможам мінімізаваць унясенне дабавак у прадукты харчавання. Спажывец не павінен ламаць галаву, што яму купляць, і з лупай вывучаць этыкеткі. Лепш, калі на ўпакоўках будзе пазначана: «прадукт здаровага харчавання». «Узнагароджваць» такім знакам можа грамадскаць — праз экспертызу, напрыклад, пры грамадскіх арганізацыях, якія абараняюць яе правы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».