23 Чэрвень, субота

Вы тут

Як карэспандэнты «Звязды» прыбіралі бераг вадасховішча


Днямі па ўсёй краіне ўжо трэці раз праводзілася акцыя «Чысты вадаём», якую штогод арганізуе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Падчас яе супрацоўнікі БТПР разам з прадстаўнікамі іншых арганізацый і неабыякавымі грамадзянамі займаюцца прывядзеннем у парадак берагавых ліній азёр і рэк. Карэспандэнт «Звязды» ўзяў удзел у адным з мерапрыемстваў акцыі.


Ве­ра­год­на, са­мая не­звы­чай­ная на­ша зна­ход­ка за ўвесь час.

Чыжоўскае вадасховішча сталіцы заўсёды «славілася» сваёй забруджанасцю. Вадаём мае статус тэхнічнага, і купанне ў ім забаронена дагэтуль, хоць некалькі гадоў таму праводзілася маштабная ачыстка. Пацвярджэнне, што табу існуе не проста так, атрымліваем, як толькі прыязджаем на месца, — рыбакі паказваюць нам знойдзенага каля берага буйнога карпа даўжынёй прыкладна ў паўметра. Відавочна, асобіна была, што называецца, «у самым росквіце», і прычыну яе гібелі мужчыны бачаць якраз у якасці вады. Па іх словах, такія знаходкі тут не рэдкасць.

Тым часам да берага пад'язджае аўтобус з нашымі сённяшнімі калегамі — супрацоўнікамі БТПР і цэлай брыгадай курсантаў Цэнтра павышэння кваліфікацыі МУС, якія сёння змянілі кіцелі на спартыўныя штаны і «алімпійкі». У шарэнгі імправізаванага атрада ўліваецца і карэспандэнт «Звязды». Першае мерапрыемства акцыі — кароткі інструктаж, падчас якога нас папярэджваюць пра магчымую небяспеку ў выглядзе бітага шкла і кляшчоў. Паківаўшы галовамі ў знак разумення, атрымліваем «працоўную зброю»: баваўняныя пальчаткі, пакеты для збору смецця і... граблі. Як акажацца, менавіта апошні інструмент будзе для нас самым запатрабаваным.

Разбіваемся на групы і разыходзімся па беразе. Уладальнікі грабляў займаюцца выцягваннем смецця з вады, а хлопцы з пакетамі збіраюць усё тое, што ляжыць на беразе. Я трапляю ў другую групу. Пяцідзесяцілітровыя пакеты напаўняюцца вельмі хутка. Праз кожныя метраў 30 мы пакідаем купкі завязаных мяшкоў — пасля іх забяруць на машыне.

Пры гэтым колькасць смецця спачатку не вельмі ўражвае — сям-там кінутая пластыкавая бутэлька, недзе ўпакоўка ад марожанага ці чаго яшчэ.

Першая незвычайная знаходка здараецца праз хвілін дваццаць працы. Гумовую пакрышку прыбіла да берага, хлопцы выцягваюць яе і пакідаюць на дарозе. Спачатку здзіўляюся — ну каму прыйдзе ў галаву выкідаць шыны ў ваду? Можа, па якой недарэчнасці гэты прадмет там апынуўся? Але астатні час паказаў, што метад утылізацыі старых пакрышак пад назвай «выкінуць у найбліжэйшы вадаём» у беларусаў даволі распаўсюджаны. Пры дапамозе знойдзеных за пару гадзін шын можна было «абуць» не адно аўто.

З канала каля кустоў нешта «сігналіць» белым колерам — відаць, нейкая дробная паперчына. Падыходзім бліжэй і бачым, што гэта толькі вяршыня «айсберга». Сам «айсберг» — вялікі белы мяшок, запоўнены нечым цяжкім. Пакуль выцягваем яго з твані, знаходзім на глыбіні іншы. Ён літаральна рассыпаецца ў руках, бо доўгі час знаходзіўся ў вадзе. Аказваецца, што ўсярэдзіне — будаўнічае смецце: кавалкі бетону, абрэзкі мантажнай пены, пенапласт. Вось і не паленаваўся ж чалавек сюды цяжкі мяшок везці (да самага блізкага дома не менш за кіламетр па бездарожжы), каб выкінуць яго менавіта ў канал. Можа, прасцей было б данесці да сметніцы?..

Некаторыя знаходкі здзіўляюць самім фактам свайго знаходжання пад вадой. «Як гэта ўвогуле тут апынулася?» — адзінае пытанне, якое ўзнікае падчас працы.

Вось чарговае — з-пад невялічкага мосціка дастаём... драўляныя драбіны. Прадмет даволі цяжкі — разам з адным з курсантаў мы не без намаганняў выцягваем яго на дарогу. Але ж нехта сюды прынёс!

Увесь час на шляху сустракаем рыбакоў. Мужчыны з вудамі здзіўлена азіраюцца, калі бачаць велізарны натоўп хлопцаў, якія збіраюць смецце. Далучацца да акцыі ніхто асабліва не спяшаецца. А было б варта, як кажа начальнік аддзела спартыўных і кіналагічных мерапрыемстваў — галоўны паляўніцтвазнаўца БТПР Уладзімір КАЗЛОЎСКІ, большасць смецця на берагах вадасховішча мае менавіта «рыбацкае» паходжанне. Трэба, праўда, сказаць, што дапамога асабліва і не патрабуецца, усё-такі курсанты і «арганізаванасць» — словы роднасныя. Велізарную звалку, якая пужала адным сваім выглядам, брыгада загрузіла ў мяшкі літаральна за тры хвіліны.

Увесь час даводзіцца мяняць намоклыя пальчаткі, — дзякуй, што запас іх даволі вялікі. Праз гадзіну працы пачынае адгукацца спіна. Што ні кажы, але смеціць нашмат прасцей, чым прыбіраць. Кожнаму варта было б схадзіць на падобныя акцыі — гэта найлепшы спосаб зразумець, у што пераўтвараецца адна кінутая бутэлька, калі «кідальшчыкаў» тысячы.

Праз дзве гадзіны працы пачынаю паглядваць на гадзіннік. Лік сабраных пакетаў даўно страчаны, на руках ужо пятыя пальчаткі.

А курсанты ўсё далей і далей прасоўваюцца наперад, быццам улавіўшы нейкі драйв. Я ж сарамліва падыходжу да кіраўнікоў нашай экспедыцыі па вадасховішчы і артыстычна паказваю сваю стомленасць. Вяртаючыся да адпраўнога пункта маршруту, лічу мяшкі, якія мы пакінулі на шляху, і збіваюся, калі лік перавальвае за сотню... «Чыжоўку» забрудзілі заводы? Бясспрэчна. Але і чалавек зрабіў свой унёсак.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Навошта рыбаку граблі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Нязвыклая форма — заўсёды штуршок для пошуку.

Культура

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Дзе замежнікі вывучаюць савецкую архітэктуру.

Культура

У Вілейцы можна ўбачыць станок, аналагічны таму, за якім працаваў Скарына

У Вілейцы можна ўбачыць станок, аналагічны таму, за якім працаваў Скарына

Ёсць тут зала друкаванай прэсы. Аднак асаблівую цікавасць, безумоўна, выклікае ў экспазіцыі друкарскі варштат.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра бунт малога, выпадак на ферме і цікавае выступленне на вяселлі.