Вы тут

Грошы не любяць мітусні


Ужо традыцыйна не менш як раз на год «Звязда» праводзіць канcультацыі па самых розных пытаннях эканамічнага характару з начальнікамі ўпраўленняў і нават першымі асобамі знакавых міністэрстваў нашай краіны. На гэты раз на «прамой лініі» выдання на пытанні чытачоў адказваў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Міхаіл Расолька.


Доўгатэрміновыя ўклады падаткаў не баяцца

Антон Кулік, горад Мінск:

— Сёння існуюць адзыўныя і безадзыўныя банкаўскія ўклады. Адзыўныя ўклады прадугледжваюць меншыя працэнты. Калі па такім адзыўным укладзе мае грошы праляжаць больш за год у банку, ці абкладаюцца яны падаткам? З безадзыўным укладам сітуацыя ж крыху іншая?

— Галоўнае тут, каб вашы грошы ў беларускіх рублях праляжалі ў банку больш за год. У гэтым выпадку яны падаткам не абкладаюцца.

— Ці з валютным укладам механізм крыху іншы?

— Не. Тут адрозненне толькі па тэрмінах. Калі ваш валютны ўклад праляжыць у банку два гады і больш, то даход па такім дэпазіце падаходным падаткам не абкладаецца. Пры гэтым адзначу, што калі з вамі будзе заключаны банкаўскі дагавор укладу па рублях на год і больш, а па валюце — на два гады і больш, то падаткам налічаныя працэнты абкладацца не будуць нават у той час, пакуль яны не праляжалі ў банку год ці два адпаведна. У гэтым выпадку падаходны падатак на працэнты будзе налічвацца толькі тады, калі грошы з падобных укладаў будуць зняты вамі датэрмінова.

Таццяна Іванаўна, горад Мінск:

— Днямі мне ў адным прыватным банку прапанавалі новую пластыкавую картку, дзе паабяцалі на мае грошы добрыя працэнты. Гэта, вядома, зручна, але і такі даход таксама будзе падаткам абкладацца? Як мне яго потым аплочваць?

— Асноўным крытэрыем тут стане той факт, як доўга вашы грошы будуць ляжаць на рахунку. Калі грошы ў беларускіх рублях будуць знаходзіцца там больш за адзін год, тады працэнты па такім укладзе абкладацца падаткам не будуць. Усё залежыць ад тэрміна ўкладу. Калі грашыма на картцы вы будзеце карыстацца пастаянна, то падатак на атрыманы даход будзе налічвацца.

— Я карыстаюся такой карткай пастаянна. У гэтым выпадку банк будзе налічваць мне падатак аўтаматычна ці мне трэба будзе аплочваць яго самастойна?

— Кліенту аб падатках турбавацца не трэба. Банкі з'яўляюцца падатковымі агентамі, таму менавіта яны і падлічваюць і спаганяюць такія падаткі.

Улічваецца тэрмін па кожнай суме

Алесь Журбік, горад Гродна:

— У мяне ёсць валютны ўклад на 1,5 года, адкрыты яшчэ летась. На яго працэнты падаткаабкладанне будзе распаўсюджвацца?

— Калі дагавор быў заключаны да 1 красавіка 2016 года, то падаходны падатак на працэнты налічвацца не будзе.

— Добра. А калі я цяпер пакладу на гэты ўклад дадатковыя грошы, то як з імі?

— Ваш валютны ўклад быў адкрыты на 1,5 года. Гэта значыць, што дадатковы ўклад пасля 1 красавіка праляжыць у банку па дагаворы яшчэ менш. А ў гэтым выпадку дадатковыя валютныя сродкі праляжаць на банкаўскім рахунку менш 2 гадоў. Таму працэнты ад менавіта дадатковага ўкладу будуць абкладацца падаходным падаткам. Заўважу, што на асноўную частку валютнага ўкладу механізм падаткаабкладання распаўсюджвацца не будзе, бо дагавор быў заключаны да 1 красавіка.

Падобныя нюансы падаткаабкладання распаўсюджваюцца і на ўклады, якія былі заключаны да 1 красавіка ў нацыянальнай валюце. Галоўная сутнасць у тым, што падаходным падаткам не будзе абкладацца і дадатковы ўклад, калі апошні праляжыць у банку не менш за адзін год.

Тут існуе адзін нюанс наконт дадатковых укладаў і датэрміновага зняцця. Калі кліент часткова здымае грошы з рахунку, то будзе лічыцца, што ён здымае іх з той часткі, якая мае найменшы тэрмін фактычнага размяшчэння ў банку.

Каця Марошка, Гомельская вобласць:

— Яшчэ летась, адразу пасля размоў аб будучым падаткаабкладанні ўкладаў, мая мама зняла валюту з рахунку ў банку. Цяпер мы яе трымаем дома. Сяброўкі мне патлумачылі, што з падаткам грошы ў банку трымаць стане нявыгадна. Больш за тое, казалі, што могуць быць нейкія праблемы з падаткамі, калі трымаеш у банку буйную суму ў валюце (больш за 3 тысячы долараў). Але мне здаецца, што гэта ўсё лухта. Растлумачце, нас у банку не пакрыўдзяць?

— Не. Трымаць свабодныя грошы ў банку лепш, чым хаваць іх дома. Ды і бяспечней. У які банк лепш пакласці грошы і пад якія працэнты — гэта вы павінны вырашаць самастойна. Удакладню толькі наконт падаткаў. За выкарыстанне вашых сродкаў фінансавая ўстанова прыплюсоўвае да сумы ўкладу працэнты. Менавіта гэты працэнтны даход і абкладаецца падаткам. Аднак калі вы пакладзяце свае валютныя накапленні ў банк на два гады і больш, то падаходны падатак на даход ад укладаў вам плаціць не трэба.

Ад сумы ўкладу звычайна не залежаць працэнты па дэпазіце, а таксама яна ніяк не паўплывае на ўзровень падаткаабкладання. Па «кароткіх» грошах падаходны падатак на працэнты ад укладаў складае 13%. А вось пры заключэнні дагавораў з банкамі на доўгатэрміновай аснове падаходны падатак увогуле не плаціцца. Нейкай паменшанай ці павялічанай стаўкі падаткаабкладання ў гэтым выпадку не існуе.

Мець «недатыкальныя» актывы

Кар. «Звязды»:

— Што прынцыпова новага адбылося ў нашым заканадаўстве наконт падаткаабкладання даходаў фізасоб у выглязе працэнтаў з банкаўскіх укладаў (дэпазітаў)? Гэтыя падаткі будуць мець сур'ёзную вагу пры напаўняльнасці бюджэта?

— З першых дзён красавіка ў краіне пачалі дзейнічаць асобныя падпункты Дэкрэта кіраўніка дзяржавы №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)». Галоўная мэта прынятага дакумента заключаецца не ў тым, каб пакласці ў бюджэт нейкія грошы, а каб падштурхнуць людзей захоўваць свае сродкі ў банках на даволі працяглы тэрмін. Паразважайце самі. Калі б у ідэале ўсе нашы людзі паклалі грошы на дэпазіт на працяглы перыяд, то падаткаў ніхто і не плаціў бы.

Увогуле, ініцыятыва на заахвочванне людзей рабіць уклады на доўгатэрміновы тэрмін належыць Нацбанку краіны, які такім чынам рэалізуе ўласную фінансавую палітыку па рэгуляванні і стабільнасці грашовых патокаў. Каб банк мог іх планаваць і безпраблемна ўкладваць у нейкія сур'ёзныя інвестыцыйныя праекты. «Доўгія» грошы неабходны банкам для сапраўды прагназуемага фінансавання нашай эканомікі.

Алена Бяганская, Брэсцкая вобласць:

— Мы з мужам захоўваем свае зберажэнні ў валютных аблігацыях аднаго з самых буйных банкаў краіны. Такія аблігацыі на прад'яўніка прадугледжваюць атрыманне працэнтнага даходу. Гэтыя працэнты будуць абкладацца падаткам?

— У Дэкрэце №7 гаворыцца толькі аб грашовых сродках на банкаўскіх укладах (дэпазітах). Толькі даходы грамадзян ад такіх укладаў могуць абкладацца падаходным падаткам. Валютныя аблігацыі і іншыя каштоўныя паперы дэкрэт не «зачэпіць». Не падпадаюць пад норму дэкрэта з падаткаабкладаннем і банкаўскія ўклады (дэпазіты) каштоўных металаў і (або) каштоўных камянёў. Не абкладаюцца падаткам і даходы па банкаўскіх укладах, што аформлены ў якасці ашчадных сертыфікатаў.

Мясцовыя зборы часам адрозніваюцца

Васіль Зянько, Карэліцкі раён:

— Вырашыў я сабе калодзеж выкапаць, а мне знаёмыя кажуць, што існуе нейкі на такую пабудову новы падатак. Ці так гэта?

— Падатку на калодзеж не існуе. Магчыма ёсць асобны збор з боку Мінпрыроды за выкарыстанне прыродных рэсурсаў, напрыклад за карыстанне воднымі. Удакладніце гэта ў мясцовых улад.

— Ёсць у мяне і другое пытанне. У нашым мясцовым райвыканкаме ўзялі і ўвялі падатак на сабак. Я ўжо далёка не малады і памятаю падаткі на буйную рагатую жывёлу ў прыватнікаў. Але на сабак падаткаў ніколі не было. Можа, нашы раённыя ўлады нешта наблыталі?

— Гэта не Карэліцкі райвыканкам нешта новае выдумаў. Сапраўды, цяпер айчынным заканадаўствам прадугледжана, што мясцовыя выканаўчыя ўлады маюць права ўстанаўліваць падатак на ўтрыманне сабак. Гэта не толькі ў вашым раёне, а ў любым. А вось мясцовыя Саветы ўжо самастойна вызначаюць, у якіх выпадках і для каго ён будзе дзейнічаць. Напрыклад, звычайна пенсіянеры вызваляюцца ад такога збору. У Мінску таксама ўведзены такі падатак. Тут я адзначу, што ў рэгіёнах улады складаюць свой асобны спіс аб тым, каго вызваляць ад названага падатку. Гэта могуць быць не толькі пенсіянеры, але і асобы, якія маюць уласны дом і гаспадарку.

Падатак за арэнду павялічаць на 15%

Спадар Сідарэвіч, горад Мінск:

— Мне 66 гадоў, з якіх 20 гадоў я на інваліднасці (другая непрацаздольная група). Збіраюся пераехаць жыць да сястры, а сваю аднапакаёвую кватэру здаваць у арэнду. Ці павінен я плаціць падатак за здачу жылля і ў якім памеры? Якія існуюць ільготы па падатку для такіх людзей? У Мінску казалі аб павелічэнні такога падатку ў маі...

— Пры здачы кватэр у доўгатэрміновую арэнду грамадзяне павінны аплачваць падаходны падатак у фіксаванай суме. Стаўка падатку ў сталіцы залежыць ад месцазнаходжання кватэры. Пры атрыманні такога віду даходу падатковых ільгот не прадугледжана.

Па горадзе Мінску заўважу, што цяпер у першай эканоміка-планіровачнай зоне (гэта цэнтр горада) стаўка падатку пры здачы ў арэнду аднапакаёвай кватэры складае 240 тысяч рублёў. У другой зоне стаўка будзе ўжо 200 тысяч рублёў у месяц, у трэцяй і чацвёртай — 170 тысяч рублёў. Паводле інфармацыі Мінгарсавета, пачынаючы з мая, плануецца павелічэнне такіх фіксаваных ставак прыкладна на 15%.

Тут я вам параю звярнуць асобую ўвагу яшчэ на адзін слушны момант. Так, калі пры атрыманні такога даходу за арэнду жылля сумарная сума яго за год перавысіць 49 млн 470 тысяч рублёў, то грамадзянін павінен у наступным годзе да 1 сакавіка падаць у інспекцыю падатковую дэкларацыю. Падатак з атрыманага даходу будзе пералічаны па стаўцы 13%, пры гэтым аплочаны на працягу года падаходны падатак у фіксаванай суме будзе ўлічаны.

Сяргей Кульша, горад Мінск:

— Вядома, што сёння нельга здаваць у арэнду кватэры, пабудаваныя з выкарыстаннем ільготных крэдытаў, да поўнага пагашэння такой запазычанасці перад банкамі. А калі такі крэдыт сям'я пагасіла датэрмінова?

— Уся інфармацыя аб такіх кватэрах, што будаваліся з дапамогай дзяржавы, знаходзіцца ў адміністрацыях раёнаў па месцы рэгістрацыі жылля. Менавіта гэтыя адміністрацыі і падаюць адпаведныя спісы ў разлікова-касавыя цэнтры (РКЦ) ЖЭСаў ці ў іншыя арганізацыі, якія афармляюць дагаворы арэнды. Пры пагашэнні крэдытаў такія вольныя ад даўгоў кватэры павінны аўтаматычна выкрэслівацца з гэтых спісаў. Аднак тут могуць сустракацца пэўныя затрымкі з перадачай такой інфармацыі. Таму я вам параіў бы перад наведваннем РКЦ узяць адпаведную паперу з банка пра тое, што доўг па крэдыце пагашаны цалкам. У гэтым выпадку гаспадар такога жылля мае поўнае права здаваць яго ў арэнду.

Слушнае ўдакладненне

Здача ў арэнду па дагаворы жылых памяшканняў, якія былі пабудаваны ці набыты з выкарыстаннем ільготнага крэдыту, да поўнага яго пагашэння не дазваляецца, а ў выключных выпадках (пераезд у іншую мясцовасць, скасаванне шлюбу, смерць уласніка жылля або члена яго сям'і, матэрыяльнае становішча і іншых) ажыццяўляецца з дазволу адпаведнага раённага, гарадскога выканаўчага і распарадчага органа.

Прадастаўленне грамадзянінам такога жылля, дзе было выкарыстанне льготнага крэдыту, да поўнага пагашэння яго і дазволу адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абкладаецца штрафам у памеры ад 4 да 30 базавых велічынь. Пры паўторным такім парушэнні на працягу года ўласніка жылля ўжо могуць аштрафаваць на суму ад 30 да 50 базавых велічынь.

Аб сумніўных даходах і не толькі

Маргарыта Вень, горад Мінск:

— Калі пры афармленні дагавора арэнды ў РКЦ з кватарантам мы не будзем прапісваць там суму арэнды, то якім чынам падатковая інспекцыя будзе падлічваць мой даход ад здачы жылля? Ці паверыць тады інспектар проста майму слову, або будзе выкарыстоўваць нейкі сярэдні цэннік арэнды па Мінску?

— Указанне памеру платы за карыстанне жылым памяшканнем з'яўляецца істотнай умовай дагавора найму, таму ён у гэтым дакуменце павінен быць абавязкова прапісаны. У тым, каб у такім дакуменце абавязкова стаяла гэтая лічба, зацікаўлены ў першую чаргу будучы кватарант. Калі яе там не будзе, то ўжо заўтра гаспадар жылля можа нават удвая павялічыць памер арэнды і вырашыць гэтую праблему стане праблематычна. Пры неабходнасці падатковы орган можа потым пацікавіцца рэальным узроўнем арэнды непасрэдна ў кватарантаў. А кватаранты таксама бываюць рознымі... Пацярпець можа любы бок здзелкі.

Кар. «Звязды»:

— Яшчэ год таму ў асяродку рыэлтараў хадзіла пагалоска пра тое, што для «шэрых» кватэраздатчыкаў будзе выкарыстоўвацца значна большая стаўка падаходнага падатку ў фіксаваных сумах. У першую чаргу гэтае новаўвядзенне збіраліся рабіць для тых, хто здае свае кватэры без адпаведнага афармлення даволі працяглы час. Ці сапраўды тут вядуцца пэўныя распрацоўкі?

— Цяпер пры выкрыцці такой здзелкі гаспадар жылля павінен аплаціць адпаведны падатак і штраф за адміністрацыйнае парушэнне. Акрамя таго, сёння разглядаецца пытанне аб вызначэнні больш высокай стаўкі падаходнага падатку ў тым выпадку, калі высветліцца, што ўласнік кватэры здаваў яе без адпаведнага афармлення і не плаціў падаткаў. І працягласць падобнай «шэрай» арэнды тут ролі не адыгрывае. Праўда, гэтае пытанне сёння толькі абмяркоўваецца, таму сёлета падобнае новаўвядзенне дзейнічаць дакладна не будзе. Магчыма, што такая норма будзе ўведзена ўжо ў 2017 годзе. Існуе таксама і прапанова аб павелічэнні памераў штрафаў па такіх парушэннях. Гэта плануецца зрабіць дзеля таго, каб у людзей не было нават спакусы здаваць сваё жыллё без афармлення.

Падобны механізм у нас сёння дзейнічае ў сферы паслуг. Напрыклад, цяпер рэпетытар мае права ажыццяўляць сваю дзейнасць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Каб займацца рэпетытарствам, неабходна проста прыйсці ў падатковы орган, паведаміць там аб сваім намеры і аплаціць адзіны падатак, які падлічыць інспектар непасрэдна на месцы, і ўсё. Аднак калі кантрольныя органы падатковай службы выявяць падобнага рэпетытара без уплаты адзінага падатку, то ён будзе павінен аплаціць падатак у пяціразовым памеры.

Зручнасць падобнай сістэмы заключаецца яшчэ ў тым, што аплачваць адзіны падатак можна толькі за тыя месяцы, у якія чалавек будзе сапраўды займацца гэтай дзейнасцю. А калі не працуеш, то і падатак плаціць не трэба.

Сяргей Радзевіч, горад Мінск:

— У мяне стабільны заробак у памеры 4 млн рублёў. Збіраў на машыну 12 гадоў і купіў яе за 420 млн рублёў. Ці мае права падатковая інспекцыя прад'явіць мне прэтэнзію аб перавышэнні выдаткаў над даходамі? За які перыяд у гэтай сітуацыі падлічваецца мой заробак і ці ўлічваюцца тут даходы іншых членаў маёй сям'і?

— У адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці» падатковыя органы маюць права патрабаваць у грамадзяніна дэкларацыю аб даходах і маёмасці. Далей на падставе атрыманага дакумента ажыццяўляецца разлік адпаведнасці расходаў і даходаў.

Пры праверцы дэкларацыі чалавек можа падаваць інфармацыю пра свае даходы і даходы членаў сваёй сям'і за любы перыяд, у тым ліку выказваць тлумачэнні, якія тычацца пытанняў збірання імі грашовых сродкаў. Тут прымаюцца да ўвагі і такія крокі сям'і, якія былі накіраваны для захавання раней атрыманых сродкаў ад уздзеяння інфляцыі.

Пры разліку адпаведнасці расходаў і даходаў улічваецца інфармацыя аб усіх выдатках грамадзяніна і яго даходах, якая існуе ў падатковым органе. Калі расходы будуць перавышаць пацверджаны памер даходаў, тады на гэтую розніцу налічваецца падаходны падатак.

Святлана Лагун, Мінскі раён:

— Кажуць, што маці, якія займаюцца хатняй гаспадаркай, не будуць прыцягваць да ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, пакуль дзіцяці не споўніцца 10 гадоў (было 7 гадоў). А калі сям'я шматдзетная, то гэта будзе падатковымі органамі ўлічвацца?

— Праектам змен у Дэкрэт №3 прадугледжваецца павелічэнне ўзросту дзіцяці да 10 гадоў, пры якім адзін з бацькоў, які выхоўвае малога, будзе прызнаны тым, хто прымае ўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Адзін з бацькоў у шматдзетнай сям'і не будзе плаціць такі збор.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».