Вы тут

Прэзідэнт наведаў раёны, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі


Па традыцыі, у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў пацярпелыя раёны, у ходзе якой азнаёміўся з развіццём гэтага рэгіёна.

У Ельскім раёне кіраўнік дзяржавы наведаў адно з сельгаспрадпрыемстваў, дзе яму было даложана аб вытворча-эканамічным развіцці рэгіёна, завяршальным этапе вясенніх палявых работ, рабоце па стварэнні трывалай кармавой базы для забеспячэння інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі. У аграгарадку Дабрынь Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з мерамі, што прымаюцца па стварэнні ўмоў для камфортнага пражывання насельніцтва ў сельскай мясцовасці і раёнах, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі. У цэнтры ўвагі былі пытанні развіцця сацыяльнай інфраструктуры і добраўпарадкавання, газіфікацыі пацярпелых раёнаў.

Прэзідэнт таксама азнаёміўся з работай арганізацый Белкаапсаюза ў частцы гандлёвага і іншага абслугоўвання насельніцтва, якое пражывае ў чарнобыльскіх раёнах.

Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на фінальным канцэрце «Адраджэнне» ў Ельску.


Гераізм, які праявіў наш народ

Як перадае карэспандэнт БЕЛТА, падчас выступлення перад удзельнікамі творчага марафону Прэзідэнт заявіў: «Ліквідаваць наступствы катастрофы мы былі вымушаны адначасова з вырашэннем задач па аднаўленні кіруемасці краіны, выратаванні заводаў і фабрык, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сацыяльнай абароне людзей. Шматлікія эксперты з важным выглядам знатакоў гаварылі, што наваяўленая рэспубліка не вытрымае такога цяжару. Нам прадракалі хаос і выраджэнне. Аднак перад тварам агульнанацыянальнага бедства беларускі народ, як гэта не раз бывала ў гісторыі, праявіў сапраўдны гераізм. Ён не апусціў рукі, знайшоў у сабе сілы з'яднацца і таму выстаяў».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўрон, нанесены эканоміцы краіны чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца прыкладна ў $235 млрд.

Да сённяшняга дня расходы Беларусі на пераадоленне наступстваў аварыі перавысілі $22 млрд. Як падкрэсліў Прэзідэнт, у гэту суму ўвайшлі не ўсе падлікі, затрачаныя чалавечыя рэсурсы, таму канчатковая лічба можа перавысіць $30 млрд.

«Дапамога міжнароднай супольнасці была і застаецца вельмі нязначнай — каля 1-2 працэнтаў ад нашых унутраных расходаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Зразумела, крыўдна, што Захад многія гады націскаў на нас санкцыямі, фінансаваў нашу апазіцыю замест таго, каб аказаць нам важкую падтрымку. Гэта было б у духу тых самых агульначалавечых каштоўнасцей і гуманізму, якія ён так старанна адстойвае. Тым больш што беларусы сталі заложнікамі катастрофы, якая здарылася не па іх віне».

З-за радыеактыўнага забруджвання давялося агарадзіць вялікія зоны, куды ўваход забаронены. Амаль 140 тыс. чалавек былі пераселены ў іншыя месцы. З абароту выведзена 264 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў, пацярпела больш як чвэрць ляснога фонду Беларусі. «Дзякуй богу, у нас хапіла мудрасці і вытрымкі, каб не паддацца паніцы. Інакш цяпер вялікая частка тэрыторыі краіны ўяўляла б сабой вартае жалю відовішча запусцення і вымірання», — перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што чарнобыльская катастрофа стала агульным болем для трох брацкіх краін — Беларусі, Украіны і Расіі, прадстаўнікі якіх сабраліся сёння ў Ельску на фінальным канцэрце творчага марафону «Адраджэнне». «Думаю, менавіта ў гэты памятны дзень з гомельскай зямлі як ніколі актуальна прагучыць заклік да аб'яднання намаганняў дзеля таго, каб на змену «чорнай былі» для нашых народаў прыйшло шчаслівае заўтра, каб спынілася тая вакханалія, якая сёння прыпынена, але не ліквідавана на ўсходзе Украіны», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Рэабілітацыя забруджаных тэрыторый — правільны шлях

Паводле яго слоў, Беларусь зрабіла правільна, пайшоўшы па шляху рэабілітацыі тэрыторый, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі стаў Прэзідэнтам Беларусі, перад ім стаяў сур'ёзны выбар, што рабіць адносна пацярпелых тэрыторый. «Людзі былі напалоханы. Але я ўсім сэрцам і душой разумеў, што гэта — наша зямля і яе трэба адраджаць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вынік сёння відавочны. Можна шчыра і адкрыта сказаць: мы зрабілі правільна, пачаўшы рэабілітацыю гэтых зямель».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўны ўдар ад аварыі на ЧАЭС прыняла на сябе менавіта Беларусь.

За мінулыя гады ў рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый былі ўкладзены дзясяткі мільярдаў долараў, і затрачаныя намаганні былі не дарэмныя. Вынік відаць на прыкладзе Ельскага раёна, які наведаў Прэзідэнт. «Сёння ў Ельскім раёне амаль не засталося зямель, якія трэба вяртаць да жыцця. Ужо няўдобіцы ўзворваюць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вазьміце аграгарадок Дабрынь: 50 чалавек у дзіцячым садзе, яшчэ столькі ж гатовы ў хуткім часе туды прыйсці. Значыць, ёсць перспектыва, ёсць жыццё».

«Гэта значыць, мы зрабілі нямала і прынялі правільнае рашэнне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — За пяцігодку, якая пачалася, пры ўсіх праблемах і складанасцях, мы канчаткова вырашым усе пытанні, звязаныя з поўднем нашай краіны, каб гэтыя землі забылі трагедыю, што адбылася».

Гаворачы аб дасягненнях у рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторый, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэту работу варта было пачаць значна раней, яшчэ ў часы існавання СССР. «Але тады быў страчаны час. Прыкладна 10-15 гадоў змарнавалі ў разважаннях і спрэчках. Калі б можна было вярнуць час назад, трэба было б пачынаць гэта раней. Але і так зроблена нямала, сваімі рукамі», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што беларускія рэгіёны, якія зведалі радыяцыйную атаку, удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасці. «Тут рэалізуюцца важныя інвестыцыйныя праекты, усё больш упэўнена становіцца на ногі прадпрымальніцтва, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Праблемныя рэгіёны нам удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасці».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння толькі ў пацярпелых раёнах Гомельскай вобласці дзейнічаюць больш за 2 тыс. прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. А 20-36 працэнтаў паступленняў у бюджэт гэтых раёнаў фарміруюць менавіта прыватныя структуры.

Дэмаграфічная сітуацыя ў чарнобыльскіх раёнах стала лепшай, нараджальнасць няўхільна расце, а смяротнасць зніжаецца. «Як мне сказаў сёння губернатар Гомельшчыны Уладзімір Дворнік, на 2-3 працэнты прырост нараджальнасці тут (у пацярпелых рэгіёнах. — Заўвага БЕЛТА) вышэйшы, чым у вобласці. Значыць, можна тут жыць. Значыць, людзі вырашылі тут жыць. Мы ж сілай нікога не ўтрымліваем», — падкрэсліў беларускі лідар.

Па мэтавых дзяржпраграмах у пацярпелых раёнах праведзена сістэмная работа па дэзактывацыі, узведзена мноства ачышчальных збудаванняў, пракладзены тысячы кіламетраў газаправодаў, водаправодных сетак і каналізацыі, сучасных дарог. Акрамя таго, пабудавана амаль 100 тыс. дамоў і кватэр, каля 500 аб'ектаў сацыяльнага прызначэння: школ, дзіцячых садоў, медцэнтраў, спартыўных збудаванняў. «У гэтай пяцігодцы мы поўнасцю газіфікуем раённыя цэнтры і аграгарадкі, а таксама буйныя населеныя пункты, якія маюць перспектыву развіцця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Вельмі важна, на думку Прэзідэнта, і тое, што не забыта духоўная сфера. У старажытных самабытных гарадах і вёсках беражліва захоўваюцца культурныя традыцыі, унікальныя абрады і народныя рамёствы.

«Чарнобыльскія» вёскі будуць жыць

«Цяпер мы ўжо ставім задачу не проста адрадзіць абпаленыя Чарнобылем рэгіёны, а забяспечыць іх далейшае развіццё. Пры гэтым не маем намеру адступаць ад той палітыкі, што праводзілі да гэтага часу ў адносінах да людзей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях. У мінулай пяцігодцы мной было прынята рашэнне аб перадачы ўсіх «чарнобыльскіх» грошай на месцы ў распараджэнне мясцовых органаў улады і людзей», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што такое ж рашэнне прынята і на бягучую пяцігодку, каб улада на месцах разам з народам сама думала, куды ўкладваць гэтыя сродкі: у газіфікацыю, будаўніцтва дарог або добраўпарадкаванне.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што раённыя цэнтры і аграгарадкі ў бліжэйшыя гады трэба прывесці ў ідэальны стан. «У гэтым і двух наступных гадах трэба ўсе раённыя цэнтры і буйныя гарады абласнога падпарадкавання прывесці ў ідэальны стан. І пяць гадоў на тое, каб прывесці аграгарадкі вось у такі стан (як у Дабрыні. — Заўвага БЕЛТА), каб моладзь заставалася тут жыць і ганарылася гэтым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што аграгарадкі павінны выконваць ролю цэнтраў жыцця ў вёсцы. Разам з тым неабходна ўдзяляць увагу стварэнню належных умоў для жыцця і ў вялікіх вёсках. Гаворачы пра малыя, так званыя неперспектыўныя, населеныя пункты, Прэзідэнт адзначыў, што для мясцовых жыхароў, тым не менш, павінен прадастаўляцца хаця б мінімальна неабходны набор паслуг.

Замест газу, нафты — электрычнасць

Размаўляючы з мясцовымі жыхарамі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць перспектыўным пашырэнне сфер прымянення электраэнергіі ў краіне з улікам будучага ўводу ў строй Беларускай АЭС. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пасля пачатку функцыянавання БелАЭС у краіне будзе лішак электраэнергіі, які неабходна выкарыстоўваць. «Купіць у нас гэту электраэнергію наўрад ці змогуць суседзі. У Расіі таксама лішак, ва Украіне электраэнергіі хапае. У Еўропе свая электраэнергія. Значыць, гэта тавар, ідзе канкурэнцыя. Яе прадаць будзе цяжка», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Таму я гавару, што сёння трэба рыхтавацца да таго, каб замест газу, нафты выкарыстоўваць электрычнасць», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўнае нават не зрабіць больш таннай электраэнергію, што выпрацоўваецца ў Беларусі, а захаваць цяперашні ўзровень цэн.

«Будуць даражэць газ і нафта (а ў нас іх няма), а энергія будзе значна таннейшая», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным ужо цяпер пры ўводзе ў строй новых аб'ектаў, жылля прадугледжваць больш шырокае выкарыстанне электраэнергіі. «А калі вы ўбачыце, што электрычнасць будзе больш выгадная, чым газ, вы самі купіце электрычную пліту», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак — развіццё сегмента электрамабіляў, лічыць Прэзідэнт.

Рэалістычная праграма далейшага развіцця краіны

У час рабочай паездкі Прэзідэнт адказаў і на пытанні журналістаў.

У прыватнасці, закрануў ён тэму маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, для абмеркавання на форуме будзе прапанавана рэалістычная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на маючае адбыцца пяцігоддзе без элементаў манілаўшчыны. «Праграма будзе абсалютна рэалістычнай, а не манілаўшчынай. Мы будзем планаваць, зыходзячы з нашых магчымасцей. У тым, што мы можам значна дабавіць, няма ніякіх сумненняў. Залог гэтага — мадэрнізацыя, якую мы правялі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі мадэрнізацыя закранула не толькі такія галіны, як сельская гаспадарка або дрэваапрацоўка, — вялікія сродкі за мінулыя гады ўкладзены ў прамысловасць.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што з улікам хвалепадобнага развіцця сусветнай эканомікі на змену крызісным з'явам абавязкова прыйдзе рост. «Гэта яшчэ больш узмоцніць нашы магчымасці. Таму што павінны даць аддачу мадэрнізаваныя прадпрыемствы, а іх вялікая колькасць. І мы не спыняемся. Пры ўсіх складанасцях галоўная наша задача — мадэрнізацыя і абнаўленне вытворчасці на інавацыйнай аснове», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што неабходны больш маштабны падыход у ацэнцы вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Гэта не адзін, а ўжо некалькі пяцігадовых перыядаў. «Мы больш за ўсё гаворым, што крызіс, але забываем сказаць, што зроблена за гэты час. А зроблена нямала. І, грунтуючыся на гэтым, нам трэба зрабіць значны рывок», — падкрэсліў беларускі лідар.

Адказваючы на існуючае меркаванне, што ад правядзення Усебеларускага народнага сходу варта было б адмовіцца ў складаны час, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «У такі час людзям патрэбны арыенціры. Людзям трэба паказаць, як будзем жыць заўтра. Не баючыся сказаць праўду, што мы нешта не зрабілі, недапрацавалі».

«Праграму мы робім рэалістычную. Яна для таго і робіцца, каб быць рэалістычнай і паказаць шляхі выхаду з існуючага становішча і напрамкі руху наперад», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Палітычны складнік аднаго скандалу

Закрануў кіраўнік дзяржавы і некаторыя міжнародныя пытанні, у тым ліку і нашумелае абнародаванне так званага «Панамскага архіва», у выніку чаго ў шэрагу краін адбыліся карупцыйныя скандалы, Прэзідэнт Беларусі назваў гэта «стральбой па вераб'ях».

«Гэта толькі спроба падступіцца да выкрыцця карупцыйных дзеянняў гэтай сусветнай мафіі, на чале якой палітыкі. Ды і сярод журналістаў іх нямала, нават тых выданняў, якія былі прыцягнуты нібыта да расследавання па «панамскім скандале». Гаварыць аб тым, што гэта магутная антыкарупцыйная хваля, не трэба», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў станоўчы бок у тым, што адбылося: «Хоць на нейкі час нягоднікаў, якія крадуць, крыху прыпужнуць». «Але ёсць і іншы бок: будуць больш вынаходлівымі, як кралі, так і будуць красці. Не знайшлося яшчэ такога метаду ў свеце, каб ударыць па карупцыянерах у самы цэнтр. Паглядзім, што будзе далей. А вось гэты ўвесь шум з нічога і ёсць той палітычны складнік. Вядома, ён больш палітычны, чым практычны. Але ўвесь свет убачыў, наколькі карумпіраваны гэты самы свет», — сказаў Прэзідэнт.

«Гэта там, сярод багатых, хто мае вялікія даходы ад нафты і газу — таго, што Бог усім даў, менавіта там гэтыя асноўныя карупцыянеры. Галоўныя — гэта палітыкі, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Калі б сярод палітыкаў не было карупцыянераў, іх не было б і сярод спартсменаў, журналістаў, тварцоў...»

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што калі б, напрыклад, у амерыканцаў было жаданне паказаць карупцыйны складнік усяго свету, то гэта было б зроблена.

«Таму што ўсё гэта ў асноўным у валюце, доларах. А кожны долар у амерыканскіх фінансавых структур перад вачыма. Яны ведаюць, куды ідуць грошы, дзе іх хаваюць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Тыя, хто багацейшыя, і тыя краіны, грамадзяне якіх самыя багатыя, там больш за ўсё карупцыі. Але ім гэта не трэба. Яны выстралілі, можна сказаць, па вераб'ях», — дадаў беларускі лідар.

Турбуе Прэзідэнта і тое, што прафесійны спорт у свеце даўно стаў палітыкай і часткай фармакалогіі. «Цяпер я з вялікай насцярожанасцю, але надзеяй чакаю Алімпійскіх гульняў. Але будзе вельмі цяжка. Спорт стаў палітыкай. Цяпер цяжка змагацца з вядучымі краінамі свету. Таму што чыстага спорту вельмі мала», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, антыдопінгавыя арганізацыі яшчэ, магчыма, нават не знайшлі спосабы выяўлення тых найноўшых прэпаратаў, якія пад сілу распрацаваць у вялікіх дзяржавах. «Мне здаецца, што ўжо некаторыя краіны распрацавалі такія допінгі ў спорце (прыродныя, не абавязкова сінтэтыка), якіх ніхто яшчэ не ведае», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што заўсёды адкрыта выступае за чысціню ў спорце. «Я катэгарычна за тое, каб спорт быў чыстым. Таму што ў такім спорце нам лягчэй будзе перамагчы. А спаборнічаць з тымі, хто навучыўся абыходзіць допінгавыя рэчы, нам вельмі складана. Цяпер спорт — гэта ўжо не той чысты спорт, якога нам хацелася б. Ён ужо даўно стаў і палітыкай, і нейкай часткай медыцыны, фармакалогіі», — заявіў беларускі лідар.

Што датычыцца гатоўнасці беларускіх атлетаў да летняй Алімпіяды ў Бразіліі, Прэзідэнт не стаў даваць канкрэтных ацэнак і рабіць прагнозы. «Бліжэй да Алімпіяды мы на гэта паглядзім і правядзём адпаведнае мерапрыемства. Як Прэзідэнт НАК, я абавязаны буду правесці гэты агляд», — сказаў ён.

*  *  *

У час фінальнага канцэрта творчага марафону «Адраджэнне» Аляксандру Лукашэнку ўручылі неглюбскі ручнік-абярэг «Кола жыцця». Унікальны ручнік быў створаны ткачыхамі з вёскі Неглюбка Гомельскай вобласці і сімвалізуе 30 гадоў, якія мінулі з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Уручаючы выраб Прэзідэнту, адна з ткачых папрасіла кіраўніка дзяржавы захоўваць ручнік у Палацы Незалежнасці, каб ён аберагаў краіну ад войнаў і катастроф.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.