Вы тут

Хто ключавая фігура ў школе?


«Сёння для нас вельмі важна, каб у педагагічныя ВНУ прыйшлі не проста моцныя абітурыенты з добрымі адзнакамі ў атэстатах, а маладыя людзі, якія выбіраюць гэту прафесію свядома. Бо я не ўяўляю сабе, як можна працаваць настаўнікам ці выхавальнікам у дзіцячым садку, калі ты не любіш сваю прафесію і не разумееш дзяцей», — такую думку выказала на сустрэчы з прадстаўнікамі Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі намеснік прэм'ер-міністра Наталля КАЧАНАВА.


Мі­ні-ўрок па рус­кай лі­та­ра­ту­ры пра­во­дзіць на­стаў­нік-ме­та­дыст гім­на­зіі №1 го­ра­да Мін­ска Люд­мі­ла Куш­ня­ро­ва.

Выхоўваць — на кожным уроку

Пашыранае пасяджэнне асацыяцыі прайшло на базе Паплаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа ў Бярэзінскім раёне і было прысвечана пытанням фарміравання грамадзянскай кампетэнтнасці на ўроках. Па самых прыблізных падліках, за час сваёй вучобы ў школе дзіця наведвае больш як 10 тысяч самых розных урокаў, таму выхаваўчы патэнцыял апошніх цяжка пераацаніць. Прычым гэта тычыцца абсалютна ўсіх вучэбных дысцыплін. Выхаваўчыя магчымасці ўрокаў беларускай і рускай літаратуры, англійскай мовы, гісторыі і біялогіі прадэманстравалі падчас майстар-класаў члены Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў Інэса Зубрыліна, Галіна Сухава, Людміла Кушнярова, Алена Цілюпа і Віктар Жук.

А затым педагогі абмеркавалі з віцэ-прем'ерам пытанні, якія хвалююць усіх. У тым ліку і далейшы лёс эксперымента па падушавым фінансаванні ўстаноў адукацыі — калі грошы выдзяляюцца ў залежнасці ад колькасці вучняў.

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі бачаць шмат плюсоў у новым механізме фінансавання: гэта не толькі рост заробкаў у педагогаў навучальных устаноў, уключаных у эксперымент, але і павышэнне якасці навучання, паколькі сродкі, што выдаткоўваюцца, ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбнай базы. Прычым кіраўнік школы мае магчымасць больш эфектыўна імі распарадзіцца, зыходзячы з патрэб канкрэтнай навучальнай установы.

— Адмаўляцца ад пілотнага праекта мы не збіраемся, — паабяцала Наталля Качанава. — Больш за тое, яго рамкі былі сёлета пашыраны... Але галоўнае для нас — не наламаць дроў, бо, як высветлілася, ад укаранення новага механізму фінансавання выйграюць, у першую чаргу, буйныя школы. А ў школах з колькасцю вучняў да 200 чалавек складваецца крыху іншая сітуацыя. Таму шмат будзе залежаць ад жадання і магчымасцяў мясцовых органаў улады фінансава садзейнічаць такім установам адукацыі.

Падтрымаць маладых

Дырэктар ашмянскай сярэдняй школы №1 Міхаіл ГРУЖЭЎСКІ лічыць, што сродкам масавай інфармацыі трэба больш пісаць пра выдатных педагогаў, каб іх імёны былі ва ўсіх на слыху. Між іншым, калектыў школы, якую ён узначальвае, можна лічыць унікальным: за апошнія пяць гадоў 50 выпускнікоў школы сталі студэнтамі педагагічных спецыяльнасцяў. Тут не прынята разважаць пра непрэстыжнасць прафесіі педагога... Ды і сам педкалектыў складаецца амаль напалову са сваіх выпускнікоў. Міхаіл Гружэўскі лічыць, што поспех установы адукацыі ў многім залежыць ад стабільнасці педагагічнага калектыву. У сувязі з гэтым усіх турбуе пытанне неабароненасці педагогаў, якія пасля двух гадоў працы па размеркаванні страчваюць статус маладога спецыяліста (гэты статус гарантуе ім пэўную фінансавую і сацыяльную падтрымку). А да атрымання наступнай кваліфікацыйнай катэгорыі павінны прайсці як мінімум тры гады.

«І вось гэты адрэзак часу — вельмі балючы для маладых педагогаў, прычым не толькі ў матэрыяльным плане, але і ў псіхалагічным, — падкрэсліў Міхаіл Гружэўскі. — Да таго ж так сталася, што ў сістэме адукацыі працуе вельмі шмат жанчын-педагогаў, якім не ўдалося стварыць сям'ю, і яны нават за ўсё сваё жыццё ніколі не збяруць грошы на будаўніцтва жылля. Можа, трэба было б падумаць над праграмай па падтрымцы будаўніцтва для настаўнікаў жылля з прадастаўленнем пэўных ільгот для гэтай катэгорыі? Тым больш што калісьці такая праграма існавала...»

— Я лічу педагога ў школе ключавой фігурай. Матэрыяльна-тэхнічная база, новыя тэхналогіі навучання, сучасныя падручнікі — усё гэта без педагога не мае ніякага значэння, — падзялілася сваімі думкамі Наталля Качанава. — Але, на мой погляд, далёка не кожны паспяховы вучань можа стаць педагогам. Пра гэта гавораць і самі школьныя настаўнікі. Менавіта таму і патрабуецца медалістам рэкамендацыя школы пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў. Зараз разглядаецца прапанова вызваліць ад уступных экзаменаў і выпускнікоў профільных педагагічных класаў пры захаванні пэўных умоў: рэкамендацыі педкалектыву і адпаведных балаў у атэстаце. Але ў мяне ўзнікае заканамернае пытанне: а чаму мы не даём аналагічную льготу выпускнікам педагагічных каледжаў (а толькі тым, хто мае дыплом з адзнакай)? Няўжо гэтыя маладыя людзі ў меншай ступені нацэлены на прафесію педагога? Трэба ўсё прадумаць, каб не дапусціць перакосаў...

Наталля Качанава ніколькі не сумняваецца ў прэстыжнасці прафесіі педагога. Гэта паказала і апошняя прыёмная кампанія, калі ўсе педагагічныя спецыяльнасці цалкам укамплектаваліся.

«Але прэстыжнасць сваёй прафесіі павінны адчуць найперш самі настаўнікі. Усё ў іх руках. Сваіх школьных педагогаў мы памятаем усё жыццё. Таму тое, што вы закладваеце ў дзяцей сёння, атрымаеце пазней», — дадала віцэ-прэм'ер.

Не загружаць справаздачнасцю!

— Апошнім часам вельмі шмат разважаюць пра неўласцівыя функцыі, якія даводзіцца выконваць педагогам, і вялікі дакументаабарот. Міністэрства адукацыі дакладна вызначыла пералік абавязковай нарматыўнай дакументацыі. А ўсё астатняе прыдумляюць мясцовыя органы ўлады і іншыя структуры: кіраўнікі мясцовых аддзелаў адукацыі, старшыні гар- і райвыканкамаў або яшчэ нейкія службы. Дарэчы, мы далі даручэнне ўсім міністэрствам і ведамствам не загружаць настаўнікаў сваёй справаздачнасцю, — праінфармавала кіраўнікоў устаноў адукацыі Наталля Качанава.

— Чарговы раз кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ўважліва вывучыць сітуацыю з заработнай платай. І, што вельмі важна, не толькі для маладых спецыялістаў. У сувязі з гэтым хачу адзначыць кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія працуюць на перспектыву. Бачыць дырэктар маладога і перспектыўнага настаўніка, разумее, што школе ён патрэбен, — тут жа разглядае розныя варыянты яго заахвочвання. Вось гэта правільны падыход, — падкрэсліла віцэ-прэм'ер.

Дырэктар сярэдняй школы № 161 горада Мінска Валерый СТРУЖКО папрасіў Наталлю Качанаву ўзмацніць на заканадаўчым узроўні адказнасць бацькоў за выхаванне сваіх дзяцей: «Фактычна за ўсё, што адбываецца з нашымі выхаванцамі ў вячэрні час, у выхадныя і святочныя дні, калі яны павінны знаходзіцца разам са сваімі бацькамі, адказнасць нясуць педагогі. І нават калі бацькоў выклікаюць на камісію па справах непаўналетніх, для іх гэта заканчваецца лёгкім перапудам, а ўвесь цяжар адказнасці зноў-такі перакладаецца на школу...»

Умовы для росту

Настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна (суперфіналіст конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2011») Іван ЯКІМЕНКА выказаў думку, што папяровы падручнік перастаў быць асноўнай крыніцай ведаў:

— Такіх крыніц сёння вялікае мноства. І я, маючы на руках вучэбную праграму, магу рэкамендаваць дзецям шмат карыснай інфармацыі з іншых крыніц, у тым ліку і ў электронным варыянце. Тым больш што падручнік нярэдка не паспявае за зменамі ў праграме.

Дырэктар сярэдняй школы №2 горада Століна Ала ЛАЗІЦКАЯ ўзняла праблему неабароненасці нашых дзяцей у інфармацыйнай прасторы.

— Гэта пытанне хвалюе мяне і як педагога, і як маці траіх дзяцей. Мы не ведаем, у якіх інфармацыйных патоках існуюць нашы дзеці, які іх змест, як яны на іх уплываюць. І я бачу вялікую ролю школы ў фарміраванні медыяасветніцтва школьнікаў, што дазволіць нашым дзецям набыць вельмі важныя навыкі крытычнага мыслення, умення аналізаваць інфармацыю, распазнаваць спосабы і метады маніпуляцыі ...Магчыма, наспеў час для фарміравання нацыянальнай канцэпцыі медыяадукацыі? Можна распрацаваць асобны курс або пайсці шляхам уключэння медыяскладніка ў канцэпцыі, праграмы і адукацыйныя стандарты, якія сёння распрацоўваюцца. Дарэчы, у канцэпцыю па грамадазнаўстве медыяадукацыя ўжо ўвайшла. Распрацаваны і факультатыў «Інфармацыйны навігатар для вучняў 3-х і 4-х класаў».

Якія яшчэ праблемы ўзнімалі педагогі? Высветлілася, што, нягледзячы на шырокую сетку ў краіне ўстаноў дадатковай адукацыі, нідзе ў нашых ВНУ педагогаў дадатковай адукацыі не рыхтуюць, нават у вядучым педагагічным універсітэце краіны.

Разам з тым, у адрозненне ад школьных настаўнікаў, педагогі дадатковай адукацыі працуюць у прынцыпова іншых умовах: калі ў школу дзеці абавязаны хадзіць, то ў гурток ці аб'яднанне па інтарэсах яны пойдуць толькі ў тым выпадку, калі педагог іх зацікавіць. А гэта могуць зрабіць толькі ўлюбёныя ў сваю справу людзі. Вось гэту спецыфіку не заўсёды разумеюць выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў, якіх прыцягваюць у сферу дадатковай адукацыі. Усё ж такі павінна быць распрацавана адпаведная праграма па падрыхтоўцы спецыялістаў для такіх устаноў...

Хвалюе дырэктараў школ і такая акалічнасць, як нізкія расцэнкі для школ (як для юрыдычных асоб) на збор другаснай сыравіны: яны ўтрая меншыя, чым для фізічных асоб.

Педагогі папрасілі намесніка прэм'ер-міністра звярнуць увагу яшчэ на адзін крыўдны факт: сёння найвышэйшай ступенню ў педагагічным майстэрстве з'яўляецца катэгорыя «настаўнік-метадыст». Яе змаглі атрымаць ужо 150 выдатных беларускіх настаўнікаў. Але ні выхавальнікі дашкольных устаноў, ні педагогі сістэмы дадатковай адукацыі, ні педагогі спецыяльнай адукацыі прэтэндаваць на яе не могуць, паколькі яна прадугледжана толькі для школьных настаўнікаў. Няўжо ў іншых сферах няма педагогаў, якія дасягнулі вяршынь у прафесійным майстэрстве і гатовы дзяліцца сваім прафесійным досведам з іншымі? Пытанне з разраду рытарычных...

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.