Вы тут

Муж і жонка «на гадзіну» змагаюцца за кліентаў


Графік майстроў з «залатымі» рукамі нават у крызісныя часы распісаны больш чым на год наперад. Кліенты перадаюць іх адзін аднаму «ў спадчыну». Аднак гэта датычыцца вялікіх аб'ектаў з заможнымі заказчыкамі. Тым жа, каму патрэбна мінімальная дапамога: дзірку ў сцяне прабіць, шпалеры на столі пераклеіць, дамашняй ежы нагатаваць, прасцей за ўсё выклікаць «мужа» або «жонку» на гадзіну. Гадзіна з «мужам» пры гэтым абыдзецца ў сярэднім у 200 000, а «жонку» за мільён можна заказаць на 8-гадзінны працоўны дзень.


Паспрабуйце адрэзаць трубу нажніцамі

Мяркуючы па аб'явах у інтэрнэце, большасць фірмаў, што прапануюць паслугу «муж на гадзіну», працуе да 8-9 вечара. Некаторыя гатовыя да справы і апоўначы, а частка ўвогуле нясе кругласутачную вахту. Каштуе гадзіна «мужа» ад 100 000-200 000 і вышэй. Аднак пры самым танным варыянце заказваць майстра трэба мінімум на дзве гадзіны. Іншыя кажуць, што такі кошт умоўны і трэба ацэньваць сітуацыю і канчатковую суму па месцы. Пры гэтым кожны стараецца зацікавіць кліента, як можа.

Індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр, ён жа «муж на гадзіну», лічыць, што настаў час саступаць заказчыкам.

— Хоць 2010-ты і быў крызісным, тады якраз было добра пачынаць сваю справу. Цяпер значна цяжэй. Тое ж аклейванне шпалерамі яшчэ год назад каштавала 2,5-3 долары за метр, цяпер на гэта пагаджаюцца і за $1,5-2.

Майстар на гадзіну Сяргей Свішчаў у аб'яве хваліцца, што аказвае любыя неардынарныя бытавыя паслугі. Аказалася, ён умее рэанімаваць старую мэблю, нават калі запчасткі да яе ўжо не вырабляюць.

— Калі механізмы старыя, шукаем альтэрнатыўны варыянт: пераробліваем зламаную дэталь альбо робім падобную да яе. Не так даўно адрамантавалі паўкруглую шафу з рассоўнымі дзверкамі — такіх у прынцыпе ўжо не робяць.

Новае жыццё старой канапы абыдзецца мінімум у 200-300 тысяч плюс кошт матэрыялаў. Бярэ Сяргей умоўна 200 тысяч за гадзіну, але лічыць, што майстры, якія разлічваюцца па гадзінах, — не кампетэнтныя спецыялісты, а грошазбіральнікі.

Прадпрымальнік Леанід Скуратовіч кажа, што звяртаюцца па паслугу «муж на гадзіну» часцей за ўсё адзінокія жанчыны, але сустракаюцца і мужчыны.

— Часам ім няёмка прызнацца, што не ўмеюць зрабіць нешта, дык кажуць, што пасля аперацыі ці інструмента няма. А аднойчы гаспадар амаль усё сам зрабіў, а я толькі дапамагаў.

Умоўна гадзіна Леаніда каштуе 150 тысяч, аднак канчатковы разлік залежыць ад фронту работ.

— Неяк дзяўчына прасіла павесіць карціну. Ехаць дзеля гэтага праз увесь горад не хацелася. Але яна згадзілася аплаціць гадзіну маёй працы, і я зрабіў. А жыла б недалёка, дык і за
50 тысяч дамовіліся б. А спадарыня з Заслаўя была гатовая сама мяне прывезці дахаты, каб я ёй канапу адрамантаваў.

Характары ў кліентаў таксама сустракаюцца розныя.

— Аднойчы гаспадыня прасіла адрэзаць кавалак металічнай трубы карніза. Інструмента для гэтага ў мяне з сабой не было, дык жанчына знайшлася: «Давайце нажом». Нават сама паспрабавала, падрапала і кажа: «Бачыце, атрымоўваецца». Пасля яшчэ і нажніцы прапанавала для працы. Ледзьве я яе пераканаў, што так распілаваць метал немагчыма.

У рэжыме 24х7

Іншая справа — «мужы-майстры» ў фірмах. Яны робяць стаўку на абслугоўванне юрыдычных асоб і цэлых кампаній. Хоць пачыналі многія таксама з прыватных заказаў.

«Муж на гадзіну» Аляксандр Арэхаў, цяпер кіраўнік кампаніі «Алвамі Груп», каб заваяваць давер заказчыка, два гады назад выязджаў да кліентаў амаль кругласутачна. Паказваў сваё стаўленне да работы праз прыемныя дробязі. Пры зборцы мэблі, напрыклад, прамазваў сіліконам тарцы ў нізе шафак, якія вытворца дзеля эканоміі пакідае «голымі». Такі падыход прывабіў буйных заказчыкаў. Сёння ў яго на абслугоўванні некалькі начных клубаў, рэстаранаў, офісаў, з якімі кругласутачна, 7 сутак на тыдзень працуюць пяць майстроў. Аляксандр пагаджаецца, што атрымаць прыватнага кліента стала значна цяжэй.

— Раней дастаткова было ўваходзіць у топ у пошукавых сістэмах, а цяпер людзі глядзяць на кошт паслуг, водгукі. Немагчыма планаваць аб'ём працы, час, кошт. Прыватны заказчык пакрысе знікае, а паслуга «муж на гадзіну» выкараняецца. І ў гэтым вінаватыя самі шматлікія прадпрымальнікі. Дэмпінг цэн і няякасныя паслугі зрабілі сваю справу. Раней мы атрымлівалі па 50 званкоў за дзень, цяпер лічба ўсё зменшваецца, — падзяліўся Аляксандр. — Абаненцкае абслугоўванне, якое мы прапануем юрыдычным асобам, цяпер больш стабільная справа.

«Алвамі Груп» заключае дагавор на абслугоўванне фірмаў тэрмінам ад трох месяцаў да года. Распрацаваны чатыры тарыфныя планы коштам ад 1,1 млн да 7,6 млн у залежнасці ад памераў памяшкання і «працагадзін».

— Гэта дазваляе і нам планаваць свае заробкі, і кліентам зручна, што на некалькі месяцаў яны набылі сабе чысціню, — упэўнены Аляксандр.

Першая гадзіна майстроў каштуе 250 000 (сюды ўключаны сама паслуга, транспартныя і рэкламныя расходы, заробак дыспетчара і амартызацыя абсталявання). Кожная наступная абыдзецца ў 170 000.

Даць параду майстру

«Мужам на гадзіну» Аляксандр стаў пасля няўдалай спробы працаваць у галіне будаўніцтва. Апынуўшыся ў мінусе, шукаў выйсце.

Сёння 28-гадовы дырэктар ідзе на працу а 8-й раніцы і вяртаецца а 8-й вечара. Так працуюць і яго спецыялісты. З іншага боку, браць шмат заказаў ніхто не прымушае. Колькі выканаў — столькі і атрымаў. Нават пры сярэдняй загружанасці менш за
8 000 000 за месяц у майстра не бывае.

— Мы гатовыя выконваць і дробныя заказы, — далучаецца да размовы Віталь Сомін. — Ёсць катэгорыі людзей, якіх трэба абслугоўваць абавязкова, а не старацца ўрваць з іх па-максімуме. Гэта маці-адзіночкі, сталыя людзі, у якіх дзеці жывуць далёка. Мы нават пачалі хадзіць па кватэрах, прапаноўваючы свае паслугі. Але да прыватнага кліента цяжка дастукацца, бо людзі часта баяцца таго, што не могуць памацаць. А паслуга — рэч нябачная.

Аляксандр перастаў сам ездзіць па заказах прыкладна паўгода назад, аднак найбольш уражлівыя здарэнні памятаць будзе яшчэ доўга. Як новую секцыю гаспадарам збіраў з 9 вечара да 5 раніцы, бо ў іх вялікае свята ў той жа дзень намячалася. Ці ў 11 ночы ездзіў ложак збіраць, бо стары ўладальнікі выкінулі, а з новым не справіліся.

Тройчы на пачатку дзейнасці «мужам» Аляксандру пасля працы прапанавалі разлік... натурай.

— Хоць дзяўчаты і былі прывабнымі, але ж я меркантыльны, — смяецца ён. — Кожны раз браў менавіта грошы. Здаралася, што людзі ўвогуле не хацелі плаціць і спрабавалі выгнаць з хаты. А яшчэ вельмі раздражняе, калі прыходзіш на заказ, а цябе вучаць, як і што рабіць. Я нават хацеў зрабіць на майцы надпіс «Даць параду майстру — 50$». Аднойчы шэсць гадзін збіраў кухню, і ўвесь гэты час без перапынку ў дзвярах стаяла бабуля і каментавала ўсё, што я рабіў.

Няма часу на прыборку...

Паслуга «жонка на гадзіну» з'явілася пазней за «мужа», аднак попыту набыць так і не паспела. Двухсэнсоўная назва прываблівала аматараў весела правесці час, а некаторых жанчын абурала сваім гучаннем. У выніку многія «жонкі» сталі спецыялісткамі па клінінгу.

Таццяна, кіраўніца аднаго са сталічных агенцтваў клінінгавых паслуг, 1,5 года назад таксама заваблівала кліентаў паслугай «жонка на гадзіну», але амаль адразу адмовілася ад такой ініцыятывы.

— Народ успрымаў назву «жонка на гадзіну» як легалізаваны секс, таму прыйшлося ад яе пазбавіцца. Прыватных кліентаў мы не кідаем, аднак гэта заказы разавыя і нестабільныя. Сярод званкоў былі заказы ад мужчын, якім трэба было прыбраць дом, бо жонка з'ехала. Пытанні «Якія ёсць дзяўчаты?», «У што будуць адзетыя?» мы проста ігнаравалі. Жанчыны, дарэчы, увогуле не званілі.

Кіраўніцтва фірмы пераключылася на аказанне клінінгавых паслуг карпаратыўным кліентам. Канчатковы кошт іх высвятляецца пасля агляду тэрыторыі і залежыць ад чысціні памяшкання, яго памераў і перыядычнасці прыезду спецыяліста. Стартавая сума пры гэтым — 2,5 млн за месяц абслугоўвання офіса плошчай каля 30 м2.

— Такая праца з кожным днём становіцца ўсё больш запатрабаванай. Людзі пачынаюць разумець, што меркаванне пра фірму ўтвараецца ў тым ліку і праз акуратнасць офіса. Чысціня становіцца адным з іміджавых складнікаў.

Ігнат Платніцкі, гомельскі прадпрымальнік, распачаў паслугу «жонка на гадзіну» літаральна пару месяцаў назад. Ён арыентаваўся на кантынгент забяспечаных людзей, у якіх няма часу на прыборку, але ёсць на гэта грошы.

— Думаю, у забяспечаных людзей ёсць свае прыватныя прыбіральшчыцы. Да таго ж у Гомелі вялікая канкурэнцыя, — тлумачыць прычыну няўпэўненага старту Ігнат. — Звоняць больш за ўсё жанчыны ва ўзросце альбо сярэдніх гадоў, якія не паспяваюць або не хочуць марнаваць час на прыбіранне.

Хоць заказаў няшмат, адмаўляцца ад дзейнасці ён не збіраецца, бо гэта не патрабуе ўкладанняў. На сайце прадпрымальніка ўсе паслугі распісаны дакладна. Посуд вам памыюць за 30 000, вокны памерам да 4 м2 — за 40 тысяч, сходзяць у краму і прынясуць да 10 кілаграмаў пакупак за 15 000. Комплексная прыборка кватэры пацягне на 500 000, а за мільён «жонку» можна заказаць на ўвесь дзень і нават узяць яе з сабою за горад.

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.