Вы тут

Бясконца не дачытаная кніга


Я відавочная праціўніца штампаў, прызвычаілася «штампаваць» людзей. Уявіла сябе знатаком чалавечых характараў і пасля першай сустрэчы фільтрую: мой — не мой.


Раней я збірала людзей у сваю скарбонку. Складала спіс сяброў і знаёмых, з якімі даўно не сустракалася праз занятасць і хуткаплыннасць часу. І давай абзвоньваць. Не таму, што менавіта зараз мне захацелася з імі пагаварыць, а проста таму, што даўно не гаварылі. Абзвоньвала па спісе, прызначала сустрэчы і хадзіла на іх, нягледзячы на ўсе перашкоды. Такія сустрэчы расцягваліся на месяцы. Калі кола заканчвалася, аказвалася, што пара пачынаць яго зноў. Самае страшнае пачыналася, калі я заводзіла новае знаёмства, і кола даводзілася пашыраць. І яно лопалася ў маёй галаве. Так я перастала любіць сустрэчы.

З таго часу пачала берагчы сябе і сваё кола. Па рабоце і грамадскай дзейнасці даводзіцца ўвесь час знаёміцца з новымі людзьмі.

Каб не фарміраваць бязмежнае кола, якое ўрэшце давядзе мяне, я выбрала новую крайнасць. Не пускаць нікога новага ў сваё кола. Але і гэтая практыка аказалася нежыццяздольнай.

Шукаючы залатую сярэдзіну, я прыдумала фільтр. Так заўзятая праціўніца штампаў пачала кляйміць людзей: мой чалавек ці не мой.

Мой. Гэта, ведаеце, калі ўявіць, што душа мае дно, то мой чалавек умее дакрануцца да яго.

Не мой. Пераходзіць уброд. Не мочыць ногі вышэй за калена.

Так і фільтравала. Каб не лопнула кола. Мой — не мой.

А потым мой, да болю мой чалавек піша на мяне скаргу і ганарыцца гэтым. А іншы, не мой, даўно выключаны з кола, тэлефануе ў Дараваную нядзелю і шчыра просіць прабачэння за тое, на што я ніколі не трымала злосці.

Я сустракаюся з сяброўкай, якую, здавалася б, ведаю лепш за саму сябе. Прадбачу яе рэакцыю, прадказваю паводзіны, завяршаю фразы. Ведаю як аблупленую. На яе падае цмянае святло паўночнай кавярні. Я назіраю збоку. І раптам разумею, што перада мной — раскрытая кніга. Я зачаравана перагортваю старонкі і не магу наталіць смагу чытання. Чытаю-чытаю і ніяк не магу дайсці да фіналу. Больш за тое, я нават не ўяўляю, якім будзе фінал, чым скончыцца кніга. Яна заўсёды інтрыгуючая і бясконца не дачытаная.

Мы не можам ведаць людзей. Мы не ведаем нават сябе саміх. Мы можам фантазіраваць ці прадказваць, хто як павядзе сябе ў той ці іншай сітуацыі, але на справе ўсё адбываецца інакш.

Як у Канта «рэч у сабе» — яна такая, якая ёсць сама па сабе, а не такая, якой мы яе ўяўляем. Так і людзі. Чалавек у сабе. І ніхто не ведае дакладна, які: ні ён сам, ні, тым больш, мы. Ён непрадказальны, ён адначасова мой і не мой. Ён бясконца не дачытаная кніга.

І хто цяпер мой чалавек? Скажам, мужчына. Той, хто ўмее падбіраць сакавітыя кампліменты ці з кім зручна весці побыт? Хто з лёгкасцю носіць на руках ці хто ўмее саступаць? А вось пра сяброўку. Адной можна даверыць любы сакрэт, гаварыць — не нагаварыцца, але ў тэатр шукай іншую кампанію: яна не падзяляе тваю страсць. Іншая — ідэальная партнёрка для шопінгу, а па душах размаўляць не ўмее. З трэцяй зручна вырашаць справы — яна ўмее раскласці па талерках кашу ў тваёй галаве, але з ёй не пасмяешся з лёгкай камедыі, захутаўшыся ў адзін плед. І якая з іх мая? Як выбраць? І ці трэба выбіраць?

У маім жыцці больш няма «маіх» людзей. Бо іх не існавала ніколі.

Зніклі і катэгарычна «не мае». Я нікога не ведаю настолькі, каб закрыць кнігу. І кожны чалавек цяпер бясконца не разгаданы, нечаканы і заўсёды адкрыты для новага.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».