Вы тут

«Мой тата працуе Ракетай»


Вадзім Ванюхоў (сцэнічнае імя Вадзік Ракета) — адзіны ў краіне клоўн, які адкрыў дзіцячы цэнтр і актыўна папулярызуе сямейны адпачынак. Упершыню за шмат гадоў яму ўдалося трапіць на брытанскае шоу «Брытанія шукае таленты». І не проста трапіць, а прайсці ў паўфінал! З гэтай нагоды мы сустрэліся з сям'ёй ВАНЮХОВЫХ.


«Мы прысвяцілі сябе дзецям — і, нарэшце, зацяжаралі»

Вадзім і яго жонка Лілія разам ужо шаснаццаць гадоў.

— Мне было 18, яна старэйшая за мяне на 4 гады. Цяпер, вядома розніца непрыкметная. А калі мне 18, а ёй 22 — гэта было адчувальна, — пачынае сямейную гісторыю Вадзім.

— Мы вельмі хацелі дзяцей, але ўсё ніяк не атрымлівалася, — расказвае Лілія. — Прайшлі ЭКА, і ўсё безвынікова. Ну не даваў Гасподзь, і ўсё тут! І нават разышліся... А потым адкрылі дзіцячую студыю танцаў, набралі дзетак, а праз нейкі час Вадзім павёз іх на Алімпіяду ў Маскву. Вярнуўся з Алімпіяды, а я яму кажу: «Я цяжарная!» І без усялякіх ЭКА. Вось што значыць прысвяціць сябе дзецям!

Цяпер пара гадуе сямігадовую Даніэлу і чатырохгадовую Эмілію. І яшчэ адзін важны «праект» — сямейны цэнтр KіdsHall, якому яшчэ няма і года.

— Да гэтага ў нас у жыцці быў прафесійны «прабел» даўжынёю ў тры гады, — распавядае Лілія. — Мы вярнуліся з Ізраіля (там Вадзім актыўна займаўся танцамі) і нам не было дзе жыць, не было прапіскі, каб уладкаваць дзяцей у садок, не было пастаяннай працы... Ніхто не верыў, што мы ўстанем як-небудзь на ногі... І амаль за год неймавернымі намаганнямі Вадзіка мы не толькі наладзілі наша жыццё, а яшчэ і адкрылі свой сямейны цэнтр.

— Я ніколі не давяраў сваю творчасць нікому, толькі жонцы, — дзеліцца Вадзім.

— Як я прадам яго талент, так ніхто не прадасць! — усміхаецца Лілія. — Усе вельмі здзіўляюцца, як гэта ўмела ў мяне атрымліваецца. Я проста ўпэўненая ў ім. Заўсёды слухаю, што людзі кажуць пра яго. І нават нядобрае вельмі нам дапамагае — мы робім высновы і стараемся нешта мяняць у лепшы бок. Вельмі цяжка жыць з творчым чалавекам, — дзеліцца Лілія. — Вось я не творчая, больш прыземленая. Але, калі з'явіўся свой цэнтр, захацелася займацца творчасцю — цяпер, напрыклад, я сама дэкарырую ўсе святы.

Вадзік фантануе ідэямі, а я дапамагаю рэалізоўваць. Калі Вадзім прыдумае, напрыклад, нейкае новае шоу, я прадумваю, які рэквізіт патрэбен, якія дэкарацыі. Што з чаго зрабіць, дзе што набыць... Мы адно аднаго дапаўняем. Бывае, праўда, ён скардзіцца, што мала ўвагі, але сямейная справа — гэта немаўля, увесь час аддаём ёй... Ведаеце, калі ў старэйшай дачкі пытаюцца: «А кім твой тата працуе?», яна і так адказвае: «Вадзікам Ракетай!». І гэта крута!

У ся­мей­ным цэнтры Ва­ню­хо­вых з за­да­валь­нен­нем ад­па­чы­ва­юць і дзе­ці, і да­рос­лыя.

«Па пятніцах нечага не хапала...Цяпер гэта самы цудоўны дзень»

— Свой сямейны цэнтр мы адкрылі на памылках іншых. Менавіта тут мы сабралі ўсё тое, што падабаецца нашым дзецям. Да нас прыходзяць і кажуць: у вас нават атмасфера сямейная! Гэта менавіта тое, чаго мы так хацелі, — амаль адначасова кажуць Вадзім і Ліля.

— У цэнтр прыходзяць бацькі з дзецьмі, каб нават проста пагутарыць, сустрэцца за сябрамі — не ўсюды ж можна ў рэстаране пагаварыць, бо маленькім дзецям там сумна. Інтэрнэт у нас бясплатны, мамы часам прыходзяць з ноўтбукамі, працуюць, а дзеткі гуляюць.

Дарэчы, у цэнтры адзначаюць свае дні народзінаў не толькі дзеткі, а яшчэ і іх мамы.

— Гэта мамы з дзеткамі-пагодкамі, прыкладна трох-чатырох гадоў, — расказвае Лілія. — Прыносяцца свае прысмакі, праводзяцца конкурсы, розыгрышы, латарэі, робіцца фотазона. У каго маленькія дзеці — гэта ідэальны варыянт!

Акрамя добрай дзіцячай пляцоўкі, у цэнтры праводзяцца розныя забаўляльныя праграмы.

— Дзеці рознага ўзросту ідуць «на Вадзіма». Вадзім — гэта брэнд! — горда ўсклікае Лілія.

— Я 21 год працаваў дзеля гэтага, — усміхаецца Вадзім. — Для таго, каб мамы не баяліся прыводзіць дзетак. І каб дзецям і дарослым было цікава. У нас новы фармат. Як правіла, усе вядучыя дзіцячых свят працуюць выключна па сцэнарыі, але ж дзетак трэба «адчуваць»...

— Вадзім нават самых дзёрзкіх, дзесяці-дванаццацігадовых хлопцаў, якія сустракалі са словамі: «А што ты можаш, чувак, я круцейшы за цябе!», адчувае, — дадае Лілія. — Яны выходзяць са свята прыяцелямі, фатаграфуюцца, дабаўляюцца ў сябры ў сацыяльных сетках...

— Кожную пятніцу мы ладзім Дзень добрых спраў і запрашаем дзяцей з асаблівасцямі. Так ужо атрымалася, што я шмат для іх выступаю. Сам сірата, рос без бацькоў, а выхоўвала мяне бабуля. Так што лёс не вельмі, але ў параўнанні з праблемамі дзяцей, якія прыходзяць на выступленні, мае праблемы — проста дробязь.

— Штотыдзень мы запрашаем дзетак з рэдкімі генетычнымі захворваннямі, — расказвае Лілія. — Дарэчы, пятніца была заўсёды дзіўным нейкім днём — нечага ў ёй не хапала... Вельмі хочацца дапамагчы бацькам, на пару гадзін вывесці з гэтага стану... Мы праводзім розныя майстар-класы, «салодкія сталы», збіраем падарункі да свят, да нас прыходзіць псіхолаг... Цяпер нашы дочкі з задавальненнем сябруюць з гэтымі дзяўчаткамі і хлопчыкамі, а вось спачатку быў шок... Цяпер мы разумеем, што Эмілія і Даніэла змяніліся ў лепшы бок, сталі больш чулымі. Ды і мы, дарослыя, таксама.

Вадзім і Ліля разам ужо 16 гадоў.

Крэдыт на... казку

Вадзім выступае з 14 гадоў. «Новая хваля», украінскае і літоўскае шоу талентаў, фестывалі і гастролі. Усё жыццё гэтага чалавека звязана са сцэнай.

— Я самавук! Мой першы досвед працы клоўнам скончыўся вельмі сумна — мяне пабілі падушкамі і напісалі скаргу! Таму што я не ведаў, што рабіць з дзецьмі. Ведаеце, дзеці ўсё адчуваюць, асабліва калі ты баішся іх. Яны цябе знішчаць! Цяпер, на жаль, расце такое пакаленне... Я ніколі ў жыцці не думаў, што звяжу сваё жыццё з клаўнадай.

Пасля першага негатыўнага досведу рукі апусціліся. Але я хацеў быць на сцэне, я ж артыст.

Таму пачаў прыдумляць вобраз, які б адлюстроўваў маю сутнасць, унутраны стан. Спачатку я быў Прыбамбас, але потым зразумеў, што Вадзік Прыбамбас — цяжка запамінаецца. А потым пстрык — Вадзік Ракета! Крута! Ад гэтага нават адразу ўсміхацца хочацца! І вось аднойчы мяне зноў запрасілі правесці дзіцячае мерапрыемства. Я вельмі баяўся, перажываў, але атрымалася. Калі ты робіш рэзкі паварот у жыцці, гэта заўсёды рызыка. Але ўжо пасля першага мерапрыемства людзі прыйшлі і заказалі яшчэ тры дні нараджэння на працягу года. І я пачаў разумець, што мог бы гэтым займацца сур'ёзна. Пачаў шыць касцюмы, працаваць і развівацца ў гэтым кірунку.

Летась Вадзім адаслаў заяўку на брытанскае тэлешоу.

— У студзені-лютым я ўжо тройчы ездзіў на кастынгі ў Манчэстэр і Лондан. І вось з 90 тысяч удзельнікаў суддзі выбралі 40, якім сказалі «так». І я сярод іх, — ледзь стрымлівае эмоцыі артыст. — Для выступлення на адборы я падрыхтаваў танец з трохметровай лялькай-мядзведзем. А ў паўфінале збіраюся паказаць казку. Для гэтага мне трэба два тыдні жыць у Англіі, наняць балет і ўвесь час з імі рэпетаваць. Ідэя і ўдзел, па падліках аўтара, павінны абысціся ў 11 235 долараў. Гэта вельмі вялікія грошы.

Тата-клоўн з дочкамі.

Па словах Вадзіка Ракеты, значную частку сваіх зберажэнняў ён ужо выдаткаваў на папярэднія паездкі. Прызнаецца, нават узяў крэдыт.

— Знайсці спонсара ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі складана, — працягвае суразмоўца. — Вырашыў папрасіць у сяброў сімвалічнай падтрымкі. І напісаў у сацсетках пост, у якім папрасіў людзей скінуцца па долару мне на паездку. Першыя паведамленні ад жадаючых выручыць мяне сталі паступаць хвілін праз пяць. У мяне, шчыра, ад шчасця проста рукі трэсліся. За 14 гадзін гэтай навіной падзяліліся чалавек дзвесце. А менш чым за месяц патрэбная сума была сабраная!

У гонар гэтага ў цэнтры ўсе жадаючыя змаглі запусціць 743 паветраныя шары — своеасаблівая падзяка тым, хто дапамог трапіць на англійскае шоу.

— У планах — перамагчы! — дзеліцца Вадзік Ракета. — А вось мая мара — адкрыць лялечны тэатр. Напісаць для самых маленькіх казку. І зрабіць навагодні ранішнік.

Няхай усё атрымаецца!

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?