17 Жнівень, чацвер

Вы тут

Каму скорыцца прафесійны Алімп?


Далучэнне Беларусі да руху WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl (WSІ) дало нам магчымасць атрымаць доступ да самых сучасных кваліфікацый і прыцягнуць увагу моладзі да рабочых прафесій. Такую думку выказаў падчас сустрэчы з журналістамі першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ.

Ужо сёння ў адукацыйныя стандарты і кваліфікацыйныя патрабаванні падрыхтоўкі спецыялістаў у нашай краіне ўключаюцца элементы сістэмы WorldSkіlls. Па сутнасці, гэта надбудова над існуючымі кваліфікацыямі, якая забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў для інавацыйных тэхналогій. Сёння далёка не ўсе беларускія прадпрыемствы могуць сфармуляваць кваліфікацыйныя патрабаванні да патрэбных ім спецыялістаў. Такім чынам, можна сказаць, што WorldSkіlls — гэта апераджальныя тэхналогіі ў падрыхтоўцы кадраў для эканомікі Беларусі.


На І на­цы­я­наль­ным чэм­пі­я­на­це пра­фмай­стэр­ства «WоrldSkіlls Bеlаrus — 2014».

Першыя крокі

Наша краіна ўступіла ў міжнародную асацыяцыю WorldSkіlls у студзені 2014 года і тут жа пачала рыхтавацца спачатку да нацыянальнага, а потым і да сусветнага чэмпіянату. На апошнім беларуская зборная ў складзе 17 чалавек спаборнічала ў 15 кампетэнцыях. Прычым першую спробу беларусаў скарыць Алімп прафесійнага майстэрства на сусветным чэмпіянаце WorldSkіlls-2015 нельга назваць няўдалай: з Бразіліі беларуская каманда прывезла два медалі выдатнікаў.

На думку прэзідэнта WSІ Саймана Бартлі, Беларусь цалкам магла б прэтэндаваць на неафіцыйную ўзнагароду — за «самы хуткі старт», бо з улікам часу, які прайшоў з моманту, калі краіна далучылася да руху, удзел у такой колькасці кампетэнцый і заваяванне двух медалёў — гэта вельмі высокі вынік.

Між іншым, у маі Сайман Бартлі наведае Беларусь, каб стаць сведкам ужо ІІ Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkіlls Belarus-2016. Спаборніцтвы пройдуць з 17 па 19 мая ў сталіцы ў Футбольным манежы. Калі на першым чэмпіянаце ў 2014 годзе спаборніцтвы праводзіліся па 20 кампетэнцыях, то гэтым разам будуць прадстаўлены 35 кампетэнцый (з іх пяць дэманстрацыйных). А сваё прафесійнае майстэрства пакажуць 258 удзельнікаў: гэта навучэнцы прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, а таксама маладыя рабочыя ва ўзросце да 22 гадоў. Усе яны прайшлі адбор на рэгіянальных ці ўніверсітэцкіх этапах. Па выніках спаборніцтваў будзе сфарміравана нацыянальная зборная на сусветны чэмпіянат — ён адбудзецца ў наступным годзе ў Абу-Дабі.

Удзел у нашых спаборніцтвах возьмуць таксама прадстаўнікі Расіі (гэта краіна будзе прадстаўлена ў 14 кампетэнцыях), Швейцарыі, Паўднёвай Карэі, Францыі, Украіны і Казахстана.

Усе заданні для чэмпіянату ствараліся па стандартах WorldSkіlls. Яны ўжо прадстаўлены на адкрытых інтэрнэт-рэсурсах. Згодна з правіламі, 30 працэнтаў іх зместу будуць зменены непасрэдна перад самімі спаборніцтвамі. Частка заданняў будзе выконвацца канкурсантамі на працягу 10—12 гадзін, а некаторыя разлічаны на 2—3 дні.

Мастацтва афармлення вітрын

Прыкметна павялічыцца і колькасць экспертаў на конкурсе (да 230), прычым не толькі за кошт павелічэння саміх кампетэнцый, але і за кошт экспертнага супольніцтва, якое сёння фарміруецца ў нашай краіне. У склад яго ўваходзяць заказчыкі кадраў і канкурсанты леташняга чэмпіянату WorldSkіlls у Бразіліі. Па ўмовах WorldSkіlls Іnternatіonal, выступіць у якасці ўдзельнікаў новага міжнароднага спаборніцтва яны ўжо не змогуць, але ніхто не перашкаджае ім стаць экспертамі. Істотна папоўніцца экспертны склад і за кошт заказчыкаў кадраў.

Калі пры падрыхтоўцы да першага чэмпіянату былі праблемы з набыццём для конкурсу абсталявання, расходных матэрыялаў, інструментаў і прадастаўленнем рабочых месцаў для трэніровачнага перыяду, то цяпер сітуацыя змянілася ў лепшы бок.

— На 12 тысячах квадратных метраў Футбольнага манежа будуць абсталяваныя 35 пляцовак, аснашчаных самым сучасным абсталяваннем ад 60 кампаній, — расказаў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь Шкляр. — У нацыянальнага бізнесу з'явілася разуменне канчатковых мэт WorldSkіlls — гэта спосаб паказаць сусветнай супольнасці, што ў нас ёсць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Умоўна кажучы, дарагія інвестары, сардэчна запрашаем вас у Беларусь! Бо мы здольныя забяспечыць вашы інвестыцыі ў тэхналогіі і сучаснае абсталяванне ўласнымі кадрамі.

Калі на першым чэмпіянаце былі прадстаўлены толькі тры кампетэнцыі па інфармацыйных тэхналогіях: «Тэхнічнае праектаванне CAD», «Адміністраванне сетак» і «Кабельныя сеткі і сістэмы», на сёлетні конкурс дадалі яшчэ і «Графічны дызайн», «Вэб-дызайн» і «Інфармацыйныя тэхналогіі — праграмнае рашэнне для бізнесу».

Да «Сталярных работ» дадаліся «Цяслярныя работы» і «Выраб мэблі». Кампетэнцыя «Аўтамабільныя тэхналогіі» пашыраецца за кошт «кузаўнога рамонту» і «абслугоўвання сельскагаспадарчых машын». Акрамя таго, удзельнікі будуць спаборнічаць у новай кампетэнцыі «Сантэхніка і ацяпленне». Упершыню будзе прадстаўлена кампетэнцыя «Медыка-санітарная дапамога і аздараўленне — ахова здароўя — сацыяльны догляд», дэманстраваць якую будуць навучэнцы ўстаноў адукацыі медыцынскага профілю.

«Кулінарнае мастацтва» пашыралася за кошт дэманстрацыйнай кампетэнцыі «Выпечка хлебабулачных вырабаў». На дэманстрацыйным узроўні будуць прадстаўлены кампетэнцыі «Афармленне вітрын», «Касметалогія» і «Ландшафтны дызайн». Усе яны прыдадуць чэмпіянату больш відовішчнасці...

Праз JunіorSkіlls — да будучай прафесіі

Адкрыццё і закрыццё гэтага мерапрыемства плануецца ператварыць у яскравае шоу, дзе будуць ушаноўваць усю сістэму прафесійнай адукацыі нашай краіны. У Футбольным манежы будуць дзейнічаць інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі «Усе грані прафесіі», разлічаныя на падлеткаў, якія яшчэ толькі вызначаюцца з прафесійным выбарам.

У рамках ІІ Нацыянальнага чэмпіянату пройдуць і першыя спаборніцтвы «JunіorSkіlls Беларусь». Сусветны рух JunіorSkіlls скіраваны на прыцягненне ўвагі дзяцей і моладзі да свету прафесій і ўдасканаленне сістэмы прафарыентацыйнай работы. Выхаванцы ўстаноў дадатковай адукацыі будуць спаборнічаць у такіх кампетэнцыях як «мабільная робататэхніка», «прамысловая робататэхніка», «тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў», «прататыпаванне», «нейрапілатаванне», «сістэмнае адміністраванне» і «інжынерны дызайн CAD». Каардынатарам руху JunіorSkіlls у Беларусі з'яўляецца Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Аркадзь Шкляр паведаміў, што ўпершыню на чэмпіянаце будзе выкарыстоўвацца камп'ютарная сістэма інфармацыйнай падтрымкі чэмпіянату (CІS) — гэта праграмнае забеспячэнне, створанае спецыялістамі WorldSkіlls Іnternatіonal для кіравання ўсімі аспектамі ацэнкі. З яе дапамогай разлічваюцца вынікі кожнага конкурсу і вызначаюцца пераможцы. CІS значна зніжае магчымасць фальсіфікацыі. Усе эксперты навучыліся складанню крытэрыяў ацэнкі заданняў па 500-бальнай шкале.

Таксама падчас чэмпіянату пройдзе і міжнародная канферэнцыя «Прафесійны патэнцыял моладзі» з удзелам спецыялістаў з самых розных краін.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Руху WоrldSkіlls Belarus патрабуецца ўласны брэнд

Руху WоrldSkіlls Belarus патрабуецца ўласны брэнд

У кастрычніку ў Абу-Дабі (ААЭ) пройдзе 44-ы чэмпіянат WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl, у якім возьмуць удзел і беларусы. 

Грамадства

Як байцы з трох краін узводзяць новую спартыўную арэну

Як байцы з трох краін узводзяць новую спартыўную арэну

Сярод усіх маладзёжных будоўляў гэтага лета мінская гарадская — асаблівая. 

Калейдаскоп

Дзмітрый Літвіновіч: СhеrrуVаtа «абнулілася» і пачала новае жыццё

Дзмітрый Літвіновіч: СhеrrуVаtа «абнулілася» і пачала новае жыццё

Наколькі цяжка пачынаць прамаўляць уголас пасля доўгага маўчання, ці змяніліся ўмовы гульні на музычным рынку і ці прынялі хіпстары памкненні эксперыментатараў старога пакалення.

Грамадства

Унікальны заплыў «на чым папала» прайшоў на Аўгустоўскім канале

Унікальны заплыў «на чым папала» прайшоў на Аўгустоўскім канале

Гэта відовішча ўжо трэці год запар здзіўляе сваім нестандартным падыходам.