Вы тут

Рэгламентацыі да купання дзіцяці


У традыцыйнай культуры славянскіх народаў ваду, у якой купалі нованароджанага, надзялялі ўласцівасцямі «жывой», або «жыватворнай», роўна як ваду пасля абмывання нябожчыка — «мёртвай», здольнай нашкодзіць чалавеку. Таму існавалі парады па яе выкарыстанні і ўтылізацыі.


* Лічылася непажаданым купаць дзіця пасля заходу сонца; калі ж цяжка было выканаць гэтае правіла, то ваду пасля купання малога вылівалі толькі заўтра раніцай. Непажадана купаць дзіця да года ў той дзень тыдня, у які ён нарадзіўся.

* У той вадзе, у якой купалі дзіця, ніколі не пралі і не выкарыстоўвалі яе па нейкім іншым прызначэнні. Строга сачылі за тым, каб да гэтай вады не датыкаліся якія-небудзь жывёлы (сабака, кошка, карова і т.п.).

* Часам пажылыя людзі просяць выкупацца ў той вадзе, у якой толькі што купалі дзіця. Гэта тлумачылася так: стары чалавек будзе «амалоджвацца»(як у казцы пра маладзільныя яблычкі), а значыць, паздаравее, а дзіця стане хваравітым, хутка састарэе.

* Падчас купання дзіцяці, каб яго не ўраклі, не прысутнічалі чужыя людзі.

* Пасля купання ваду зноў-такі не пакідалі без увагі. У народнай культуры ўсходніх славян вішня заўсёды ўвасабляла прыгожую стройную дзяўчыну, сімвалізавала жаночую долю, цноту, каханне. Пасля першага рытуальнага купання дзяўчынкі ваду вылівалі пад вішню, каб і малая была такой жа стройнай і прыгожай. На Палессі ваду вылівалі за парог, каб у свой час замуж выйшла.

* Ваду, у якой купалі хлопчыка, вылівалі пад яблыню, што сімвалізавала неабходнасць прадоўжыць свой род і жыць у дастатку. У беларусаў менавіта яблыня была радаводным дрэвам, або сімвалам мужчынскага роду.

* Падчас першага рытуальнага купання, якое звычайна адбывалася на 9-ты дзень пасля нараджэння, бацька ўпершыню прамаўляў імя нованароджанага.

* Пасля рытуальнага купання дзіця спавівалі ў белыя пялёнкі, але абавязкова ў тыя, якімі ўжо карысталіся, а зверху перавязвалі чырвоным поясам-абярэгам, каб абараніць нованароджанага ад сурокаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.