Вы тут

Кожны тыдзень на «Беларусь 5» у эфір выходзіць праграма «Слэм-данк»


«Хачу, каб наш праект стаў доўгажыхаром на тэлебачанні».

Баскетбол — адзін з самых папулярных, даступных відаў спорту. Нарэшце ў яго з'явілася сваё прадстаўніцтва на беларускім тэлебачанні. І цяпер кожны тыдзень на тэлеканале «Беларусь 5» у эфір выходзіць праграма «Слэм-данк». Аб тым, як нарадзілася ідэя стварыць падобны праект, якія творчыя планы ў яго каманды, ці запатрабаваны гэты тэлепрадукт, мы даведаліся ў Антона МЕЛЕШАВА, аўтара і аднаго са стваральнікаў праграмы.


— Рэч у тым, што на нашым канале тэлепраграмы пра такія віды спорту, як футбол, хакей, ужо створаны. Але валейбол і баскетбол былі незакранутыя. І праграму, прысвечаную баскетболу, даручылі рыхтаваць мне, — кажа наш суразмоўца. — Выбары назвы былі пакутлівымі. Было шмат версій. Лагічна, каб праграма, якая выходзіць па серадах, называлася «Баскетбольная серада», але праект з такой назвай для Сталічнага тэлебачання ўжо калісьці рабіў Мікалай Хадасевіч. Былі яшчэ назвы «Шчыт і мяч», «Баскет-тайм», «Аранжавы апельсін». Шляхам галасавання і з дапамогай парады аўтарытэтных асоб мы спыніліся на «Слэм-данку».

— Ты займаўся ў баскетбольнай секцыі?

— Не, толькі гуляў крыху ў школе на занятках па фізкультуры. Але спорт ідзе са мной па жыцці. Я пастаянна займаўся рознымі відамі спорту. Нядаўна, напрыклад, адкрыў для сябе гандбол — гуляю за зборную беларускіх журналістаў. А што тычыцца баскетбола, каманда нашага канала нядаўна атрымала перамогу ў адным з этапаў спартакіяды Белтэлерадыёкампаніі.

Я стараюся не спыняцца на месцы і даведваюся нешта новае пра баскетбол кожны дзень. Дзякуй за дапамогу журналісту Дзмітрыю Герчыкаву, экс-гульцу нашай зборнай, каментатару Аляксею Пынцікаву, якія дапамагаюць яшчэ лепш спазнаць гэтую гульню.

— А ў журналістыцы якім чынам апынуўся?

— У дзяцінстве я вельмі любіў чытаць і глядзець дэтэктывы. Мне хацелася стаць сышчыкам альбо дэтэктывам, атрымаць юрыдычную адукацыю. Але ў старшых класах ужо дакладна ведаў, што хачу на працы кантактаваць з людзьмі, займацца творчасцю. Маці казала, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца выкладаць свае думкі. У выніку пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова я пайшоў працаваць на магілёўскі Другі канал. Здымаў сюжэты, пісаў навіны пра спорт і розныя сацыяльныя тэмы. Ужо пасля прыйшоў працаваць на Белтэлерадыёкампанію — на канал «Беларусь-5».

— «Слэм-данк» — пра што гэты праект?

— Гэта сімбіёз дынамікі і душэўнасці. Мы расказваем пра выступленне мінскіх «Цмокаў», чэмпіянат Беларусі, жаночую і мужчынскую зборную Беларусі. Не можам не закрануць міжнародныя падзеі — матчы Еўралігі і НБА ў Паўночнай Амерыцы. Але ўпор робім і на іншае.

Мы стараемся паказаць не толькі тое, як баскетбалісты кладуць мяч у кошык. У межах рубрыкі «Партрэт» робім душэўныя інтэрв'ю. Нашымі героямі былі вядомыя ў баскетбольным асяродку людзі: Аляксандр Круцікаў і Таццяна Лавец, Наталля Трафімава і літоўская легіянерка жаночай каманды «Цмокаў» Гедрэ Паўгайтэ...

Дарэчы, Гедрэ выдатна малюе. І робіць гэта ледзь не на прафесійным узроўні. Яе працы могуць скласці цэлую выставу. У планах — размовы з ветэранамі нашага баскетбола, гульцамі маладзёжнай зборнай, якая ў 1994 годзе стала чэмпіёнам Еўропы. Наогул у сваёй працы імкнёмся да таго, каб праект стаў доўгажыхаром на тэлебачанні. Быў якасным, запатрабаваным прадуктам. Каб кожны чалавек заўжды знаходзіў у праграме тое, што яго цікавіць.

— З-за цяперашняй спецыялізацыі цябе на тэлебачанні баскетбалістам не называюць?

— На нашым 11-м паверсе яны ўжо перасталі мяне бачыць. Я альбо на здымках, альбо ў «мантажцы». І кантактаваць з імі не заўжды атрымліваецца. А наконт мянушкі ёсць іншы прыклад. У нашых «Цмокаў» быў вельмі складаны перыяд. І пасля таго, як у трэнера каманды я спытаў, ці не запрасіць ім чараўніка, мяне так і празвалі — чараўніком, шаманам.

— Ці ёсць у праграмы водгук ад гледачоў?

— Мне часам пішуць у «Вконтакте» і ў «Фэйсбуку». Многія дзякуюць за праграму, зычаць поспехаў. Я наогул за канструктыўны дыялог. А таму, калі камусьці ёсць што прапанаваць, выказацца, падзяліцца меркаваннямі, пішыце. Буду рады пагутарыць з кожным.

taras@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дынаміка і душэўнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».