Вы тут

Сацыяльныя праблемы могуць вырашыць неабыякавыя прадпрымальнікі


Хто павінен будаваць дзіцячыя садкі і развіваць турызм у рэгіёне? Эксперты сходзяцца на тым, што сацыяльную нагрузку мусіць несці не толькі дзяржава. Бізнесу таксама варта браць на сябе частку абавязкаў. Сёння ўсё часцей гавораць пра феномен сацыяльнага прадпрымальніцтва. Падобныя арганізацыі не толькі атрымліваюць прыбытак, але і вырашаюць ці змякчаюць пэўныя праблемы ў грамадстве: ад працаўладкавання інвалідаў да медыцынскага абслугоўвання пажылых. Перспектывы такога бізнесу і бар'еры для яго развіцця ў нашай краіне абмяркоўвалі падчас ІІІ Рэспубліканскага сацыяльнага форуму.


Попыт на цэнтры для пажылых

Ці шмат у Беларусі сацыяльных прадпрыемстваў? Згодна са статыстыкай, да гэтай катэгорыі можна аднесці 184 установы. Большасць з іх — фірмы, створаныя некамерцыйнымі арганізацыямі (напрыклад, Беларускім таварыствам інвалідаў) для рэалізацыі сваіх мэт. Такія прадпрыемствы рэгулярна перадаюць частку прыбытку свайму заснавальніку.

46 працэнтаў айчынных сацыяльных кампаній займаюцца вытворчасцю, яшчэ 44 працэнты аказваюць паслугі. Астатняя частка працуе ў сферы гандлю. Сярод вытворчых фабрык большасць — швейна-трыкатажныя. Таксама шмат заводаў, што выпускаюць пластмасавыя вырабы і металічныя канструкцыі. Невялікі працэнт прыпадае на долю мэблевай вытворчасці, дрэваапрацоўкі, сувенірнай прадукцыі, рытуальных рэчаў. Калі казаць пра паслугі, якія прапаноўваюць сацыяльныя прадпрыемствы, то гэта ў асноўным будаўніча-мантажныя работы, паліграфія, арганізацыя адпачынку і аздараўлення. Невялікая частка фірмаў рамантуе і абслугоўвае камп'ютары, аказвае бытавыя і бухгалтарскія паслугі.

Прынята думаць, што сацыяльнае прадпрыемства — тое, дзе працуюць інваліды. У выпадку з нашай краінай гэты стэрэатып цалкам апраўданы: большасць падобных арганізацый забяспечвае месцамі людзей, якія з пэўных прычын менш канкурэнтаздольныя на рынку працы. Аднак праблемы, якія вырашаюць неабыякавыя бізнесмены, могуць быць самымі рознымі. Так, у суседняй Расіі 41 працэнт сацыяльных прадпрыемстваў — гэта ўстановы дашкольнай адукацыі. Перспектыўны напрамак таксама цэнтры для пажылых.

— ААН лічыць, што насельніцтва старэе, калі ў ім больш за 7 працэнтаў людзей, старэйшых за 65 гадоў. У Расіі такіх ужо 13 працэнтаў (у Беларусі амаль столькі ж. — Н.Л.). У нас у некаторых рэгіёнах на аднаго работніка прыпадае два пенсіянеры. Таму інтэрнаты для пажылых вельмі запатрабаваныя, — акрэслівае сітуацыю эксперт расійскага фонду «Наша будучыня» Ганна БРУСНІЦЫНА.

У Санкт-Пецярбургу, напрыклад, працуе прыватны рэабілітацыйны цэнтр «Апека». Пражыванне там каштуе (у пераліку на беларускія грошы) каля 15 мільёнаў рублёў у месяц, са спецыяльным харчаваннем — яшчэ больш. І, нягледзячы на такія расцэнкі, установа карыстаецца папулярнасцю.

Франшыза на дзіцячы садок

Любая сацыяльная ідэя можа прыносіць грошы. Той жа воркаўт (вулічныя спартыўныя пляцоўкі), які ў нас будуецца за добраахвотныя ахвяраванні і не акупляецца, рэальна манетызаваць — прадаваць пальчаткі, футболкі, патэнты на абсталяванне. А фірма, якая танна абслугоўвае маламаёмных грамадзян, можа пакрываць выдаткі за кошт продажу гэтых жа паслуг па звычайным цэнніку іншым катэгорыям.

За мяжой многія сацыяльныя прадпрымальнікі, стаўшы паспяховымі, пачынаюць прадаваць франшызу на свой бізнес. Так зрабіла брытанская кампанія, што займаецца пераабсталяваннем аўтамабіляў для людзей з інваліднасцю. Сетка фірмаў па ўсёй Англіі дала ёй магчымасць актыўна супрацоўнічаць з лідарамі аўтапрамысловасці і закупляць машыны па больш прывабных коштах. Дый прадаваць спецыялізаваную тэхніку цяпер можна шырокаму колу асоб.

— Часта сетка пераўзыходзіць па сваіх характарыстыках асобныя прадпрыемствы, напрыклад, за кошт эканоміі эфектам маштабу. Плюс партнёры лепш ведаюць мясцовы рынак і могуць працаваць больш эфектыўна, чым наёмныя работнікі, — кажа старшыня асацыяцыі «Белфранчайзінг» Вольга ЛЯВОНЦЬЕВА і дадае, што франшыза — добры варыянт для сацыяльных прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў: — Гэта тыражаванне не ідэі, а паспяховага бізнес-вопыту. Больш правільна не выдумляць новае, калі ты працуеш у адным напрамку, а ўзяць правераную мадэль і стаць не канкурэнтамі, а партнёрамі. Франшыза дае падтрымку ад галаўной кампаніі, магчымасць даволі хутка рэалізоўваць праекты. Гэта дакладныя інструкцыі па запуску і вядзенні бізнесу.

У Расіі сацыяльныя франшызы ўжо таксама ёсць. Адна з самых частых — на дзіцячы садок. Добра тыражуюцца дзіцячыя аздараўленчыя цэнтры, маладзёжныя гасцініцы. Вось, напрыклад, франшыза, якую прапануе хостэл «Дастаеўскі». Першапачатковая інвестыцыя — паўмільёна рублёў (на нашы — 146 мільёнаў). Гэта няшмат, у сярэднім для расійскага стартапа патрабуецца мільён-паўтара. Шэсць месяцаў тэрмін акупнасці, што вельмі хутка, і пяць працэнтаў роялці (звычайна адлічэнні галаўной кампаніі складаюць 7-10 працэнтаў). Цалкам даступныя ўмовы для бізнесменаў, якім важны не толькі прыбытак.

Спроба разбагацець на праблемах?

Бадай, галоўны бар'ер для сацыяльных прадпрымальнікаў у нашай краіне — адсутнасць у заканадаўстве асаблівых умоў для такога бізнесу. У выніку падобныя фірмы вымушаны канкурыраваць з буйнымі кампаніямі, дзе сабекошт прадукцыі ніжэйшы і ім складана прабівацца ў гандлёвыя сеткі.

Ёсць пэўныя праблемы з продажам і маркетынгам.

— Нашы сацыяльныя прадпрыемствы, як правіла, узначальваюць наёмныя кіраўнікі, якія часта не аналізуюць рыначны стан сваёй кампаніі. Толькі невялікая частка задумваецца пра распрацоўку стратэгіі развіцця, — адзначае Аксана ЕРАФЕЕВА, загадчыца кафедры эканомікі Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ.

Даследчыца Марыя ЧАРАКОВА заўважае, што ў сацыяльных арганізацый мала кантактаў з астатнім бізнесам. Прадпрымальнікі прызнаюцца, што спрабуюць наладзіць супрацоўніцтва, але вялікія кампаніі не зацікаўлены ў партнёрстве з імі.

Дзіўна, што айчынныя бізнесмены не вымяраюць сацыяльны эфект сваёй дзейнасці. Хоць зрабіць гэта проста: падлічыць, на колькіх людзей вы паўплывалі ці як скарацілі выкід шкодных рэчываў у наваколле. Многія ўвогуле не пазіцыянуюць сваё прадпрыемства як сацыяльнае, бо лічаць, што гэта можа пагоршыць імідж. (І, на жаль, маюць рацыю. Распаўсюджаны стэрэатып, што падобныя кампаніі спрабуюць разбагацець на людзях з асаблівасцямі і праблемах іншых.) У выніку спажывец выбірае прадукцыю без уліку таго, што яе выпускае сацыяльнае прадпрыемства.

Капіраваць замежны вопыт у гэтай сферы не так проста, як здаецца.

— Мы праводзілі вялікае даследаванне па рынках ЗША, Вялікабрытаніі і Польшчы, — распавядае Ганна Брусніцына. — Але прыйшлі да разумення, што наш менталітэт моцна адрозніваецца ад еўрапейскага. І калі бяром замежныя напрацоўкі, даводзіцца іх шмат перарабляць пад нашы рэаліі. У нас іншыя людзі, іншыя задачы, іншыя магчымасці дзяржавы. У Еўропе 90 працэнтаў капіталу сацыяльных прадпрыемстваў — інвестыцыі дзяржавы. Нашы ж бізнесмены могуць разлічваць максімум на працэнтаў 20-25.

Вядома, сацыяльныя праекты можна рэалізоўваць за кошт грантаў і добраахвотных ахвяраванняў. Аднак такі спосаб не самы надзейны: грошы могуць скончыцца раней, чым будуць атрыманы новыя. Ускладаць усё на бюджэт таксама не лепшы варыянт.

— Дзяржава цягне на сабе вельмі шмат сацыяльных функцый, — лічыць эксперт фонду «Наша будучыня». — І ў выніку пэўных фінансавых цяжкасцяў — і ў нашай, і ў вашай краіне — складана несці такую нагрузку. Гэта велізарны клубок праблем, з якімі дзяржава ўжо не спраўляецца. Таму сацыяльнае прадпрымальніцтва можа ўзяць частку праблем на сябе. Няхай гэта будзе платнае рашэнне, але яно будзе.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бізнес, карысны грамадству

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.