Вы тут

Новая форма полацкага веча


Беларусы спрадвеку прымалі значныя рашэнні супольна.

Да тых падзей, якія перыядычна адбываюцца ў краіне, прывыкаеш і ставішся да іх, як да належнага. Парламенцкія выбары — раз на чатыры гады, пасланне Прэзідэнта — штогод, прэзідэнцкія выбары, Усебеларускі народны сход — раз на пяць. Часу нестае, каб задумацца, адкуль растуць іх карані. Але ўсе гэтыя мерапрыемствы, і асабліва Усебеларускі сход, ёсць працяг менталітэту беларусаў, традыцыя вядзення дзяржаўных спраў, якая складалася стагоддзямі. У гэтым перакананы Мікалай СМЯХОВІЧ, загадчык цэнтра новай і найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.


Захаванне пераемнасці

— Усебеларускі сход — гэта працяг тых гістарычных традыцый, якія заўжды былі ў беларусаў, — лічыць гісторык. — Улады ў Полацкім княстве, у Вялікім Княстве Літоўскім, савецкай Беларусі і ў сучаснай нашай дзяржаве заўсёды імкнуліся адшукаць формы, якія дазвалялі б народу непасрэдна ўдзельнічаць у прыняцці лёсавызначальных для краіны рашэнняў. З іншага боку, такія сходы былі магчымасцю пачуць думку грамадскасці па дзяржаўных пытаннях вышэйшымі асобамі.

Па словах Мікалая Смяховіча, каштоўнасць народнага сходу якраз у тым, што гэта форма прамой, непасрэднай дэмакратыі, як рэферэндум альбо выбары. Праўда, сход не замацаваны канстытуцыйна. «Гэта як у сям'і: каб параіцца, склікаецца ўвесь род. І нават калі ёсць старэйшыны, запрашаюцца маладыя, каб пачуць адно аднаго. Дык вось, наша беларуская сям'я збіраецца на сход. Для ўлады гэта дадатковы інструмент, каб параіцца з людзьмі», — лічыць загадчык цэнтра.

Сучасны сход захоўвае папярэднія, уласцівыя для такога кшталту пасяджэнняў, традыцыі. Народнае веча, якое ладзілася ў Полацкім княстве, стваралася для таго, каб князі раіліся з народам. Сёння яно ўвасабляецца менавіта ў форме Усебеларускага сходу. З моманту стварэння Полацкага княства прайшло болей за тысячагоддзе, але ж форма народаўладдзя захавалася. «Толькі гэтай традыцыі мы ў сучасных умовах надалі новыя, адпаведна з рэаліямі ХХІ стагоддзя, сэнс і змест. Але сутнасць яе фактычна ніяк не змянілася», — лічыць Мікалай Смяховіч.

Па той бок гісторыі

«Беларусы заўсёды ўсе свае пытанні імкнуліся вырашыць калегіяльна. Сход — асноўная форма нашай нацыянальнай адметнасці, адна з рыс менталітэту. Кастусь Каліноўскі казаў, што «мы, мужыкі, толькі грамадою паміж сабою як вырашым, так і будзе». І яму ж належыць фраза: «Урад для народа». Таму ідэя, якая ўвасабляецца ў сходзе, — зарыентаванасць людзей на паляпшэнне іх дабрабыту», — разважае кандыдат гістарычных навук. На яго думку, калісьці палітычная эліта Рэчы Паспалітай не раілася з народам, не цікавілася яго воляй. Рознага кшталту палітычныя групоўкі ваявалі адна з адной, і ў выніку дзяржава знікла. Таму сходы з'яўляюцца гарантам захавання міру і еднасці краіны.

Як прыклад Мікалай Смяховіч прыводзіць гістарычны факт. У 1989 годзе быў скліканы З'езд народных дэпутатаў СССР, у якім узялі ўдзел 2225 чалавек. У верасні 1991 года яны прынялі рашэнне распусціць сход, і ліквідацыя Савецкага Саюза «была наступствам таго, што дэпутаты адмовіліся адказваць за лёс сваёй краіны». «Яны прынялі рашэнне, якое разбурыла савецкую дзяржаву, не выканалі сваёй гістарычнай місіі. Таму сучаснікі мусяць разумець усю адказнасць, якая на іх ускладаецца ўдзелам у сходзе», — упэўнены навуковец.

— У 1990-я гады, калі нарадзілася ідэя склікаць народны сход, думаю, шмат хто памятае, як цяжка даводзілася нашым людзям, якая разруха панавала ва ўсіх галінах жыцця. У тых умовах скліканне сходу дапамагло выратаваць краіну ад таго, каб мы не азлобіліся адно на аднаго, каб розныя сацыяльныя слаі і групы насельніцтва знайшлі згоду паміж сабой і ўладамі. Цяпер наша задача — надзейна захаваць яе, — кажа Мікалай Уладзіміравіч.

На сваё не наракайце

Па словах вучонага, сход лічыцца дэмакратычнай формай прыняцця рашэння ўладамі. Але эталона дэмакратыі няма. У кожнай краіне яна свая і адпавядае нацыянальным і гістарычным традыцыям, культуры. У Амерыцы, Францыі і Беларусі сістэмы розныя, але кожная з іх мае права на існаванне: «Як мы пра сябе думаем, так і іншыя народы. Яны глядзяць на Беларусь нашымі вачыма. Таму ганьбіць тое, што было створана на роднай зямлі, як мінімум неразумна».

Сход — гэта яшчэ і своеасаблівая форма саборнасці славянскіх народаў. Яна ўласцівая, напрыклад, і расіянам. Калі народ мусіў выбраць манарха, адбываўся ўсенародны сход. Таму такая форма гістарычнай саборнасці калектыўнага прыняцця рашэнняў натуральная, а не штучна створаная. «Таксама ў менталітэце нашага народа імкненне да справядлівасці і роўнасці. Так было заўжды на працягу тысячагадовага існавання беларускай дзяржаўнасці. Няхай мы ўсе будзем жыць бядней, але справядліва. Усебеларускі народны сход гэтую лінію працягвае. Бо раіцца можа толькі роўны з роўным», — падкрэслівае Мікалай Смяховіч.

— На народным сходзе будзе прымацца праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Але я думаю, што варта склікаць сходы не толькі, каб прымаць яе, але і ўвогуле для вызначэння любых значных для дзяржавы пытанняў. Неабавязкова для гэтага ладзіць падобны па форме і змесце рэферэндум, бо яны абодва — прамое волевыяўленне народа. Чаму б не ладзіць сходы часцей і вырашаць на іх, напрыклад, палітычныя пытанні? — задае рытарычнае пытанне пад канец размовы Мікалай Смяховіч.

pustavit@zviazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».