Вы тут

Галоўны выклік


Штогадовы зварот прэзідэнта да народа і Нацыянальнага сходу — гэта нагода задумацца над шматлікімі стратэгічнымі пытаннямі развіцця краіны і суаднесці іх са штодзённымі падзеямі. Традыцыйна цэнтральная ўвага ў звароце надаецца пытанням сацыяльна-эканамічнага блоку. Але ж і знешняя палітыка там, зразумела, абавязкова прысутнічае.


Гэтым разам знешнепалітычная частка змясціла некалькі, здавалася б, звыклых і простых, але ж вельмі важных тэзісаў. У прыватнасці, пра тое, што для Беларусі непрымальная дылема Усход-Захад. Іншымі словамі, само пытанне — вы з Расіяй ці з Захадам? — супярэчыць базавым інтарэсам краіны. І якім бы банальным гэты тэзіс ні здаваўся, насамрэч яго штодзённая рэалізацыя сутыкаецца з даволі сур'ёзнымі праблемамі.

Справа ў тым, што суседзі і замежныя партнёры нас часта проста не разумеюць: маўляў, як так — і з Захадам, і з Усходам?

Больш за тое, калі быць шчырымі, то і ў самім беларускім грамадстве далёка не ўсе ўсведамляюць практычнае значэнне гэтага тэзіса. На агульнатэарэтычным узроўні, бадай, кожны беларус скажа, што наша краіна зацікаўлена ў аднолькава добрых стасунках з усімі суседзямі. І нават зацікаўлена ў тым, каб і паміж Расіяй з Захадам былі максімальна пазітыўныя адносіны. Бо гісторыя ўжо не адзін раз прыносіла на нашу зямлю трагедыі, калі ў выніку канфліктаў паміж Захадам і Усходам пралівалася менавіта беларуская кроў. Таму і сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што беларускае грамадства хоча заставацца па-за межамі канфліктаў і нармальна супрацоўнічаць з усімі.

Але ж пад уплывам інфармацыйных войнаў, што сталі неад'емным кампанентам міжнароднай палітыкі, значная частка грамадства і нават сёй-той з экспертаў нярэдка губляюцца ў трактоўцы базавых нацыянальных інтарэсаў Беларусі. На фоне павышанай эмацыйнасці геапалітычнага супрацьстаяння ў нашым рэгіёне шмат хто ў ацэнках беларускіх інтарэсаў пачынае «ісці за медыйнымі загалоўкамі».

Такое неразуменне, як з боку замежных партнёраў, так і ўнутры краіны, на маю думку, з'яўляецца сёння нашым галоўным знешнепалітычным выклікам.

Пры гэтым, вядома, не варта занадта драматызаваць такую сітуацыю. Шмат у чым гэта звычайная рэальнасць для малых краін у міжнародных стасунках.

А мы з'яўляемся менавіта малой краінай, згодна з тэорыяй міжнародных адносін. Гэта не абраза ці нейкае прыніжэнне статусу — гэта тэарэтычны канцэпт, які дазваляе нам лепш зразумець нашу краіну як неад'емную частку сістэмы міжнародных адносін. Сярод навукоўцаў няма адзінага падыходу да класіфікацыі малых краін: якія дакладна крытэрыі вызначаюць, з'яўляецца краіна малой, сярэдняй ці вялікай дзяржавай?

Напрыклад, адны даследчыкі звяртаюць увагу на лічбавыя паказчыкі: якое ў краіны насельніцтва, колькі яна займае тэрыторыі, альбо які яе валавы ўнутраны прадукт. Іншыя глядзяць на магчымасці краіны ў сістэме сусветнай палітыкі. Згодна з такім падыходам, да малых краін адносяцца тыя, што не маюць рэсурсаў, каб самастойна змяняць навакольнае міжнароднае асяроддзе, а таму вымушаны прымаць яго і нейкім чынам прыстасоўвацца.

Беларусь пры любым падыходзе адносіцца да малых краін і таму сутыкаецца з міжнароднымі выклікамі, якія шмат у чым падобныя да праблем іншых малых краін у свеце. Адна з іх — тое, што вялікія дзяржавы звычайна з цяжкасцю ўспрымаюць нашы інтарэсы і схільныя да таго, каб упісваць нас у свае ўласныя інтарэсы. Ці ў свае ўласныя нарматывы, г. зн. навязваюць нам свае ўяўленні пра тое, што добра, а што не. Асабліва відавочна гэта праяўляецца, калі паміж вялікімі краінамі ці блокамі краін пачынаюцца нейкія канфлікты.

А менавіта такія канфлікты мы ў апошнія гады і назіраем у нашым рэгіёне. І адразу то з аднаго, то з другога боку пачынаюцца спробы «замацаваць» нас на пазіцыях, выгадных вялікім гульцам міжнароднай палітыкі. А калі мы адмаўляемся прымыкаць да аднаго з бакоў, адразу пачынаюцца крыўдлівыя пытанні: чаму вы так сябе паводзіце?

Адказ тут да немагчымасці банальны: таму што ў нас аб'ектыўна існуюць свае інтарэсы. Бо інтарэсы — гэта не пытанне памеру краіны ці яе геапалітычнага месцазнаходжання. Уласныя інтарэсы абсалютна натуральна і легітымна з'яўляюцца ў любога суб'екта ўзаемаадносін — ці то міжчалавечых, ці то міждзяржаўных. Геаграфія і геапалітыка, зразумела ж, вызначаюць у вялікай ступені спецыфіку гэтых інтарэсаў. Але ж важны сам факт: там, дзе ёсць суб'ектнасць, аўтаматычна будуць і ўласныя інтарэсы.

Дарэчы, тут ёсць і іншая праблема. Гэта старая дыскусія аб тым, як фарміруюцца інтарэсы краін. У апошнія дзесяцігоддзі навукоўцы ўсё больш адыходзілі ад такога паняцця, як нацыянальныя інтарэсы. Больш распаўсюджаным станавіўся падыход, згодна з якім паводзіны краін у міжнароднай палітыцы дыктуюцца інтарэсамі іх эліт, нават асобных палітыкаў.

У гэтым кантэксце праблемай нашай краіны было тое, што пэўны час камунікацыя з заходнім светам у нас заставалася на надзвычай нізкім узроўні. Ва ўмовах адсутнасці поўнай інфармацыі пра Беларусь і сапсаваных адносін, натуральна, і палітыкі, і эксперты на Захадзе былі схільныя да таго, каб трактаваць нашы знешнепалітычныя дзеянні не з пункту гледжання аб'ектыўных нацыянальных інтарэсаў, а праз міфалагізаваныя ўяўленні пра інтарэсы кіраўніцтва краіны.

Сёння адкрываецца ўсё больш магчымасцяў такія міфалагізаваныя ўяўленні развейваць. І калі нас да гэтага часу не разумеюць, то трэба шукаць новыя шляхі тлумачэння. Іншую мову, іншыя пляцоўкі.

Але ж самае галоўнае — гэта ўнутраная дыскусія, якая мусіць аб'ядноўваць у Беларусі ўсіх, каму ёсць што сказаць. Ад міністраў і да выкладчыкаў універсітэтаў ці нават студэнтаў. Апошнім часам асобныя такія пляцоўкі пачалі ўзнікаць. У якасці прыкладу можна прывесці і шматлікія цікавыя дыскусіі на ток-шоу, і палемічныя публікацыі ў СМІ, і асобныя канферэнцыі. Пры гэтым крытычна важна, каб такіх фарматаў было як мага больш.

Бо яны ствараюць агульны нацыянальны дыскурс, агульную каштоўнасную і аналітычную прастору. А гэта адзіны шлях не проста лепей разумець адзін аднаго ў грамадстве, але ж і разумець галоўныя нацыянальныя каштоўнасці: незалежнасць і развіццё Беларусі.

Дыскусійныя пляцоўкі таксама збліжаюць тэарэтычныя развагі і практычныя аргументы. Іншымі словамі, вырашаецца распаўсюджаная сёння праблема, калі шматлікія палітычныя каментатары элементарна не разумеюць некаторых рэалій прыняцця дзяржаўных рашэнняў. І не могуць разумець, бо не ўдзельнічаюць у рэгулярных дыскусіях з тымі, хто такія рашэнні прымае.

Калі ў краіне будзе шмат якасных экспертных і дыскусійных пляцовак, то інтэлектуальны патэнцыял і тэарэтыкаў, і практыкаў будзе працаваць у адным кірунку — на карысць нацыянальным інтарэсам краіны. І тады ўжо з больш моцнай унутранай пазіцыі можна будзе тлумачыць беларускія нацыянальныя інтарэсы нашым замежным партнёрам.

Дарэчы, менавіта з гэтай мэтай напачатку мая наша экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог» ладзіць адмысловую міжнародную канферэнцыю пад назвай «Асэнсаванне міжнароднай бяспекі Беларусі».

Яўген Прэйгерман

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.