Вы тут

Стартаваў конкурс эсэ, прысвечаных беларуска-кітайскім стасункам


Міжнароднае радыё "Беларусь" сумесна з Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, Беларускім таварыствам дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі і Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ абвесцілі конкурс творчых работ (эсэ) на тэму "Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Шаўковы шлях і Індустрыяльны парк "Вялікі камень" маімі вачыма". Інфармацыйным партнёрам конкурсу з'яўляецца газета "Звязда". Падрабязней пра ўмовы яго правядзення расказвае галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ.


Цяпер і па-кітайску

— Мы пачалі вяшчанне на кітайскай мове 1 студзеня 2013 года. Гэта было крыху нязвыкла, таму мы хваляваліся. У нас ёсць вяшчанне па-англійску, па-нямецку, па-французску, па-іспанску, па-польску, маем супрацоўнікаў, якія выдатна валодаюць гэтымі мовамі. А вось спецыялістаў, якія настолькі добра гавораць па-кітайску, каб вяшчаць па радыё, у нас, на жаль, няма. Таму перш за ўсё звярнуліся да тых носьбітаў мовы, якія жывуць у нашай краіне, вучацца ці працуюць тут. У гэтым мы перанялі вопыт нашых калег з Міжнароднага радыё Кітая, дзе ёсць вяшчанне на беларускай мове, і дзеля таго, каб праца рабілася кваліфікавана, яны запрасілі спецыялістаў з Беларусі. Першымі супрацоўнікамі, з якімі мы заключылі дамову, былі выкладчыца кітайскай мовы сталічнай гімназіі № 23 Ван Юнхун, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Лі Цзо і двое студэнтаў Цюй Хао і Чжан Хаянь. Матэрыялы рыхтаваліся нашымі супрацоўнікамі, калегі з Кітая іх перакладалі і агучвалі. Вялікую дапамогу нам аказала перакладчыца Вераніка Карлюкевіч, якая адаптавала матэрыялы для кітайскага слухача.

Пра Беларусь — Кітаю

— У межах праграмы "Ваш сябар — Беларусь" мы расказваем кітайскаму слухачу пра нашу краіну, тое, што адбываецца ў розных галінах жыцця — палітыцы, спорце, культуры, літаратуры, эканомікі. Робячы праграмы, улічваем інтарэсы кітайскіх слухачоў. Як нам многія пісалі, цікавасць да нашай краіны ў Кітаі вельмі вялікая, ёсць і зацікаўленасць беларуска-кітайскімі сумеснымі праектамі. Таму, каб прыцягнуць яшчэ больш увагі да беларуска-кітайскіх стасункаў, мы вырашылі аб'явіць конкурс эсэ, якія будуць расказваць пра стаўленне слухачоў з Беларусі і Кітая да Вялікага Шаўковага шляху і сумеснага праекта "Вялікі камень". Я лічу, што гэта ўздыме цікавасць беларусаў і кітайцаў да нашых сумесных праектаў. І як вынік — гэта ўздыме цікавасць і да нашай краіны.

Эсэ для радыё?

— Досыць дзіўна гучыць, што радыё аб'явіла конкурс эсэ, бо эсэ — гэта перадусім друкаваныя матэрыялы. Такі конкурс аб'явілі менавіта мы, бо ўжо больш як два гады працуем у беларуска-кітайскім інфармацыйным полі, нас ужо ведаюць у Кітаі слухачы, і мы можам звяртацца непасрэдна да тых, хто цікавіцца гэтай тэмай. Адметна, што на конкурс прымаюцца эсэ на рускай, беларускай і кітайскай мовах, і наша радыё мае спецыялістаў у кітайскай мове, якія могуць агучваць матэрыялы. Мы стварылі асобную перадачу на радыё "Беларусь", якая будзе рэгулярна асвятляць ход конкурсу. Але ж сёння радыё — гэта не толькі тое, што гучыць у эфіры. Мы працуем у інтэрнэце і будзем змяшчаць урыўкі з эсэ ці тэксты цалкам на нашых старонках у інтэрнэце — на беларускай, рускай і кітайскай мовах. Адметна, што як дадаткі да конкурсных эсэ могуць далучацца фотаздымкі, аўдыя і відэаматэрыялы.

Тэрміны і ўмовы

— Палажэнне прадугледжвае, што ў конкурсе эсэ могуць браць удзел як спецыялісты — журналісты, людзі, якія займаюцца непасрэдна беларуска-кітайскімі праектамі, так і тыя, хто проста хоча пакінуць свой водгук, падзяліцца думкамі, уражаннямі пра сумесныя праекты. Яшчэ адна цікавінка — мы прадугледжваем і спецыяльны прыз для журналістаў, якія будуць асвятляць ход правядзення конкурсу. Таму думаем атыўна кантактаваць са СМІ, шчодра дзяліцца матэрыяламі і спадзяёмся, што СМІ таксама зацікавяцца гэтым праектам.

У склад журы пад старшынствам прафесара, старшыні таварыства "Беларусь — Кітай" Анатоля Тозіка ўвайшлі аўтарытэтныя спецыялісты ў галіне беларуска-кітайскіх стасункаў, навукоўцы, журналісты.

Конкурс доўжыцца да канца 2016 года, яго канчатковыя вынікі будуць падведзеныя ў пачатку 2017 года. Але мяркуем падводзіць і прамежкавыя вынікі, асвятляць іх у прэсе. З пасольствам Кітая ў Беларусі мы ўжо дамовіліся, што гэта будуць шырокія акцыі, падчас якіх будзем гаварыць пра ўдзельнікаў, распавядаць пра конкурсныя работы. Да ўдзелу будуць падключацца кітайскія кампаніі, якія працуюць у Беларусі, і для найлепшых удзельнікаў конкурсу вылучаць прызы.

P.S. Адметна, што менавіта падчас нашай гутаркі з Навумам Гальпяровічам на электронны адрас конкурсу sіlkwayessay@gmaіl.com Валерый Васілеўскі з Магілёўшчыны даслаў самае першае конкурснае эсэ. Далучайцеся і вы.

vesіaluha@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Шаўковы шлях і "Вялікі камень": суб'ектыўны погляд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».