Вы тут

Пераможныя боты


Кірзавыя боты — больш, чым абутак. Іван Плотнікаў, які перад вайной наладзіў іх вытворчасць, атрымаў Сталінскую прэмію. Пасля вайны ў «кірзачах» хадзілі ўсе — ад старых да школьнікаў. Яны і сёння ў хаду, таму што надзейныя.


Культавая рэч

К Першай сусветнай вайне ў доўгім вайсковым супрацьстаянні чаравікаў і ботаў была пастаўлена кропка. Боты адназначна перамаглі. Нават у тых войсках, дзе на выраб ботаў бракавала матэрыялу, ногі салдат усё роўна амаль да калена абмотвалі. Гэта была вымушаная імітацыя ботаў. У анучах гарчычнага колеру прайшлі вайну, напрыклад, брытанскія салдаты. Салдаты рускай арміі, дарэчы, у Першай сусветнай былі адзінымі, хто мог дазволіць сабе фарсіць у сапраўдных скураных ботах.

Як і пра ўсякую культавую рэч, пра кірзавыя боты ходзіць маса здагадак і чутак. Так, адной з памылак з'яўляецца тое, што «кірзачы» атрымалі сваю назву ад «Кіраўскага завода», на якім была наладжана іх вытворчасць. На самой справе сваю назву легендарныя боты атрымалі па назве ваўнянай тканіны Kersey, з якой яны першапачаткова вырабляліся. Таксама існуе маса памылак наконт таго, хто першым стварыў кірзавыя боты. Расставім кропкі над і. Прыярытэт у гэтай справе належыць рускаму вынаходніку Міхаілу Паморцаву. Брызентавую тканіну, прамочаную сумессю парафіну, каніфолі і яечнага жаўтка ён атрымаў у 1904 годзе. Матэрыял валодаў уласцівасцямі, практычна ідэнтычнымі натуральнай скуры. Ён не прапускаў ваду, але пры гэтым «дыхаў». Упершыню кірза «панюхала пораху» на Руска-японскай вайне, дзе яна выкарыстоўвалася для вырабу амуніцыі для коней, сумак і чахлоў для артылерыі.

Матэрыял Паморцава заслужыў высокую ацэнку як салдат, так і экспертаў міжнародных выставак, з яго было ўжо вырашана выпусціць партыю ботаў, але масавы іх выраб так і не быў наладжаны. Спачатку справе перашкодзілі скураныя лабісты, а ў 1916 годзе Міхаіл Міхайлавіч памёр. Боты амаль на 20 гадоў «паклалі на паліцу».

Другое нараджэнне

Адрадзілі вытворчасць кірзы ўжо ў 1934 годзе. Савецкія навукоўцы Барыс Бызаў і Сяргей Лебедзеў распрацавалі метад атрымання таннага штучнага бутадыен-натрыевага каўчуку, якім прамочвалася тканіна, з-за чаго набывала ўласцівасці, падобныя з натуральнай скурай. Далейшаму развіццю вытворчасці кірзавых ботаў мы абавязаны хіміку Івану Плотнікаву і інжынеру Аляксандру Хамутову. Менавіта дзякуючы іх намаганням у краіне была наладжана вытворчасць «кірзачоў». Баявую праверку яны прайшлі яшчэ ў савецка-фінскую вайну, але гэты вопыт скончыўся няўдала — на марозе боты трэскаліся, станавіліся цвёрдымі і ломкімі. Дачка Плотнікава Людміла ўспамінала, як бацька распавядаў ёй пра камісію, на якой адбыўся «разбор палётаў» прымянення новага матэрыялу. У Івана Васільевіча спыталі: «Чаму ваша кірза такая халодная і не дыхае?» Ён адказаў: «Бык і карова пакуль яшчэ не падзяліліся з намі ўсімі сваімі сакрэтамі». На шчасце, за такую дзёрзкасць хіміка ніяк не пакаралі. Наадварот — пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны настаў відавочна востры недахоп абутку. Тут і спатрэбіўся вопыт Плотнікава. Яму было даручана ў самыя кароткія тэрміны удасканаліць тэхналогію вытворчасці кірзы. Курыраваў пытанне сам Касыгін. Плотнікаў з задачай справіўся. Больш за тое, наладзіў вытворчасць «кірзачоў» у Кіраве. 10 красавіка 1942 года Плотнікаў разам з Хамутовым і яшчэ 7 работнікам прамысловасці атрымалі Сталінскую прэмію 2-й ступені. Да канца вайны ў кірзавых ботах хадзіла 10 мільёнаў савецкіх салдат.

Як сімвал Перамогі

Кірзавыя боты набылі за час вайны заслужаную славу. Высокія, амаль непрамакальныя, але пры гэтым паветрапранікальныя, яны дазвалялі салдатам ісці шматкіламетровыя маршы па любой дарозе і бездаражы. Пра тое, наколькі кірзавыя боты былі добрыя, можна меркаваць, калі параўнаць іх з амерыканскімі ваеннымі чаравікамі.

Генерал О. Брэдлі, аўтар кнігі «Гісторыя салдата», пісаў, што з-за пастаяннай сырасці амерыканская армія пазбавілася 12 тысяч страявых салдат за адзін толькі месяц. Некаторыя з іх так і не змаглі пасля гэтага аднавіцца і вярнуцца на фронт. О. Брэдлі пісаў: «Да канца студзеня захворванне на рэўматызм ног дасягнула такіх буйных маштабаў, што амерыканскае камандаванне стала ў тупік. Мы былі зусім не падрыхтаваны да гэтага бедства ў асноўным у выніку ўласнай нядбайнасці; да таго часу, калі мы пачалі інструктаваць салдат, які патрэбен догляд нагам і што трэба рабіць, каб чаравікі не прамакалі, рэўматызм ужо распаўсюдзіўся па арміі з хуткасцю чумы». Без высокіх ботаў і ануч на восеньскім і зімовым фронце даводзілася вельмі несалодка.

Анучы

Можна прызнаць, што анучы — не менш геніяльная вынаходка, чым самі кірзавыя боты. Зрэшты, яны неразлучныя. Тыя, хто спрабаваў насіць кірзавыя боты са шкарпэткамі, ведае, што яны абавязкова рана ці позна спаўзуць на пятку. Тады, асабліва калі ты на марш-кідку і не можаш спыніцца, пішы прапала — ногі ў кроў.

Акрамя таго, анучы зручныя яшчэ і тым, што ў выпадку намакання іх дастаткова наматаць другім бокам; тады нага па-ранейшаму застанецца сухой, а мокрая частка анучы будзе тым часам высыхаць. Прасторная халява «кірзачоў» дазваляе ў холадзе намотваць па дзве анучы, плюс закладваць у іх газеты для таго, каб захаваць цяпло.

Народная любоў

Гэтая рэклама 1950 года, мабыць, была неабавязковай. Кірзавыя боты пасля вайны сталі «народнай маркай». На сённяшні дзень гэтага абутку выпушчана прыкладна 150 мільёнаў пар. Нягледзячы на размовы пра тое, што ў хуткім часе наша войска, і суседзяў-расіян, пераабуюць у берцы, салдаты працягваюць насіць «кірзачы», рабіць з іх «шрубы» (складваючы гармонікам) і ўпрыгожваць з нагоды дэмбеля. Магчыма, дзесьці на генетычным узроўні жыве ў нас памяць пра тое, як прайшлі маршам нашы салдаты ў кірзавых ботах да Вялікай Перамогі.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.