Вы тут

А ў полі вярба нахілёная


Вярба ўваходзіць у нашу свядомасць з маленства. Упрыгожаныя вербныя галінкі ў перадвелікодныя дні прыносяць у грамаду адчуванне святочнасці і разуменне, яшчэ цалкам не асэнсаванае, святасці гэтага дрэва. Вярба адна з першых вітае прыход вясны, мужна вытрымлівае ўсялякую непагадзь, расце там, дзе дастаткова вады ў глебе. А вада паводле павер'яў — сімвал жыцця, а крыніца — сімвал любові, кахання, і яны даюць выток жыццю. Таму ў фальклорных творах вобраз вярбы суадносіцца з лёсам жанчыны.


У народнай песні «А ў полі вярба нахілёная» апісанне вярбы дакладна пазначае далейшую жыццёвую пуцявіну дзяўчыны. Яна мусіць цярпліва, але з годнасцю несці нялёгкі сямейны крыж — быць закаханай і руплівай жонкай, клапатлівай маці, дбайнай гаспадыняй. Драматычна-напружанымі інтанацыямі «Песняры» перадаюць асноўныя быццёвыя моманты ў пачуццёвых стасунках моладзі, вылучаюць у іх маральны аспект.

З музычнай скарбніцы «Песняры» выбіралі творы, прыдатныя для духоўнага станаўлення моладзі. Па-народнаму мудрыя, меладычна-праніклівыя, лірычна-вобразныя ці жартоўна-павучальныя песні ўваходзілі ў рэпертуар. Кожная з іх, падрыхтаваная ансамблем, выглядае высокамастацкай вакальна-інструментальнай кампазіцыяй.

Артысты мужна, з гордай вераю выносілі беларускамоўныя творы на сцэнічныя падмосткі. У іх выкананні беларуская песня ўзнеслася на прэстыжную вышыню на ўсесаюзнай эстрадзе і трывала замацавалася на ёй. Гэтак узнёсла і па-мастацку магутна яна гучала і ў замежжы.

Самаадданай, карпатлівай працай «Песняры» здзейснілі грамадзянска-патрыятычны подзвіг. Узнятая імі на ўсесаюзны п'едэстал, беларуская песня сведчыла пра адметнае і плённае развіццё беларускай культуры, яе глыбокія, духоўнастваральныя карані і жыццядайны, творчы патэнцыял. Шырокае гучанне беларускай песні ў філарманічных залах, у рэспубліканскіх і ўсесаюзных радыё- і тэлепраграмах абуджала нацыянальную самасвядомасць беларусаў. Асабліва моцнае ўздзеянне рабілі песняроўскія выступленні на моладзь, на фарміраванне пачуцця нацыянальнай годнасці, вартага слаўнай гісторыі і багатай шматаблічнай культуры беларускага народа. А беларускія песні, поўныя вобразнасці і сімволікі, у спеве «Песняроў» атрымлівалі арыгінальнае ўзнаўленне і адчувалі сябе вольнымі ў новых сацыяльных і навукова-тэхнічных умовах. І адна з іх — перлінка «А ў полі вярба нахілёная» — ярка заззяла ў прамяністым вянку нацыянальнай вакальнай музыкі.

Народная песня

А ў полі вярба

Нахілёная,

Маладая дзяўчыненька*

Заручоная.

Заручоная

І запітая,

Тады яе запівалі,

Як сад зацвітаў.

Як сад зацвітаў,

Як зара ўзышла,

Маладая дзяўчыненька

Па ваду ішла.

Кася ад вады,

Яся да вады:

— Пастой, пастой,
мая Кася,

Дай каню вады.

— Як буду твая,

Напаю каня,

З зімненькай крынічанькі,

З поўнага вядра.

* Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.