Вы тут

Людзі разводзяцца...


Яны разводзяцца і «разводзяць» іншых. Хлопчык суседзяў, якія здымалі кватэру паверхам вышэй, памятаю, прыбег аднойчы да нашага малодшага сына неверагодна радасны, пахваліўся новенькім аўтамабільчыкам на пульце кіравання і выказаў прычыну абноўкі выключна аптымістычным тонам: «Мае мама і тата разводзяцца! Вось як!» І пабег назад — туды, дзе было, відаць, цікавей.


З суседзямі знізу — тая ж гісторыя. І ніякай ім, слухайце, справы няма да таго, што нехта зверху можа быць супраць такога рашэння. А мы былі супраць. Яшчэ як супраць. Яны — самыя першыя нашы суседзі. Не было яшчэ ў пад'ездзе новенькага дома нікога — толькі мы і яны, калі хадзілі адзін да аднаго па інструменты і пераймалі адзін у аднаго інтэр'ерныя рашэнні. Пілі разам каву. Абменьваліся меркаваннямі. Сварыліся... Мы сварыліся з імі з-за гучнай музыкі, калі ў нас з'явілася немаўлятка. Яны сварыліся з намі з-за гучных гульняў нашых старэйшых сыноў, калі немаўлятка з'явілася ў іх. Пасля зноў памяняліся ролямі — немаўлятка зноў з'явілася ў нас, і, шчыра кажучы, думалася, што гэта гульня ў абмен сваркамі доўжыцца будзе бясконца. Светла думалася. Як сказаў бы лірык, з адчуваннем хараства быцця. Аказалася — не. Наша ўнучка сваімі гучнымі гульнямі нікому ўжо не перашкаджае...

А яны ўсё разводзяцца і разводзяцца. Актыўна і паспяхова. Іх, такіх, развялося ўжо шмат. Адно слова — тэндэнцыя.

Рашучасць і бескампраміснасць, уменне стаяць на сваім і не даваць сябе ў крыўду нікому, нават самаму блізкаму чалавеку (асабліва самаму блізкаму чалавеку!), адчуванне ўласнай значнасці і адкрытасць насустрач новаму ствараюць небывалыя дагэтуль прэцэдэнты: у дзяцей з'яўляюцца дадатковыя таты і добрыя цётачкі (а значыць, удвая больш падарункаў на дзень нараджэння і Новы год), у цешчаў на іх радасць — новыя зяці, а свякроўкі абзаводзяцца другімі камплектамі нявестак, у любым выпадку нялішніх у наш непрадказальны час.

Эра суцэльнай любові да бліжняга, эра суцэльных бліжніх, эпоха двойчы спраўджаных жаданняў. Што рабіць, калі няма грошай купіць туфлікі, якія не ідуць з галавы і літаральна стаяць перад вачыма, пабліскваючы паліраванымі носікамі?

Час акцыі і зніжак, хай яго чорт, абмежаваны, а новы муж... Гэты новы муж... Патэлефанаваць былому — нічога такога. Ён будзе рады адчуць, па-першае, сваю патрэбнасць, па-другое, перавагу над гэтым новым мужам. Эра перакуленых ацэнак, эпоха перавернутых уяўленняў. Псіхолагі вядуць сваіх разведзеных кліентак шырокім шляхам ружовых думак пра новае цудоўнае жыццё. А што яны могуць яшчэ, калі ў іх, псіхолагаў, такі прафесійны абавязак: рабіць хоць трошкі больш шчаслівымі, чым ёсць, людзей, якія самі для ўласнага шчасця пальцам аб палец, як кажуць, не цюкнуць — не барская справа. Адзінае, на што пойдуць, — развод. Бо разводзіцца — самае лёгкае. Значна лягчэй, чым знайсці разуменне з чалавекам, бліжэй за якога няма і быць не можа.

І дзіўная, далібог, рэч: нават самым кепскім бацькам-дзядзькам-цёткам-братам-сёстрам мы даруем усё-ўсё і ніколі не назавём іх былымі, а для гэтага чалавека, бліжэй за якога няма і быць не можа, нават незакручаны цюбік зубной пасты можа стаць лёсаперавызначальным. Нонсэнс.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».