Вы тут

«Я вас... хачу!»


...Спрашчэнне адносін паміж мужчынам і жанчынай пачалося не сёння. «Хачу» замест «кахаю», «цярплю» замест «спачуваю»... Зацерліся і адышлі на задні план цудоўныя паўтоны вялікай палітры ўзаемаадносін — шкадаванне, суперажыванне, разуменне... Часам з'яўляецца ўражанне, што каханне, пяшчотнае і трапяткое, ператварылася ў атавізм — непатрэбны «адростак» на голым целе грамадства. Мы глядзім па TV «новыя казкі» і паступова звыкаемся з думкай, што вось такімі і павінны быць «сапраўдныя» мужчыны — незалежнымі, незакамплексаванымі, самаўпэўненымі, з аб'ёмам мускулаў, які перавышае аб'ём галаўнога мозга, але меншы за памер партманета...


Складваецца такое ўражанне, што ад кахання цалкам аддзялілася шкадаванне як адзін з непатрэбных(?!) складнікаў. А само слова «кахаць» усё часцей выкарыстоўваецца як сінонім фізіялагічных «практыкаванняў» — кшталту, «ты будзеш кахаць мяне сёння, коцік?».

Сумна яшчэ і тое, што большасць дзяўчат не мае нічога агульнага з пушкінскай Таццянай, хоць, магчыма, славуты ўрывак з паэмы яны ведаюць напамяць. Цяжка сабе ўявіць, што агульнавядомае пісьмо да Анегіна магло заканчвацца фразай «я вас хачу» замест класічнай «я вас люблю».

Мілыя дзяўчаты! Няўжо мама ці бабуля ніколі не расказвалі вам пра хлопчыка з паралельнага класа, які даўным-даўно, калі вас яшчэ не было на свеце, змагаўся за права паднесці ёй партфель? Нешта ў гэтым было... Быццам партфель той увасабляў увесь цяжар жаночых праблем, які добраахвотна збіраўся ўзяць на сябе будучы мужчына. Гэта — не атавізм, не перажытак мінулага, не «бабуліны казкі», а проста... праяўленне таго самага шкадавання, жадання абараніць (не прынізіць, не абразіць!), якое пазней магло ператварыцца ў сапраўднае пачуцце. Такое, для якога заўсёды былі і будуць характэрныя паўтоны, а не толькі безаглядная страсць і ўсёпаглынальнае жаданне...

Той, хто не навучыўся шкадаваць, ніколі не зможа па-сапраўднаму любіць!

Таццяна Л.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?