Вы тут

Не адна, а з «эскортам»!


Як я хадзіла на платнае спатканне.

На днях сяброўка збіралася на вяселле. Запрашэнне, як і належыць, ёй даслалі на дзве персоны. Усё быццам бы добра: і сукенка прыгожая ёсць, і туфлі, вось толькі са сваёй другой палавінкай Ганна на днях пасварылася. Ісці адной? Не варыянт! Пачнуцца касыя погляды і стамляльныя роспыты: а куды гэта твой «прынц» дзеўся? Сказаць, што захварэла, і адляжацца дома? Потым крыўдаў не абярэшся. На дапамогу прыйшоў усёмагутны Google — прапанаваў дзяўчыне скарыстацца эскорт-паслугамі. Ганна арыгінальны адказ пошукавай сістэмы ацаніла, але на вяселле пайшла са школьным сябрам Мішам. Надзейна і спакойна. Я ж, у сваю чаргу, вырашыла праверыць на сабе, хто і каму прапануе такія экзатычныя для нашай краіны паслугі.


Харызма на вышыні

Еscorte з французскай азначае «суправаджэнне». Суправаджэнне кліента на дзелавых сустрэчах, банкетах, святах... Прыгожая дзяўчына ці малады чалавек за пэўную плату створаць вам неабходны імідж паспяховага чалавека. Існуюць нават цэлыя эскорт-агенцтвы, якія рыхтуюць прафесіяналаў у гэтай галіне. За мяжой такія паслугі ўжо даўно прыжыліся і карыстаюцца папулярнасцю. У нас жа справы з развіццём падобнага «бізнесу» рухаюцца куды больш павольна.

На сайце бясплатных аб'яў у раздзеле «знаёмства-адносіны» знаходжу патрэбныя прапановы.

Выглядаюць інтрыгуючыя запісы прыкладна так: «Акажу паслугу ў суправаджэнні ў кавярню, рэстаран, кінатэатр і г.д. Сустрэну на сваёй машыне S-класа ў аэрапорце, на вакзале, пакатаю па горадзе. Хлопец мадэльнай знешнасці. Рост 179, вочы карыя, целасклад спартыўны. Харызма на вышыні, інтэлектам не абдзелены». Пазначаны нумар тэлефона і e-maіl.

Рашаюся патэлефанаваць хлопцу па імені Алег:

— Добры дзень. Я наконт аб'явы аб эскорт-паслугах.

— Што павінна ўваходзіць у мае абавязкі? — спакойным упэўненым голасам пытаецца незнаёмец.

Як што?! Пра што гэта ён?!

— Дзяўчына, што мы рабіць будзем? — перапытвае ён.

— У кавярню сходзім, — падсабралася я, — сяброўцы на злосць! Хай зайздросціць! — ляпнула я першае, што прыйшло ў галаву.

— За дзве гадзіны ўправімся? Калі так, то абыдзецца вам гэта ў 20 долараў.

Далей мы дамовіліся пра месца і час, дзе будзе праходзіць наша сустрэча. На метро выдаткоўвацца не прыйшлося: «карэта» абяцала забраць «Папялушку» каля пад'езда.

Прынц... на таксі

Замест шыкоўнага аўто, на якім, па маіх меркаваннях, павінен быў прыехаць «прынц», мяне чакала звычайнае таксі. За рулём быў сам кавалер.

Хлопец дыстанцыйна вучыцца ў Вільнюсе, працягвае сямейную справу — укладвае паркет. Алег гуляе ў футбол, а ў мінулым — вучань балетнай школы. Вопыт «эскортнай працы» ў хлопца невялікі — пяць месяцаў. Прыйсці ў падобны бізнес яго прымусіла не прага грошай, а, як ён выказаўся, сардэчная рана.

— Нядаўна я расстаўся з дзяўчынай, з якой сустракаліся чатыры гады. А гэта, пагадзіся (мы адразу перайшлі на «ты» — спатканне як-ніяк), тэрмін. Я прывык бавіць з ёй час, а цяпер яго стала столькі, што вырашыў заняць сябе вось такім спосабам, — дзеліцца хлопец.

У месяц да яго звяртаецца 2-3 кліенткі. Запыты ў іх розныя, і цана, адпаведна, таксама. Дзве гадзіны, праведзеныя ў кампаніі маладога чалавека, каштуюць 20-30 долараў. Калі вы хочаце, каб вам у патрэбны час, у патрэбным месцы падарылі букет (набыты за вашы грошы, вядома), то «незвычайнаму кур'еру» хопіць і 10 долараў.

Пра інтым-паслугі я таксама спытала (хай афіцыйна эскорт і не прымае гэта). 30 хвілін падобнага задавальнення каштуюць прыкладна 50 долараў, ноч абыдзецца ў суму ад 150 долараў.

Прычын, чаму жанчыны звяртаюцца да эскорт-паслуг, мноства. Заказчыцы «арандуюць» эфектнага спадарожніка, не жадаючы марнаваць час на сур'ёзныя адносіны, калі трэба выглядаць самавіта ў вачах партнёраў. Хтосьці імкнецца выканаць патрабаванні дзелавога этыкету на важным мерапрыемстве (прыйсці са спадарожнікам). Камусьці проста няма з кім схадзіць у кіно ці сумна аднаму піць каву. Ёсць і такія, як я, хто хоча «прымусіць зайздросціць сяброўку» або раўнаваць свайго маладога чалавека. Узрост аматарак такога экстрыму вар'іруецца ў асноўным ад 20 да 35 гадоў.

Не варта думаць, што хлопцаў на гадзіну выклікаюць толькі адзінокія «лузершы». Падобнай паслугай карыстаюцца і самадастатковыя замужнія дамы. Аднак гэта спатканне носіць зусім іншы характар.

— Часта жанчынам патрэбныя проста «свабодныя» вушы. Мне расказваюць пра набалелае: сямейныя праблемы, сваркі з мужам, канфлікты на працы. Як той казаў, незнаёмаму чалавеку душу заўсёды лягчэй адкрыць, — распавядае мой новы «сябар». — Хутка дадатковую плату за паслугі псіхолага браць прыйдзецца.

У знак сімпатыі

Акрамя Алега, пра эскорт-паслугі размаўляла я з Дзімам і Кірылам. Першы па адукацыі ваенны псіхолаг (спадзяюся, гэта яму дапамагае ў «такой» працы). Зараз у хлопца свая справа — клінінгавая кампанія. Усю перапіску з кавалерам я вяла па электронцы. Па легендзе Дзіма ў якасці майго жаніха павінен быў суправаждаць мяне на сустрэчу з аднакурснікамі.

— Усе сяброўкі замужам, а ты не? Чаму? Можаш свой фотаздымак даслаць? — нечакана чую я.

— Навошта? Вы яшчэ выбіраць будзеце? Хто з нас заказчык?! — «абураюся» я.

— Не, гэта трэба для таго, каб бліжэй пазнаёміцца і не «спаліцца», — пачынае апраўдвацца мой суразмоўца.

Далей ён удакладніў стыль адзення, наш узровень стасункаў (жывём разам ці не, колькі сустракаемся, дзе пазнаёміліся і г.д.). Дзіма хацеў больш даведацца пра мяне, каб выдуманая гісторыя «вялікага кахання» здавалася праўдападобнай. Упэўненасць перад аднакурснікамі павінна была каштаваць мне 20 долараў (стартавая цана).

Хлопец паспеў падзяліцца тым, што «вось так» два гады таму пазнаёміўся з дзяўчынай, з якой у будучым збіраліся стварыць сям'ю. Але пара праз нейкі час разбеглася. «А можа, вы мой лёс?» — выказаў здагадку Дзіма.

Кірыл жа ў тэлефоннай размове адразу адзначыў: аб'яву размясціў так даўно, што... нават і забыў пра гэта.

— Вы ў мяне першы кліент. Калі спадабаемся адно аднаму, грошай за свае паслугі не вазьму. Чую па голасе, што вы мілая, — робіць камплімент хлопец. — Абыдземся келіхам віна і прыемнай размовай...

Быў яшчэ ў гэтым спісе хлопцаў Паша. На маё пытанне па тэлефоне, колькі каштуе гадзіна яго часу, мне адказалі, што я памылілася нумарам. А праз хвіліну прыслалі sms-паведамленне з тэкстам: «Мне нязручна зараз гаварыць, прысылайце свае прапановы наконт эскорт-паслуг на гэты адрас электроннай пошты».

Падыходы да «працы» ў хлопцаў аказаліся розныя. Адчуваецца, што самавукі і аматары...

* * *

У кавярні, нервова пазіраючы на гадзіннік, я папрасіла рахунак. На маё здзіўленне, аплаціць два кубкі кавы падахвоціўся Алег. Як правіла, у паслугі «хлопца на гадзіну» гэта не ўваходзіць — плаціць павінен заказчык. За саму паслугу мне зрабілі 50-працэнтную зніжку. Не ведаю, расцэньваць гэта як знак сімпатыі альбо як «бонус» сотаму кліенту?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».