Вы тут

Гульня з сімваламі


Выставачны праект Vіta-Ludі-Verіtas адкрыўся ў Нацыянальным мастацкім музеі.

У цэнтры ўвагі — творчасць трох вядомых беларускіх мастакоў, каля 60-ці палотнаў і думкі аб тым, як схавацца ад паўсядзённасці. Уладзімір Тоўсцік, Алена Шлегель і Уладзімір Ганчарук — майстры вельмі розныя. Але іх аб'ядноўвае асаблівае, філасофскае бачанне жыцця, любоў да сімвалаў, рэмінісцэнцый, адлюстравання глыбокіх унутраных перажыванняў ці ўражанняў. Карыстаючыся гістарычным і фантастычным «павелічальным шклом», яны кажуць пра суб'ектыўнае. Але ў той жа час — блізкае для ўсіх.


Карціны мастакоў здаюцца патаемнымі, вельмі інтымнымі, гучаць як споведзь, прызнанне. Жыццё, гульня і шчырасць — усё будуецца вакол гэтых паняццяў, зыходных пунктаў, якія вызначаюць быццё творцаў.

Уладзімір Тоўсцік асабліва востра адчувае штодзённасць, вышуквае ў звыклых вобразах таемны падтэкст, тое, што не на паверхні. Яго работы рэтраспектыўныя, быццам прыйшлі да нас з 1950-х ці 60-х, захоўваюць чароўнасць мінулага. Шмат перапляценняў, цытаванняў з розных эпох і стыляў, эклектыка. Любімая стыхія — гарадское асяроддзе з яго зменлівасцю і бесперапынным рухам, людзі ў натоўпе, якія раптам спыніліся, азірнуліся... Мастак ловіць погляды. Жанчына на беразе ракі выглядае як вячэрняя зорка. Дзяўчынка, што адлюстравалася ў старадаўнім люстэрку, чымсьці напалоханая. З-за пастаянных пераходаў у часе адчуваецца настальгія, але светлая — у рытмах начнога горада, водарах вясновых вуліц, ігры музыкантаў...

Жывапіс Алены Шлегель больш яркі, з мудрагелістымі сюжэтамі. Нібы музыка фарбамі. Многія элементы на карцінах пераплятаюцца, змешваюцца, утвараючы свой свет, асобны ад іншых. Аўтарка любіць звяртацца да сноў і мараў. Рамантычныя палотны мастачкі ўступаюць у барацьбу са штодзённасцю. Надзвычай вялікая палітра дэталяў, асацыяцый і алегорый стварае эфект каруселі — стаіш перад творам і ляціш у іншы свет. Гэта спроба сабраць з мноства ўражанняў, прычым разнародных, адзіную схему, жангліраванне маскараднымі, гратэскнымі прыёмамі і... жаноцкасць.

Уладзімір Ганчарук таксама спалучае рэальнасць і фантастыку, нібыта гуляе з уяўленнем гледача. Знакі на карцінах даюць падставу задумацца, апускаючыся ў карнавал сэнсаў. Магія, накладанне вобразаў адзін на аднаго — тут нармальная справа. Велізарныя львы, караблі-прывіды і кракадзілы на шахматнай дошцы — гэта, сапраўды, арыгінальна.

Зашыфраванасць, неадназначнасць жывапісу, прадстаўленага на выстаўцы, дае падставу паразважаць. Наколькі нашыя веды пра жыццё аб'ектыўныя? Ці існуе ўвогуле нейкая адна ісціна? Як убачыць больш, чым ловіць звычайны позірк, зазірнуць за браму звыклага?

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.