На нядаўнім міжнародным спецыялізаваным форуме ТІВО-2016 інтэрнэт-партал Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заняў першае месца ў намінацыі «Адукацыя і навука». У апошняй рэдакцыі Сусветнага рэйтынгу ўніверсітэтаў Webometrіcs Rankіng of World Unіversіtіes Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт увайшоў у тройку лепшых універсітэтаў СНД. Вышэйшыя навучальныя ўстановы ранжыруюцца ў гэтым рэйтынгу па паказчыках, якія характарызуюць прысутнасць універсітэта ў сусветнай інтэрнэт-прасторы. А электронная бібліятэка БДУ ў апошнім рэйтынгу Rankіng Web of World Reposіtorіes размясцілася на сотым месцы сярод бібліятэк універсітэтаў свету і заняла другое месца ў рэйтынгу бібліятэк краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Пра сусветныя трэнды ў інфарматызацыі адукацыі і «падводныя камяні» электроннага навучання мы гутарым з рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэмікам Сяргеем АБЛАМЕЙКАМ.
У рэчышчы сусветных тэндэнцый
— Сяргей Уладзіміравіч, у 2013 годзе ў БДУ была распрацаваная Канцэпцыя інфарматызацыі з разлікам на пяць бліжэйшых гадоў. Наколькі далёка ўдалося прасунуцца ў яе рэалізацыі?
— Пашырэнне прадстаўніцтва БДУ ў інтэрнэце — якраз адна з задач, прапісаных у нашай канцэпцыі, і мы з ёй, мяркую, паспяхова спраўляемся.
На сённяшні дзень у БДУ створана сучасная тэлекамунікацыйная інфраструктура. Агульная працягласць оптавалаконных магістраляў дасягае 50 кіламетраў!
Навучальныя і адміністрацыйныя карпусы ўніверсітэта, а таксама студэнцкія інтэрнаты, аб'яднаныя ў адзіную карпаратыўную сетку. Ва ўсіх навучальных і адміністрацыйных карпусах БДУ дзейнічаюць кропкі Wі-Fі. Пашыраны прапускныя здольнасці знешніх каналаў, прадугледжаны дадатковыя метады сеткавай бяспекі з улікам масавага падключэння да сеткі мабільных прылад студэнтаў і супрацоўнікаў.
Адзін са стратэгічных напрамкаў — развіццё «воблачных тэхналогій»: прымяненне апошніх гарантуе мабільнасць і актуальнасць адукацыйных рэсурсаў, зніжэнне выдаткаў на інфарматызацыю і магчымасць забяспечыць высокі ўзровень бяспекі інфармацыі.
«Воблачныя тэхналогіі» дазволяць студэнтам працаваць з праграмным забеспячэннем віртуальнай лабараторыі з любых камп'ютараў як у карпаратыўнай сетцы БДУ, так і дома, праз інтэрнэт, не ўсталёўваючы на гэтыя камп'ютары спецыяльнае праграмнае забеспячэнне.
Стварэнне адукацыйнага мультымедыйнага кантэнту (відэазапісаў лекцый, лабараторных дэманстрацый, запісаў відэаканферэнцый, навучальных відэаролікаў і г.д) — прыярытэтная задача інфарматызацыі ў БДУ. Для доступу да мультымедыйнага кантэнту ў найбліжэйшы час павінна быць укаранёная сістэма «відэа па запыце».
Паставіўшы задачу максімальнага ўключэння ў адукацыйны працэс асабістых персанальных камп'ютараў і камп'ютарных прылад, універсітэт перагледзеў тыпавыя канфігурацыі камп'ютарных класаў, якія функцыянуюць у «воблачнай» сістэме.
Мы лічым, што колькасць камп'ютараў у большасці класаў можа быць скарочана да 40-50% ад колькасці студэнтаў. Астатнія ж працоўныя месцы будуць абсталёўвацца зручнымі (праваднымі або бесправаднымі) сродкамі доступу ў сетку БДУ для падключэння асабістых мабільных камп'ютараў нашых студэнтаў.
Стэнфард і Прынстан становяцца бліжэй
— Цягам апошніх дваццаці гадоў сродкі навучання моцна эвалюцыянавалі. І сёння для таго, каб навучацца, зусім неабавязкова наведваць лекцыі. Тая ж інтэрнэт-акадэмія Хана прадастаўляе бясплатны доступ да больш чым 4 тысяч мікралекцый па самых розных дысцыплінах...
— У Злучаных Штатах Амерыкі, краінах Заходняй Еўропы, Паўднёва-Усходняй Азіі, а з нядаўняга часу і ў Расіі выразна акрэслілася новая тэндэнцыя — кааперацыя вядучых ВНУ для аб'яднання электроннага кантэнту і пераход да канцэпцыі адкрытага навучання. У чым яе сутнасць? Адкрытая адукацыя даступная фактычна любому ахвотнаму, незалежна ад яго зыходнага ўзроўню ведаў: яна выкарыстоўвае тэхналогіі і методыкі навучання на адлегласці і забяспечвае навучанне ў зручным рэжыме. Па сутнасці, адкрытая адукацыя рэалізуе патрэбы асобы ў бесперапыннай адукацыі, якія дыктуюцца сучасным грамадствам. Як правіла, адкрытая адукацыя развіваецца кансорцыумамі навучальных устаноў. Напрыклад, слухачамі вядомага праекта ў сферы масавай анлайн-адукацыі Coursera з'яўляюцца больш як 10 мільёнаў чалавек, якія вывучаюць каля 1000 курсаў ад больш чым 100 універсітэтаў. Сярод іх Стэнфард, Прынстан, Мічыганскі і Пенсільванскі ўніверсітэты...
Выгады, якія спрабуюць атрымаць удзельнікі найбуйнейшых кансорцыумаў адкрытай адукацыі, зусім не зводзяцца да імгненнага вяртання інвестыцый і неадкладнага атрымання прыбытку. Фактычна мы назіраем барацьбу за «месца пад сонцам» ва ўмовах, калі праз 10-15 гадоў анлайн-навучанне (як мінімум на ўзроўнях вышэйшай і дадатковай адукацыі) стане дамінуючым, а забяспечваць адукацыйны працэс ва ўмовах усеагульнай глабалізацыі будуць усяго некалькі сотняў (максімум — тысяч) універсітэтаў.
Чаму студэнты замаўкаюць?
— Няўжо дыстанцыйнае навучанне можа цалкам выцесніць з вышэйшай школы прафесара з крэйдай? І ўвогуле, ці не лічыце вы, што ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у навучальны працэс прынясе больш шкоды, чым карысці?
— У чымсьці вы маеце рацыю. Паўсюднае выкарыстанне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій прыводзіць да згортвання сацыяльных кантактаў. Найбольшыя цяжкасці для студэнтаў заўсёды ўяўляў пераход ад тэорыі да практыкі. На псіхалагічнай мове гэта праблема пераходу ад думкі да дзеяння. А пастаяннае ўзаемадзеянне з камп'ютарам можа толькі дадаткова ўскладняць такі пераход.
Пэўныя негатыўныя моманты ўзнікаюць ужо падчас выкарыстання сучасных пошукава-навігацыйных сістэм.
Гэта звязана са свабодай, якой не так проста распараджацца. Нелінейная структура знойдзенай інфармацыі падвяргае студэнта спакусе ісці ўслед за прапанаванымі спасылкамі. Пры няўмелым выкарыстанні гэта можа адцягнуць яго ад асноўнага рэчышча выкладання вучэбнага матэрыялу. Другая прычына — лішак інфармацыі, «інфармацыйны шум» або «інфармацыйнае смецце», якія суправаджаюць практычна любы запыт у інтэрнэце. І, як наступства, у студэнтаў фарміруецца мазаічнае мысленне.
Развіццё сістэм мультымедыя спарадзіла багацце інфармацыйных прадуктаў, «нашпігаваных» самымі рознымі відамі інфармацыі. Праблем тут дзве. Па-першае, кароткачасовая памяць чалавека валодае вельмі абмежаванымі магчымасцямі. Таму, калі студэнту адначасова паказваюць тэкст, які за кадрам агучваецца, тут жа дэманструюць анімацыйныя эфекты і пару малюнкаў, яго ўвага адцягваецца ад адных тыпаў інфармацыі, каб усачыць за іншымі, і студэнт прапускае важныя звесткі. Па-другое, мы ўсе адрозніваемся спосабамі ўспрымання інфармацыі. У залежнасці ад таго, якое паўшар'е мозга ў чалавека — вядучае, ён лепш успрымае або вобразы, або логіку выкладання. А калі ў адным слайдзе прэзентацыі спалучаецца і тое, і іншае, пакутуюць усе.
Да таго ж вучэбны дыялог студэнта і камп'ютара вельмі абмежаваны па сваёй логіцы. Як следства, складана арганізаваны навучальны матэрыял пачынае крышыцца на дробныя фрагменты, што не заўсёды апраўдана. Да таго ж пры пастаяннай працы на камп'ютары студэнт замаўкае. Орган аб'ектывізацыі мыслення чалавека — гаворка — аказваецца выключаным на працягу ўсіх гадоў навучання. Гэта асабліва характэрна для студэнтаў, якія навучаюцца дыстанцыйна. Але ёсць і несумненныя плюсы — гэта мабільнасць адукацыі. Доступ да інфармацыі і адукацыйных паслуг цяпер пастаянны — незалежна ад часу і месца знаходжання.
Як правіла, мабільнае навучанне абапіраецца на «воблачныя тэхналогіі», якія дазваляюць хутка актуалізаваць адукацыйны кантэнт, у тым ліку, з улікам аналізу паводзінаў і патрэбаў студэнтаў. Прычым эластычнасць «воблачных тэхналогій» дазваляе студэнту атрымліваць толькі неабходны яму аб'ём інфармацыі. Мабільныя і «воблачныя тэхналогіі» — галоўная платформа для развіцця адкрытай адукацыі.
Вучоба ў сацыяльных сетках
— А як вы ацэньваеце адукацыйны патэнцыял сацыяльных сетак?
— Сацыяльныя сеткавыя сэрвісы — сфера інфарматызацыі грамадства, якая развіваецца найбольш дынамічна. Яны прадастаўляюць карыстальнікам віртуальныя пляцоўкі, якія злучаюць людзей у сеткавыя супольнасці з дапамогай камп'ютараў і прылад з доступам у інтэрнэт. Пры гэтым не варта выпускаць з віду мэтазгоднасць стварэння для гэтых мэтаў спецыялізаваных прафесійных сетак (між іншым, такія сеткі ўжо створаны і паспяхова дзейнічаюць).
Выкарыстанне сацыяльных сеткавых сэрвісаў у адукацыйнай дзейнасці, як правіла, грунтуецца на самаарганізацыі актыўных студэнтаў альбо іх самаарганізацыі вакол актыўнага педагога.
Яшчэ адзін адукацыйны трэнд — гейміфікацыя. Ён мае два асноўныя напрамкі. Першы — гэта атрыманне новых ведаў і кампетэнцый ў працэсе гульнявой дзейнасці. Другі, не менш важны напрамак гейміфікацыі, — унясенне элементаў спаборніцтва ў адукацыйны працэс і магчымасць параўнаць свае вынікі з вынікамі іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Нарэшце, нельга не згадаць і такую форму кааперацыі студэнтаў, як калектыўнае выкананне заданняў, праектаў у складзе віртуальных каманд, спаборніцтвы паміж гэтымі камандамі і гэтак далей.
— І ўсё ж такі інфарматызацыя — даніна модзе ці за ёй будучыня?
— Я ўпэўнены, што правільна арганізаванае інфармацыйнае асяроддзе павышае ўзровень актыўнасці студэнта, развівае ў яго альтэрнатыўнае мысленне, фарміруе ўменне распрацоўваць стратэгію пошуку рашэнняў як навучальных, так і практычных задач, прагназаваць вынікі сваёй дзейнасці. Таму інфарматызацыю адназначна трэба лічыць перспектыўным кірункам для мадэрнізацыі ўсёй сістэмы адукацыі
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.