Вы тут

Рэйнджары атамнай зоны


Тады, у складаным 1986-м, чарнобыльская трагедыя не пакінула ўбаку нікога. На барацьбу з наступствамі аварыі накіравалі многіх: выратавальнікаў, вайскоўцаў... За парадкам на дарогах пры адсяленні людзей сачылі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, іншыя міліцыянеры выконвалі свае абавязкі ў 30-кіламетровай зоне адсялення. Сярод камандзіраваных апынуўся і Уладзімір ГІЦКІ, наш сённяшні суразмоўца.


«Радзіма загадала — паехаў»

— Службу ў міліцыі я пачынаў у крымінальным вышуку. Але папрацаваў там нядоўга. Генерал Генадзь Пукаў, тагачасны начальнік УУС Мінаблвыканкама, пачытаў асабістую справу, і мяне перавялі ў крымінальныя эксперты. І ўсю службу я правёў з фотакамерай у руках, — рэагуе на шчоўканне затворам фатографа Уладзімір Аляксандравіч, які выйшаў на пенсію ў званні палкоўніка міліцыі.

У зоне адсялення ў складзе зводнага атрада я апынуўся праз некалькі месяцаў пасля аварыі — у кастрычніку. Атрад складаўся з супрацоўнікаў упраўленняў унутраных спраў Брэсцкай і Мінскай абласцей. Атрымлівалася, што адзін міліцыянер у нарадзе быў з Брэста, а другі — з Мінска. Калі мы туды прыехалі, брастаўчане ўжо знаходзіліся там два тыдні і дапамагалі нам уваходзіць у курс спраў. Агулам у 30-кіламетровай зоне мы правялі месяц.

— Ці была магчымасць адмовіцца ад падобнай камандзіроўкі?

— А ў нас ніхто не пытаўся. Якраз летам у мяне нарадзілася дачка і ўжо праз некалькі месяцаў давялося з'ехаць. Жонка, магчыма, усцешана гэтым не была, аднак радзіма загадала — я паехаў.

— Памятаеце, калі ўпершыню даведаліся пра аварыю?

— Як і ўсе — праз некалькі дзён. Зразумела, першыя чуткі пайшлі раней. Аднак усё абмяркоўвалася на ўзроўні пагалосак, якіх было шмат. Цалкам усё стала вядома толькі пасля таго, як у прэсе з'явіліся першыя афіцыйныя паведамленні. Але панікі ўсё роўна не было. Людзі проста не ведалі, што насамрэч здарылася.

— Вам не было страшна туды ехаць? Ад Нароўлі да Чарнобыля ўсяго сто з нечым кіламетраў.

Я размаўляў са сваім таварышам, які быў там ужо праз два тыдні пасля выбуху. І тое, што ён мне распавёў, цалкам пацвердзілася. Розніца толькі ў тым, што ён дапамагаў людзям у адсяленні, а калі мы туды прыехалі, у вёсках ужо нікога не было. Па дарогах і вёсках блукалі здзічэлыя, галодныя сабакі, якія часам кідаліся на людзей, таму іх прыходзілася адстрэльваць. Але былі сабачкі, якія нават сябравалі з намі. На памяць у мяне захаваўся здымак, на якім я цісну аднаму з іх лапу. Той кастрычнік быў вельмі спякотным. Павырасталі ўсе сельскагаспадарчыя культуры. І ўбачыць у полі дзіка са сваім вывадкам было даволі лёгка.

«Начавалі ў пераабсталяваных школьных класах»

— Якія абавязкі вы выконвалі?

— Ахоўвалі парадак на тэрыторыі зоны, не дапускалі, каб чалавек патрапіў у забруджаную зону. Мы жылі ў Нараўлянскім раёне ў вёсцы Цешкаў. Начавалі ў пераабсталяваных школьных класах. Харчавацца нас вазілі на аўтобусе ў райцэнтр, да якога было прыкладна дваццаць кіламетраў. Што да нясення службы, у нас былі стацыянарныя пасты, што перакрывалі ўсе дарогі, пешыя патрулі, якія абыходзілі ўсе вёскі, мабільныя нарады...

— Людзі не спрабавалі вярнуцца ў свае вёскі?

— Наведваць 30-кіламетровую зону было цалкам забаронена. Усе перамяшчэнні мы павінны былі адсочваць. Хоць, безумоўна, людзі прыязджалі, прасіліся, каб ім дазволілі забраць з хат дакументы, рэчы, грошы з хованкі. Да падобнага мы ставіліся па-чалавечы. Людзей у дом пускалі, а пасля зноў апячатвалі дзверы.

— З марадзёрствам сутыкаліся?

— Так, мы нават затрымалі ўкраінцаў, якія ў адным з населеных пунктаў разбіралі хлеў, грузілі ўсё на трактар і спрабавалі яго кудысьці звезці. Дапускаю, што ў зоне маглі быць і браканьеры, але з імі мы не сутыкаліся. Вудзіць рыбу забаранялася. Яе было з лішкам, але ўсё навокал — забруджанае.

«Наш аўтобус мылі ў яме з вадой і спецыяльным растворам»

— У пакінутых хатах панаваў беспарадак?

— Не, у многіх дамах было чыста, прыбрана. Склалася ўражанне, што людзі загадзя рыхтаваліся да адсялення і спакойна збіраліся. Трэба дадаць, што ў дом мы маглі заходзіць толькі ў тым выпадку, калі была сарвана пячатка. У такім разе мы яго апячатвалі нанова.

— Вы на сабе адчувалі прысутнасць радыяцыі?

— Аднойчы, калі падзьмуў моцны-моцны вецер, адчуў у роце горыч, сухасць. Для асабістай бяспекі мы павінны былі насіць рэспіратары. Але як гэта магчыма ў такую спёку?! Нягледзячы на гэта, мы дакладна выконвалі інструкцыі, і праблем са здароўем ніхто не адчуваў.

Пасля кожнага выезду мы мусілі з шланга мыць машыну. Аўтобус, на якім нас вазілі ў сталоўку, мылі ў спецыяльнай яме, напоўненай вадой і растворам. Пасля патрулявання ўсе штодня абавязкова хадзілі ў лазню. Усю форму трымалі ў асобным памяшканні. Пасля таго, як мы з'ехалі дадому, яе, зразумела, знішчылі. Нам таксама забаранялася адхіляцца ад маршруту, каб не агалілі ўчастак, на якім можна было патрапіць у зону.

— На харчаванне не скардзіліся?

— Калі мы былі на службе, нам выдавалі даволі добры сухі паёк: тушонку, селядзец івасі, паштэты, мінеральную ваду. Кармілі пастаянна ў сталоўцы, у Нароўлі.

— Як адчувалі сябе ў час камандзіроўкі?

— Я не сказаў бы, што адчуваў у той час упадак сіл, галаўны боль. Ды і было мне тады не 61 год, як зараз. Арганізм быў моцны. У нас у атрадзе наогул ніхто не скардзіўся на самаадчуванне. Колькі нас прыехала ў зону, столькі вярнулася дадому. Хоць цяпер шэрагі таварышаў ужо парадзелі. Многія пайшлі з жыцця.

— Уладзімір Аляксандравіч, а ці вярталіся пасля ў Цешкаў?

— Патрапіць туды праблема. Гэта па-ранейшаму зона адчужэння. Хоць у многіх былых выселеных вёсках ужо зноў дазволілі жыць, апрацоўваць палі. Праз 15 гадоў пасля аварыі я праз Нараўлянскі раён ехаў у Адэсу. Праязджаў тыя мясціны, дзе калісьці нёс службу. Сэрца, вядома, сціскалася.

— Тэма Чарнобыля вас і сёння цікавіць?

— Так. Я ведаю, што многія самастойна ездзяць у чарнобыльскую зону, а пасля выкладваюць у сеціве ролікі. І мне часам бывае цікава паглядзець відэа, даведацца, што сталася з тымі вёскамі. Мяркую, захавалася там няшмат.

Ігар ШУНЕВІЧ, міністр унутраных спраў Беларусі:

— 26 красавіка 1986 года трагедыя ў Чарнобылі, якая ўвайшла ў гісторыю як самая страшная тэхнагенная катастрофа мінулага стагоддзя, чорным крылом накрыла нашу сінявокую Беларусь. На ліквідацыю наступстваў аварыі хутка былі накіраваны супрацоўнікі многіх міліцэйскіх падраздзяленняў рэспублікі. Яны паспяхова спраўляліся з арганізацыяй ачаплення, эвакуацыяй насельніцтва, патруляваннем, падтрымкай грамадскага парадку ў зонах адсялення і адчужэння. Зводныя атрады дзейнічалі самааддана, годна і мужна, не пахіснуліся перад небяспекай. У той момант наўрад ці нехта думаў, што выкананне прафесійнага абавязку пазней будзе лічыцца подзвігам. Ведалі адно: патрэбны неверагодныя высілкі, каб уціхамірыць «мірны» атам. Кожны на сваім участку імкнуўся зрабіць усё магчымае, а часам і немагчымае для агульнай бяспекі.

Пазаштатная сітуацыя падрывала здароўе людзей. Многія атрымалі разнастайныя дозы апраменьвання, адмаўляліся ад шпіталізацыі і працягвалі выконваць свае абавязкі, не звярталі ўвагі на прысмак жалеза ў роце, пяршэнне ў горле, галаўны боль. У самыя гарачыя месяцы пасля катастрофы ў іх не было часу на сябе і свае ўнутраныя адчуванні, бо слова «абавязак», «свядомасць», «загад» былі не пустым гукам. Сёння многіх ужо няма ў нашых шэрагах. Аднак мы памятаем пра іх і ніколі не забудзем, бо коштам сваіх жыццяў яны ратавалі нашы.

taras@zviazda.by

Фота Сяргея Нікановіча

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.