Вы тут

Лічыльнік «Звязды»


Перад апошнімі выхаднымі красавіка на рынку не прайсці — людзі спяшаюцца падрыхтавацца да свята. Назіраю вялікія чэргі па самы запатрабаваны прадукт — курыныя яйкі, і сама станаўлюся ў адну з іх. Людзі бяруць іх латкамі па некалькі дзясяткаў: адборныя аддавалі па 19 тысяч рублёў, першай катэгорыі — па 17, у іншым месцы яны былі са зніжкай — па 15 тысяч рублёў за дзясятак. Два дзясяткі перапяліных яек у скрынках каштавалі па 27 альбо 30 тысяч рублёў.


Самы час паласавацца вітамінным салатам з радысу, агуркоў, пятрушкі і зялёнай цыбулі. За якую суму атрымаем такі пачастунак? Радыску амаль паўсюль прапануюць па стандартным кошце — 21-22 тысячы рублёў за пучок. Аднак калі пахадзіць і прыглядзецца больш уважліва, можна знайсці на 6-7 тысяч рублёў танней. Агуркі пад інтрыгуючай назвай «Кураж» ідуць па 32 тысячы рублёў за кілаграм. Пучкі пятрушкі і кропу аддаюць па 6 тысяч рублёў, цыбулю-пяро — па 3-5 тысяч рублёў. Памідоры, у адрозненне ад агуркоў, прадстаўлены ў асартыменце значна шырэй: іспанскія таматы каштуюць 30 тысяч рублёў за кілаграм, беларускія — на 15 тысяч даражэйшыя, невялічкія «чэры» — па 45-50 тысяч рублёў, а польскія «малінавыя» стануць вашымі за 60-70 тысяч рублёў. Балгарскія перцы трапіліся як па кошце 25 тысяч рублёў за кілаграм, так і па 60-75 тысяч рублёў, што роўна двум кілаграмам цукіні альбо белай рэдзькі. Некаторыя гаспадыні любяць дадаваць у салату чырвоную цыбулю. Кілаграм бардовых ялцінскіх цыбулін аблегчыць ваш кашалёк на 50 тысяч. Айчынная цыбуля ідзе па 14-15 тысяч за кілаграм, затое цыбуля-сявок — па 55 тысяч рублёў за кілаграм. Буракі і морква прыкладна ў адной коштавай катэгорыі — 11-12 тысяч рублёў за кілаграм. Часнок аддаюць паштучна — 8 тысяч рублёў за галоўку.

Які ж вясенні салат без дапаўнення — зваранай маладой бульбачкі? Прапануюць яе па 30-35 тысяч рублёў за кілаграм. Бульба «ва ўзросце» значна таннейшая: можна адшукаць і па 6, і па 8 тысяч рублёў за кілаграм. Душа жадае чаго іншага? Калі ласка: бачкавыя агуркі ёсць у наяўнасці па 30 і па 40 тысяч рублёў за кіло. Квашаную капусту аддаюць за 30 тысяч рублёў, а свежую — за 20 тысяч рублёў за кілаграм.

Каля прылаўкаў з айчыннай садавіной назіраю невялікі ажыятаж: людзі актыўна бяруць беларускія яблыкі. Выбраць з чаго ёсць: тут і «ананасавыя», і «яблык-груша», «дэ коста» па 16 тысяч рублёў за кілаграм, і буйныя чырвоныя прыгажуны «чорны прынц» (даражэйшыя на 4 тысячы рублёў). Груша «канферэнцыя» атрымліваецца ў сярэднім па 27 тысяч рублёў за кілаграм, а сакавіты «дзюшэс мядовы» даражэйшы на 10 тысяч рублёў.

Пошукі танных бананаў скончыліся няўдала: лепшы варыянт, які мне трапіўся, быў з пазнакай «27» на цэнніку. Многія прадаўцы аддаюць спелыя вялікія бананы не менш як па 30 тысяч рублёў за кіло. Нават італьянскія ківі выходзяць танней на 5 тысяч рублёў за кілаграм. А іспанскія апельсіны і мандарыны, наадварот, атрымліваюцца даражэйшымі за бананы на 5 тысяч рублёў. Дарэчы, фаварытаў мінулага месяца — апельсінаў гатунку «вашынгтон» — на гэты раз на прылаўках не аказалася.

Даволі шмат на прылаўках і грэцкіх клубніц: кілаграм гэтага смакоцця аблегчыць ваш кашалёк на 85 тысяч рублёў. Вялізныя спаскуслівыя гранаты каштуюць даволі прыстойна — 70-80 тысяч рублёў за кіло — за такія грошы прапануюць і кілаграм ананасаў. На іншым прылаўку ўбачыла проста багатырскія плады: перуанскія гранаты па 150 тысяч рублёў — для дакладнасці давялося перазапытаць пра кошт. Але ў маёй торбе ўжо назбіраліся яблыкі і грушы розных сартоў, таму сустрэчу з загадкавымі гранатамі давялося адкласці на наступны раз.

Лічыльнік «Звязды»

(цэны за кілаграм, калі не пазначана іншае)

Сала хатняе, салёнае — 100-145 тыс.

Сала вэнджанае — 150 тыс.

Свініна (кумпяк) — 90-120 тыс.

Цяляціна (кумпяк) — 120-150 тыс.

Курыца (філе) — 60 тыс.

Кураня бройлернае — 34 тыс.

Фарш (свініна-цяляціна) — 60 тыс.

Паляндвіца — 200 тыс.

Бастурма (ялавічына) — 270 тыс.

Сардэлькі (цяляціна) — 80 тыс.

Карэйка вострая — 140 тыс.

Акунь сыравэнджаны — 165 тыс.

Селядзец атлантычны салёны — 70 тыс.

Фарэль слабасалёная — 450 тыс.

Масла вяршковае (200 г) — 16-19 тыс.

Алей рафінаваны (1 л) — 23-25 тыс.

Грэчка (800 г) — 19 тыс.

Рыс «Жасмін» (800 г) — 19 тыс.

Загаловак у газеце: Яйкі бяруць латкамі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?