Сонечныя промні, апошні дзень красавіка, заўтра - Вялікдзень. А сёння - Міжнародны дзень джазу.
Свята для ўсіх, хто калісьці спрычыніўся да самай вольнай музыкі, якая насамрэч не мае межаў, вызначаных канонаў, а мае мільёны самаадданых прыхільнікаў ва ўсім свеце. Ну вы, пэўна, ведаеце, з “буквароў”: джаз сфармаваўся на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў у Амерыцы як сінтэз еўрапейскай і афрыканскай музычнай культуры. Акадэмічны выраз, якія характарызуе не з’яву, а форму (якой тут няма, дакладней форма гэтая ўвесь час у руху). Больш дакладна нараджэнне джаза можна ахарактарызаваць як рэвалюцыю, што працягваецца дасюль, негледзячы на шматлікія заявы наконт смерці жанра.
Дарэчы, гісторыя ўзнікнення самога слова і яго першага з’яўляння ў друку -- таямніца, якая дакладна не высветлена. Хоць ёсць, пагадзіцеся значна аддаленыя перыяды ў гісторыі, якія вядомыя больш дакладна. А тут усяго стагоддзе… У якасці даты ўзгадваецца і 1912-ты, і 1913, таксама ёсць сакавік і красавік. “Амерыканскае лінгвістычнае таварыства дыялектаў называе “джаз” словам ХХ стагоддзя. Сустракаў версіі наконт таго, што слова ўжывалася яшчэ ў ХІХ стагоддзя як выкрык у неграў. Але існуе і мноства іншых версій паходжання слова «джаз». Да прыкладу: ад французскага "jaser" – балбатаць, ад афрыканскага "jaiza" – назва пэўнага тыпу гучання барабанаў, ад арабскага "jazib" – спакуснік. Яшчэ, кажуць, прэса тых часоў пісала пра бейсбольную “джаз-падачу” Бена (быў тады такі пітчар Portland Beavers (“Портлендскія Бабры”) Бен Хендэрсан). Ну і гэтак далей.
А гістарычна джаз быў блюзам, рэгтаймам, новаарлеанскай музыкай, а менавіта Jazz Music “канчаткова нарадзіўся” крыху больш чым стагоддзе таму -- у 1915-м, у Чыкага. З гэтага часу пачалося яго пераможнае шэсце па планеце. Першы Міжнародны дзень джаза (International Jazz Day) прайшоў адносна нядаўна -- у 2012 годзе. Аб увядзенні новай даты ў каляндар і вызначэння яе святкавання на 30 красавіка Генаральная канферэнцыя ЮНЕСКА абвясціла ў лістападзе 2011-га. Заснавальнікі назвалі джаз “сілай, якая садзейнічае міру, адзінству, дыялогу і пашырэнню кантактаў паміж людзьмі”. Сталіцамі Міжнароднага дня джазу ў розныя годы станавіліся Стамбул, Осака, Парыж, а сёння эстафету прымае Вашынгтон.
Джаз у кожнага -- свой. Ён гайдае на празрыстых хвалях, запальвае ў душы агеньчык, пераносіць у цудоўны свет. Нездарма гэтай музыкі так апасаліся ў савецкі час. Памятаеце: “сёння ён іграе джаз, а заўтра Радзіму прадасць…”. Думаю, гэта ўсё ў мінулым, а цяпер прыемна ўсведамляць, што Мінск далучыўся да джазавых гарадоў, у нас ладзяць шыкоўныя “опэн-эйры”. І беларуская сталіца ў такія часы насамрэч становіцца іншай -- прынамсі, так мне падаецца.
Шкада толькі, што на гэтых вечарынах ужо не пачуеш многіх любімых артыстаў. Бо іх ужо няма з намі. “Чалавек за раялем і дождж за акном. Адным словам -- літаратура”, -- так мог узгадаць, да прыкладу, Хуліа Картасар у сваёй “Гульні ў класікі” неверагоднага Тэлоніуса Монка. Прачнуўся сёння разам з вясновымі промнямі, узгадаў пра апошні дзень красавіка і ўключыў монкаўскі “Аpril in Paris”. Са святам, слухайце джаз!
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.