Вы тут

Наш Максім Багдановіч


Наш Якуб Колас... Наш Янка Купала... І — наш Максім Багдановіч. Успамінаючы вялікага паэта ў сувязі са 125-годдзем з дня яго нараджэння, мы зрабілі спробу адкрыць складнікі яго Велічы і Неўміручасці. Слова — літаратуразнаўцы і паэту Юліі Алейчанцы.


Арфей з народа

...Ад часу першага з'яўлення ў друку да апошніх творчых крокаў Максіма Багдановіча прайшоў усяго адзін дзясятак гадоў. Разумеючы, што ранні сыход немінучы, Максім Кніжнік тварыў з двайным энтузіязмам і руплівасцю, баючыся многае не паспець. Чытанне і пісанне лежачы, у знямозе, сталі для яго звычайнай справай...

Але гэта пазней. А ў 1907 годзе «Наша ніва» адразу ж пасля паступлення ў рэдакцыю надрукавала апавяданне шаснаццацігадовага гімназіста Максіма Багдановіча «Музыка». Аб значнасці такога прызнання і гаварыць не даводзіцца: гэтае грамадска-палітычнае і літаратурнае выданне пакінула, бадай, найбольшы след у гісторыі беларускай літаратуры дакастрычніцкага часу і стала сапраўды народным, любімым як інтэлігенцыяй, так і дробным сялянствам. Паказальнымі з'яўляюцца наступныя лічбы: за першыя тры гады існавання «Нашай нівы» (1906—1909) на старонках газеты было надрукавана 906 допісаў з 489 населеных пунктаў Беларусі. Такой аўтарскай актыўнасцю не магло пахваліцца тады ні адно афіцыйнае ці прыватнае выданне Мінска ці Вільні! Арганічным з'яўляецца публікацыя гуманістычнага і адраджэнскага па змесце прытчавага апавядання «Музыка» на старонках «Нашай нівы» менавіта ў гэты час. Курс выдання 1906—1907 гг. вызначаецца агітацыяй за дэмакратычныя рэформы, паступовы прагрэс праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, крытыка царызму набывае, так бы мовіць, больш памяркоўны і асветніцкі кірунак. Выратавальная сіла мастацтва, імкненне да святла і разняволення — даволі характэрныя для адраджэнскай думкі Беларусі тэмы.

Заўважым: менавіта алегарычная проза стала стартавай пляцоўкай для ўзлёту таленту Багдановіча, празаічныя творы якога пэўны час знаходзіліся ў цені яго паэтычных перамог. І гэта таксама здаецца сімптаматычным: менавіта з міфалагічнага, казачнага эпасу народаў свету пачыналася знаёмства будучага творцы з літаратурай. Ва ўспамінах бацька пісьменніка расказвае пра бабулю Анэлю, «выдатную расказчыцу народных казак», для якой «перадача казачнага сюжэта было творчым актам». А яшчэ дзеці сям'і Багдановічаў з маленства ведалі «Рустэма і Зараба», «Іліяду», «Калевалу»... Вядома, наіўна думаць, што крыніцай творчага натхнення для напісання «Музыкі» былі толькі творы фальклорныя. Відавочна, была вядомая цікаўнаму Максіму і літаратурная арфічная традыцыя апявання мастацтва. Творчая «перакадзіроўка» міфапаэтычных традыцый для ўвасаблення іх у новай мастацкай прасторы здзяйснялася ў беларускай літаратуры і да Багдановіча У. Сыракомлем, В. Дуніным-Марцінкевічам, Ф. Багушэвічам, А. Абуховічам, але так глыбока непасрэдна яшчэ не рабілася. Відавочна, гэта адбылося ад таго, што тэма голасу з народа, творцы-чараўніка была вельмі блізкая і набалелая для аўтара. Бо за «не свае» тэмы прынцыповы аўтар ніколі не браўся, пра што яскрава сведчыць яго пазнейшы ліст у тую ж «Нашу ніву»: «Дзякую... за тэмы. Я, канечне, апрацую колькі з іх, але не ўсе, бо яны ахопліваюць толькі першыя часы жыцця Беларусі, калі яна мала рознілася ад іншай Русі. Ці ёсць у ХІ — ХІІ вяках сур'ёзная розніца між бытам якіх-небудзь дрыгавічоў і, напрыклад, вяцічаў? Пэўна, што не. Куды цікаўша апісываць Беларусь ХVІ і ХVІІ стагоддзяў. Тады і мясцовая, карэнная культура адстаялася і выкрышталізавалася ў цвёрдыя, своеабразныя формы...»

Але не будзем усё ж паўтараць клішыраваную, аксіяматычную ў савецкім літаратуразнаўстве думку аб тым, што «Музыка» — гэта творчы маніфест Максіма Багдановіча, квінтэсэнцыя яго творчых задум. Прытча пра народнага музыку, безумоўна, выяўляе творчае крэда пісьменніка. Але яго першы друкаваны твор усё ж такі даволі просты і традыцыйны (у польскіх рамантыкаў, напрыклад, ужо была створана немалая галерэя вобразаў мастакоў з народа), хоць і выяўляе добрае, ні ў якім разе не вучнёўскае, а разняволенае валоданне стылем і мастацкім словам, творчы ўзлёт фантазіі і разуменне магчымасці служэння сюжэта ўласным грамадскім ідэалам. Да таго ж пасля «Музыкі» Багдановіча беларускія творцы надалі тэме Арфея з народа сусветнае гучанне (размова пра «Курган» Янкі Купалы, «Сымона-музыку» Якуба Коласа і шэраг наступных выдатных твораў).

«А бывала яшчэ й так, што музыка быццам вырастаў у вачах людзей, і тады граў моцна, гучна: гудзяць струны, дзваніць рымка, бас, як гром, гудзіць і грозна будзіць ад сну і завець ён народ. І людзі падымалі апушчаныя голавы...» — пісаў малады М. Багдановіч 110 гадоў таму. Цікава, ці ўяўляў ён тады, наколькі сам вырасце ў вачах народа? Так ці не, аднак песня Музыкі-Максіма трывожыць і нас, сённяшніх.

Максім Багдановіч

Музы́ка

Жыў на свеце музыка. Многа хадзіў ён па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы. І плакала ў яго руках скрыпка, і такая была ў яго гранні нуда, што аж за сэрца хапала...

Плача скрыпка, льюць людзі слёзы, а музыка стаіць і выводзіць яшчэ жаласней, яшчэ нудней. І балела сэрца, і падступалі к вачам слёзы: так і ўдарыўся б груддзю аб зямлю, ды ўсё слухаў бы музыку, усё плакаў бы па сваёй долі...

А бывала яшчэ й так, што музыка быццам вырастаў у вачах людзей, і тады граў моцна, гучна: гудзяць струны, дзваніць рымка, бас, як гром, гудзіць і грозна будзіць ад сну і завець ён народ. І людзі падымалі апушчаныя голавы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы.

Тагды бляднелі і трасліся, як у ліхаманцы, і хаваліся ад страху, як тыя гадзюкі, усе крыўдзіцелі народу. Многа іх хацела купіць у музыкі скрыпку яго, але ён не прадаў яе нікому. І хадзіў ён далей меж бедным людам і граннем сваім будзіў ад цяжкага сну.

Але прыйшоў час, і музыкі не стала: злыя і сільныя людзі кінулі яго ў турму, і там скончылася жыццё яго... І тыя, што загубілі музыку, узялі яго скрыпку і пачалі самі граць на ёй народу.

Толькі іхняе гранне нічога людзям не сказала. «Добра граеце,— гаварылі ім,— ды ўсё не тое!» І ніхто не мог растлумачыць, чаму ад грання музы́кі так моцна білася сэрца бедакоў. Ніхто не ведаў, што музыка ўсю душу сваю клаў у ігру. Душа яго знала ўсё тое гора, што бачыў ён па людзях; гэта гора грала на скрыпцы, гэта яно вадзіла смыкам па струнах; і ніводзін сыты не мог так граць, як грала народнае гора.

Прайшло шмат гадоў з таго часу. Скрыпка разбілася. Але памяць аб музыку не згінула з ім разам. І з-памеж таго народу, катораму ён калісь граў, выйдуць дзясяткі новых музыкаў і граннем сваім будуць будзіць людзей к свету, праўдзе, брацтву і свабодзе...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».